Рэальныя даходы беларусаў упалі ўжо мацней, чым падчас крызісаў 2011 і 1999 гадоў. Што далей?


Эканаміст кажа, лепей не будзе, але ўрад і Нацбанк пакуль што прынамсі не збіраюцца паўтараць ранейшых памылак, ад якіх можа стаць яшчэ горш.

Беларускія рублі.
Фота: Белсат

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту, рэальныя наяўныя даходы беларусаў за студзень – чэрвень 2022 года ўпалі на 2,7 % адносна даходаў у студзені – чэрвені 2021-га. Падзенне пачалося пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне: у сакавіку рост даходаў спыніўся амаль на нулі, за студзень – красавік даходы ўпалі на 1,2 %, за студзень – травень – на 2,1 %.

Глядзім на ўсе даступныя звесткі Белстату: ёсць тэмпы росту рэальных наяўных даходаў з 1990 года, у якім БССР дэкларавала дзяржаўны суверэнітэт. Прымаем даходы мінулага 1989 года за 100 – на канец 2021 года маем 534 умоўныя адзінкі даходу.

Рэальныя наяўныя даходы ў Беларусі ў параўнанні з 1989 годам. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Калі даходы працягнуць падаць такімі тэмпамі, як за чэрвень (на 0,6 адсоткавага пункта), дык паводле вынікаў 2022 года будзе падзенне на 6,3 % – застанецца 93,7 % адносна даходаў 2021 года. Гэта будзе параўнальна з падзеннем даходаў у 2015 і 2016 гадах (адпаведна на 5,9 % і 6,9 %). І нават калі падзенне даходаў паводле вынікаў года спыніцца на цяперашніх 2,7 %, гэта будзе мацней за крызісы 2011 (тады даходы ўпалі на 1,1 %) і 1999 года (на 2,4 %).

У пачатку 1990-х, вядома, было горш, але тады Беларусь перажывала пераход ад планавай да рынкавай эканомікі  пасля распаду Савецкага Саюзу, які, у сваю чаргу, распадаўся на фоне наймацнейшага працяглага эканамічнага крызісу і татальнага дэфіцыту.

Аналітыка
Дзе таннейшыя прадукты? «Закупіліся» на 50 тавараў у Беларусі, Польшчы, Украіне, Літве і Грузіі
2022.06.19 09:05

Што гэта за лічбы?

Яны паказваюць, колькі тавараў і паслугаў можна купіць у параўнанні з мінулым годам. То бок у 2021 годзе беларусы ў сярэднім маглі купіць у пяць разоў больш, чым у 1989 годзе, але на даходы за першую палову цяперашняга года могуць купіць на 2,7 % менш, чым маглі купіць за першую палову мінулага.

Белстат тлумачыць гэты паказнік так:

  • Рэальныя наяўныя грашовыя даходы – адносны статыстычны паказнік, разлічаны шляхам дзялення намінальных тэмпаў росту наяўных грашовых даходаў насельніцтва на індэкс спажывецкіх цэнаў на тавары і паслугі.

Важна таксама разумець, што:

  • Грашовыя даходы ўсіх беларусаў складаюцца з заробкаў (у 2021 годзе яны ўносілі ў сумарны даход 65,2 %), трансфераў насельніцтву – пенсіяў, стыпендыяў ды іншых выплатаў (22,6 %), даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці (7,8 %), даходаў ад уласнасці ды іншага (4,4 %).
  • Індэкс спажывецкіх цэнаў лічаць паводле фіксаванага набору тавараў і паслугаў: бяруць цэны на 156 харчовых тавараў, 245 нехарчовых тавараў і на 84 паслугі. Дзе менавіта бяруць гэтыя цэны (у «Еўраопце», на Камароўскім рынку ці дзесьці яшчэ), не пішуць – проста «збіраюць непасрэдна ў месцах рэалізацыі».
  • То бок гэта не даход сярэднестатыстычнага беларуса адносна ягонага спажывецкага кошыка, а даходы ўсіх сумарна, падзеленыя на колькасць насельніцтва, адносна шырокага набору тавараў, выбранага Белстатам, а зусім не на тую канкрэтную грэчку, што вы хочаце купіць.

Белстат падлічвае таксама пакупніцкую здольнасць у асобных прадуктах: у розных відах мяса, у малацэ і яйках, у цукры і муцэ, у рысе і макароне, у моркве і яблыках, у мужчынскіх кашулях і жаночых спадніцах, у пральных машынах і паездках на гарадскім аўтобусе…

Напрыклад, у кілаграмах мяса птушкі (відаць, гаворка пра курку) «пакупніцкая здольнасць сярэднедушавых наяўных даходаў насельніцтва на месяц» выглядала так:

Колькі кг мяса птушкі можна купіць за сярэднедушавы наяўны даход на месяц. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

А ў кілаграмах бульбы – так:

Колькі кг бульбы можна купіць за сярэднедушавы наяўны даход на месяц. Звесткі: Белстат. Выява: Белсат

Звестак пра пакупніцкую здольнасць за 2022 год пакуль няма.

Дарэчы, да статыстыкі Белстату ёсць пытанні. Напрыклад, сярэдні налічаны заробак і нават медыянны заробак вельмі далёкія ад таго, якія заробкі прапануюць беларусам на сайтах вакансіяў. Пра рост цэнаў беларусы нярэдка кажуць: адчулі значна большы рост за афіцыйны паказнік інфляцыі (мы правяралі: пры афіцыйнай інфляцыі 8,5 % за люты – травень пабачылі рост цэнаў на розныя наборы тавараў на 9,22 %, 10,61 % і 17 %).

Аналітыка
У Беларусі растуць афіцыйныя заробкі. Ці багацеюць беларусы?
2022.07.26 08:29

Што будзе далей? Спыталі эканаміста

Эканаміст Леў Марголін кажа «Белсату», што не бачыць ніякіх знакаў, каб сітуацыя з даходамі стала лепшай. Ад палітыкі беларускіх уладаў цяпер залежыць хіба тое, наколькі стане горш:

«Калі ўсё будзе працягвацца так, як цяпер, я думаю, што падзенне даходаў будзе паводле вынікаў года меншым за 10 %, – разважае Марголін. – То бок будзе 90 з нечым адсоткаў ад мінулага года».

Але калі ўрад і Нацыянальны банк захоча за кошт людзей дапамагчы айчыннай прамысловасці, то бок разгарнуць ільготнае крэдытаванне, уключыць друкарскі станок, можа быць нашмат большае падзенне.  Пакуль што, гледзячы па тым, як яны паводзяцца ў першую палову года, я схіляюся да думкі, што ў іх хопіць розуму не рабіць грубых памылак».

Леў Марголін.
Фота: прэс-служба АГП

Нягледзячы на палітычны крызіс і ўвядзенне санкцыяў, у 2021 годзе даходы беларусаў выраслі, калі верыць Белстату. Марголін тлумачыць: год быў вельмі ўдалы для беларускай эканомікі дзякуючы экспарту, у тым ліку калійных угнаенняў і нафтапрадуктаў. Санкцыі былі яшчэ не такія моцныя, дый ёсць пэўны перыяд паміж увядзеннем санкцыяў і пачаткам іх уздзеяння на даходы насельніцтва. Да таго ж, у беларускіх прадпрыемстваў ёсць «звычка»: нават калі няма куды збываць прадукцыю, яе вырабляюць «на склад» і спадзяюцца прадаць потым. Калі ва ўсіх краінах змяншалася вытворчасць у сувязі з каронавірусам, у Беларусі яна заставалася на прыблізна дапандэмійным узроўні – і, як аказалася, эканамічны сэнс у гэтым быў.

Але замежнагандлёвы цуд скончыўся, а санкцыі цяпер нашмат мацнейшыя.

Ці будуць масавыя пратэсты?

У 2011 годзе нават меншае падзенне даходаў выклікала працяглыя «маўклівыя пратэсты», але ў 2015–2016 гадах большае за цяперашняе падзенне даходаў прайшло амаль незаўважна – нават на прэзідэнцкія і парламенцкія выбары пратэсты былі не надта масавыя, а страйк прадпрымальнікаў быў звязаны не наўпрост з падзеннем даходаў, а з указам, які рабіў дзейнасць прадпрымальнікаў яшчэ цяжэйшай.

Марголін удакладняе: падзенне даходаў 2015–2016 года не прайшло незаўважна. Тыя, хто жыве на заробкі і пенсіі, яшчэ як яго заўважылі. Іншая справа, што не адрэагавалі. Чаму – гэта ўжо складанае пытанне, якое залежыць ад шматлікіх чыннікаў. Нават калі цяпер падзенне будзе больш істотным, немагчыма прадказаць, выйдуць ці не выйдуць людзі на вуліцы.

Інтэрв’ю
Калі мірны пратэст пахаваны, то гвалт непазбежны? Спыталі Азарава і Кавалькову
2022.08.17 08:30

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў