Арэстовіч пра «скасаванне» беларусаў і расейцаў ва Украіне: «Вы добраахвотна дадалі ворагу патэнцыял»


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч у сваіх сацсетках раскрытыкаваў і назваў слабымі суграмадзянаў, якія заклікаюць да «скасавання» і ганення ўсіх расейцаў і беларусаў.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч.
Фота: Аляксей Арастовіч / Instagram

«Гэта не Расея з Беларуссю прымушае вас тупіць і ненавідзець. Вы тупілі і ненавідзелі заўсёды, «Расея» вам у зручнае апраўданне. Слабыя выбіраюць самыя простыя рашэнні. А пад ціскам – і самыя дурныя», – напісаў Арэстовіч.

Паводле яго, «разбірацца ў нюансах цяжка, прасцей усіх ненавідзець і адмаўляць».

«Вашая слабасць – гэта тысячы страчаных для франтоў, унутраных і вонкавых, беларусаў і расейцаў, ад шараговых байцоў да спецыялістаў і мільянераў. Гэта дзясяткі і сотні тысяч тых, хто вагаецца, якія маглі б стаць на наш бок – хоць бы ўнутранай нязгодай – і не стануць. Гэта рэсурсы, якія яны маглі б сабатаваць у нашых ворагаў, ці нават перанакіраваць да нас. А зараз вам самім давядзецца аплаціць гэтыя рэсурсы. За вашую слабасць і глупства заплацяць тысячамі жыццяў вашыя блізкія і родныя. А можа, і вы», – адзначыў дарадца Уладзіміра Зяленскага.

Пры гэтым ён прадказаў цяжкія наступствы для Украіны ад працягу такой палітыкі.

«Разумны шукае хаўруснікаў, дурань адштурхвае сяброў. Трыццаць гадоў Крэмль шукаў спосабы нас спрасціць і атупіць, а вы зрабілі гэта за яго самі – за паўгода», – лічыць Арэстовіч.

Ён падкрэсліў, што той, «хто ўмее ваяваць, не аддае суперніку рэсурсы – ён забірае іх у яго». А «вы ўзяліся змагацца з супернікам, які ў дзясяткі разоў магутнейшы паводле патэнцыялу, і – добраахвотна дадалі яму патэнцыял».

Hавiны
Спікер паветраных сілаў ЗСУ: Беларускія партызаны надзвычай добра дапамагаюць Украіне
2022.08.11 09:31

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў