Ці магчымы наркатрафік з Афганістану ў краіны ЕЗ праз Беларусь? Раней гэтым пагражаў Лукашэнка


Афганістан – гэта краіна, якая была і ёсць традыцыйным цэнтрам вытворчасці опіуму і вырошчвання опіумнага маку. І плыні наркатрафіку традыцыйна кантралююць менавіта талібы. Эксперт у рэгіёне Сярэдняй Азіі на ўмовах ананімнасці распавёў «Белсату», ці магчымы трафік наркотыкаў праз Беларусь, як гэта раней пагражаў краінам Захаду Лукашэнка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чалец сіл талібаў (у цэнтры) стаіць ля Міжнароднага аэрапорту імя Хаміда Карзая ў Кабуле, Афганістан. 16 жніўня 2021 года.
Фота: Reuters / Форум

Талібы прыйшлі да ўлады ў Афганістане не першы раз. У 2000 годзе яны распачалі сваю палітыку ў краіне з таго, што ўвогуле забаранілі вырошчваць мак. Але гэта было зроблена з мэтаю спадабацца краінам Захаду, каб не раздражняць міжнароднай супольнасці. Вось толькі праз іншыя падзеі ў 2001 годзе тут пачалася вайна: ЗША і саюзнікі прыйшлі ў краіну, бо талібы далі прытулак міжнародным тэрарыстам.

«Падчас вайны з 2000 да 2020 года талібам, якія ўвесь час працягвалі супраціў войскам ЗША, патрэбныя былі сродкі. Частку сродкаў ахвяравалі некаторыя асобы з замежных краінаў, якія спачувалі талібам. Але галоўнаю крыніцаю паступленняў было незаконнае распрацоўванне радовішчаў карысных выкапняў, абкладанне данінаю мясцовых людзей. Вядома, што ў такой сітуацыі яны не маглі абмінуць і такой крыніцы прыбыткаў, як наркабізнес і наркатрафік», – распавёў «Белсату» на ўмовах ананімнасці эксперт у рэгіёну Сярэдняй Азіі.

Hавiны
Хто такія талібы, якія захапілі Афганістан і нарабілі шораху ў свеце
2021.08.17 07:48

Эксперт адзначае: з моманту, калі пачалася вайна ў 2000 годзе, пачаўся рост аб’ёму наркатрафіку з Афганістану. А ў 2020 годзе быў вельмі імклівы рост вытворчасці наркотыкаў, нягледзячы нават на пандэмію каронавіруса.

Паводле падлікаў ААН, летась талібы атрымалі ад незаконнай здабычы карысных выкапняў 464 мільёнаў долараў, а прыбытак ад наркагандлю склаў 460 мільёнаў долараў.

«Увогуле наркабізнес у моманты пікаў, а гэта з 2010 да 2020 года, дасягаў нават да 7 % ад ВУП краіны. Вядома, тут ацэньваць складана, статыстыкі надзейнай няма. Толькі падлікі экспертаў. ЗША змагаліся з наркабізнесам у Афганістане, але ў выніку ўсё роўна назіраецца рост. Прычым былі гады, калі ўраджаі пшаніцы былі вельмі слабыя, але пры гэтым афганскія сяляне не адмаўляліся ад вырошчвання маку, бо гэта прыносіць большы прыбытак», – кажа эксперт.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чальцы сіл талібаў правяраюць машыну на вуліцы ў Кабуле, Афганістан. 16 жніўня 2021 года.
Фота: Reuters / Forum

Наркатрафік з Афганістану

Геаграфія наркатрафіку з Афганістану насамрэч даволі шырокая. Опіум з Афганістану паступае не толькі ў краіны ЕЗ, Расею, але і шматлікія іншыя краіны свету.

«Прасачыць усё даволі складана. Але вядома, што талібы трымаюць пад сваім кантролем не толькі вырошчванне маку і вытворчасць наркотыкаў, але нават трафік і дылераў на месцах, з гэтага таксама яны маюць прыбытак», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Эксперт кажа, што трафік ідзе рознымі каналамі да мора, там марскім шляхам у асноўным, бо няма межаў.

«Некалі я сустракаў інфармацыю нават пра такія самаробныя катапульты, якімі перакідвалі сваю прадукцыю праз іранскую мяжу. Але не бяруся сцвярджаць, што сапраўды такое мела месца і ёсць значным маршрутам», – кажа наш суразмоўца.

Таму, падсумоўвае эксперт, галоўнае – спроба даставіць наркотыкі да мора, а там ужо опіум распаўсюджваюць паўсюль.

Hавiны
Талібы ўвайшлі ў Кабул, прэзідэнт Афганістану пакінуў краіну
2021.08.15 19:53

Ці магчымае месца Беларусі ў наркатрафіку?

Раней Лукашэнка неаднаразова агучваў пагрозы краінам Захаду, што Беларусь можа спыніць не толькі кантроль уцекачоў на сваёй мяжы, але таксама прыпыніць кантроль і наркотыкаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Памежны пераход паміж Афганістанам і Пакістанам быў «цалкам апячатаны» пакістанскімі ўладамі. Мяжа цалкам закрытая праз прыбыццё талібаў. Пэшаўар, Пакістан. 15 жніўня 2021 года.
Фота: Hussain Ali / Zuma Press / Forum

«Калі паглядзець на геаграфічнае размяшчэнне, то ў прынцыпе тэарэтычна можна ўявіць сабе калідор праз Цэнтральную Азію ў Беларусь і далей у Еўропу. Але гэта даволі доўгі шлях і даволі шмат межаў, шмат пасярэднікаў. У выніку канцавы прадукт, умоўна скажам, на вуліцах еўрапейскіх гарадоў, можа быць вельмі дарагім. Гэта даволі насамрэч клопатная справа, з улікам таго, што памежныя і мытныя органы з боку ЕЗ будуць вельмі пільна за гэтым сачыць. І тут будзе даволі складана знайсці магчымасць для перавалкі наркотыкаў. Таму я думаю, што наўрад ці на гэта можна сур’ёзна глядзець як на істотную крыніцу рэсурсаў. Такая спакуса узнікае, але калі рэальна праглядзець, то складана пралічыць, што будуць нейкія дывідэнды», – адзначае эксперт.

Hавiны
Лукашэнка пра нелегальную міграцыю: «Мы ніколі не будзем нікога трымаць, яны ж не да нас ідуць»
2021.07.06 13:31

Гэтак жа вельмі малаверагодна, што ўлады Беларусі змогуць выкарыстаць уцекачоў для пашырэння міграцыйнага крызісу на заходніх межах.

«Складана наладзіць каналы пастаўкі ўцекачоў у Беларусь. Напрыклад, беларусаў з Кабулу эвакуявалі ўкраінцы. Калі паспрабаваць наладзіць такі бізнес з талібамі? Але рэч у тым, што ў ЕЗ цяпер гучаць меркаванні, што краіны Захаду мусяць стварыць калідор дзеля ратавання афганцаў, якім пагражае небяспека. Таму пакуль улады Беларусі будуць ствараць каналы перавозу мігрантаў, Еўропа ў гэты момант можа цалкам легальна завезці да сябе ўцекачоў».

Эксперт таксама звяртае ўвагу, што цяпер талібы імкнуцца прадэманстраваць сваю міралюбнасць і цывілізаванасць. Яны абяцаюць нікога не чапаць, гучаць заклікі разам развіваць краіну. Але пакуль усе ў чаканні, каб спраўдзіць, наколькі словы адпавядаюць рэчаіснасці.

Аб’ектыў
«Талібан»: наступствы для Беларусі
2021.08.16 23:21

СК belsat.eu

Стужка навінаў