Следчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць дзяўчыны загінулага беларуса Шышова


Акцыя памяці Віталя Шышова каля амбасады Беларусі ў Кіеве.
Фота: АА / Белсат

Супраць сяброўкі загінулага ў Кіеве кіраўніка «Беларускага дому ва Украіне» Віталя Шышова ў Беларусі распачалі крымінальную справу.

У дачыненні да Бажэны Жолудзь заведзеная справа паводле артыкулу аб «закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі» – ч. 3 арт. 361 КК.

«У жніўні 2021 года падазраваная, знаходзячыся каля амбасады Беларусі ва Украіне, заклікала да масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады», – паведамілі БелТА ў Следчым камітэце.

Фотарэпартаж
У Кіеве і Вільні адбыліся акцыі памяці Шышова. Фотарэпартаж
2021.08.03 20:57

Нагадаем, што раніцай 2 жніўня Віталь Шышоў выйшаў на прабежку і знік. А зранку 3 жніўня яго знайшлі павешаным на ўскрайку Кіева. Беларусы ў Кіеве каля амбасады сваёй краіны зладзілі акцыю памяці загінулага актывіста. Сярод удзельнікаў той акцыі была і Бажэна Жолудзь.

Адзначым, што беларускія ведамствы не паведамлялі пра пачатак крымінальнай справы па факце забойства Віталя Шышова.

Між тым прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даручыў Службе бяспекі і Міністэрству ўнутраных справаў вывучыць усе рызыкі і гарантаваць безумоўную абарону грамадзянам Беларусі, якія прыехалі ва Украіну цягам апошняга года, і якім могуць пагражаць злачынныя замахі ў сувязі з палітычнай ці грамадскай дзейнасцю.

Артыкулы
Зяленскі даручыў праваахоўным органам Украіны гарантаваць ахову беларусам, якім можа пагражаць небяспека
2021.08.04 15:38

МГ belsat.eu

Стужка навінаў