«Прасілі сказаць, што не ўсе сілавікі кепскія». Праваабаронца Наста Лойка падзялілася падрабязнасцямі сваёй справы


Праваабаронца Наста Лойка з арганізацыі «Human Constanta» правяла тры дні ў менскім ізалятары на завулку Акрэсціна. Яе вызвалілі 16 жніўня, праз 72 гадзіны пасля затрымання супрацоўнікамі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў, але пакінулі ў статусе падазраванай у «спрыянні ў нясплаце падаткаў».

Наста Лойка.
Фота: ІА / Белсат

Наста Лойка расказала «Белсату» пра затрыманне, умовы на Акрэсціна і пра свой погляд на палітычны пераслед.

Была гатовая да Акрэсціна, але ўсё адно будзе пісаць скаргі на бесчалавечныя ўмовы

Пасля зняволення Лойка кажа, што адчувае сябе нармальна: тры дні – не так крытычна. Пра ўмовы ў ізалятары яна шмат чытала і да гэтага рыхтавалася, але ўсё роўна шмат чаго яна расцэньвае як бесчалавечнае абыходжанне. Лойка збіраецца падаваць шэраг скаргаў.

«Асноўныя прэтэнзіі, што там было самым цяжкім, гэта кругласуткавае вельмі яскравае святло, вельмі шумна на калідорах, вельмі цяжка спаць праз святло і шум, вельмі кепскай якасці ежа, не было нічога свежага, адзін раз толькі прынеслі квашаную капусту, – пералічвае яна. – Калі б у мяне не было мінімальна з сабой ежы, было б зусім цяжка. Плюс цёплае пітво не заўжды выдавалі, на вячэру не давалі нічога цёплага піць, а з крану вада была не вельмі смачная…»

Супрацоўнікі ізалятару паводзілі сябе па-рознаму. Былі і тыя, хто крычалі на калідоры, ужывалі шмат нецэнзурнай лексікі. На Лойку крычалі, калі яна прасіла вывесці зняволеных на прагулку ці ў душ (за тры дні ні разу не вывелі).

Артыкулы
«Гэта Асвенцім». Пасля 20 дзён на Акрэсціна ў лідара «Маладога фронту» пачаліся праблемы са здароўем
2021.07.25 15:11

Зменнае адзенне адабралі, пакінулі толькі гігіенічныя сродкі. Першыя паўтара дня для Лойкі найвялікшай праблемай было тое, што яе пасадзілі ў камеру, дзе зусім не было чым заняцца, а кнігі пры паступленні ў ізалятар забралі. У нядзелю яе перавялі ў камеру, дзе яшчэ і не было матрацаў і коўдраў – там спаць было вельмі халодна і балюча.

«Туалетную паперу даюць, фельчар прыходзіць, але ў астатнім на любыя просьбы казалі, што перададуць старэйшым, спытаюць, але нічога не вырашалася, – дадае Наста Лойка. – Я прасіла таксама адвесці мяне на прыём да начальніка ізалятару, але і гэтага не зрабілі».

Праваабаронца Наста Лойка.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Затрымалі на выхадзе з клінікі

Лойка расказвае, што апошнія некалькі месяцаў не карысталася мабільным тэлефонам, таму сілавікі маглі мець складанасці з тым, каб яе знайсці. Але, кажа, не хавалася і жыла ў тым месцы, якое пазначала зваротным адрасам на лістах зняволеным.

Ды яна запісалася да медыкаў у цэнтр «Лодэ», а той нагадвае SMS-паведамленнем пра час прыёму. У мінулую пятніцу, калі яна выходзіла з медцэнтру, яе дагналі два супрацоўнікі ДФР і папрасілі прайсці з імі. Адразу сказалі, што выконваюць загад цэнтральнага апарату Следчага камітэту, што даставяць у СК дзеля дачы паказанняў у справе, «пра якую вы павінны ведаць».

Hавiны
Беларусы, якім дапамог «BY_help», сталіся фігурантамі крымінальнай справы. Іх выклікаюць у СК і ДФР. Што трэба ведаць і рабіць
2021.03.12 07:00

Лойка адзначае, што супрацоўнікі ДФР з ёй абыходзіліся «дастаткова ветліва», далі звязацца з адвакаткай. Адзін супрацоўнік, які назваўся Канстанцінам, вельмі прасіў, каб яна ў інтэрв’ю казала, што не ўсе супрацоўнікі кепскія, што бывае і добрае абыходжанне.

Падазраюць фактычна ў дапамозе рэпрэсаваным

Лойка адказала супрацоўнікам ДФР, што не разумее, пра якую справу яна мусіць ведаць. Выявілася, што справа мае дачыненне да праваабарончага цэнтру «Вясна», з якім Лойка была звязаная восем гадоў (але яна ўжо тры гады не мае дачынення ла «Вясны»).

Артыкулы
Што такое «Вясна»? Кароткая гісторыя праваабарончага цэнтру, на які напала дзяржава
2021.07.14 15:55

У Следчым камітэце два супрацоўнікі павялі з ёю «нефармальную размову» пра «Вясну» і іншыя праваабарончыя арганізацыі. Яна папрасіла хутчэй пачаць афіцыйны допыт. Спачатку Лойку трымалі ў статусе сведкі, ды потым прыйшла жанчына, якая зрабіла асабісты агляд і сказала, што будуць затрымліваць. Толькі пасля таго далі пратакол затрымання і патлумачылі правы і абавязкі.

Наста Лойка разам з сабакам Эрыкам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Першы допыт адбыўся адно ў нядзелю (у час перавозу на допыт на Лойку надзелі кайданкі), там агучылі прэтэнзіі: нібыта спрыяла перавозу грошай з-за мяжы і аплаце штрафаў і адвакатаў на гэтыя грошы ў мінулыя гады. Яшчэ адзін допыт быў у панядзелак, пасля гэтага Насту вызвалілі. Але пакінулі пад падпіску аб нявыездзе, абавязальніцтва аб яўцы, арыштавалі банкаўскія рахункі.

Hавiны
«Не спынім сваёй праваабарончай дзейнасці». Пасля аблавы Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступіў з заявай
2021.07.14 16:57

Асноўнае, у чым падазраюць Лойку, гэта «спрыянне ў нясплаце падаткаў» (ч. 6 арт. 16 і ч. 2 арт. 243 КК РБ) – у гэтай справе таксама фігуруюць Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч, Валянцін Стэфановіч і Дзмітрый Салаўёў, прэтэнзіі выставілі за 2013–2020 гадоў на 3911 базавых велічыняў (на сёння гэта 113 419 рублёў). Гэтых чатырох чалавек падазраюць таксама ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК РБ). Цяпер Лойку могуць у любы час зноў затрымаць і перавесці ў статус абвінавачанай.

Чаму справа палітычная, калі яна пра падаткі?

Відавочны глабальны кантэкст затрымання, кажа Лойка. Гэта пераслед грамадзянскай супольнасці. Яна думае, што падчас масавых ператрусаў у праваабаронцаў у лютым і ліпені маглі знайсці нейкія матэрыялы, якія далі фармальную нагоду для крымінальных справаў супраць праваабаронцаў.

Лойка адзначае: дзейнасць «Вясны» ніколі не падабалася ўладам, але цяпер «ёсць канкрэтнае жаданне пераследаваць канкрэтных людзей», і яна, хоць ужо не звязаная з «Вясной», аказалася ў нейкіх спісах.

«Я лічу, што гэтая справа цалкам палітычна матываваная, бо інкрымінуюць тую ж аплату штрафаў і адвакатаў – я лічу, гэта абсалютна вымушаная дзейнасць праз тое, што адносна людзей груба парушалі правы на свабоду мірных сходаў», – заяўляе Лойка.

Наста Лойка разам з сабакам Эрыкам.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пра палітычную матываванасць «падатковай» справы заяўлялі не толькі беларускія праваабаронцы, але і міжнародныя арганізацыі.

Гісторыі
Гэта нібы не мая вайна, але… Як расяянка стала валанцёркаю «Вясны» і чаму была вымушаная ўцякаць з Беларусі
2021.08.11 13:16

Лойка тлумачыць: зразумела, што гэтая дзейнасць не магла быць афіцыйна дэклараваная ў Беларусі, бо з 2003 года «Вясна» пазбаўленая дзяржаўнай рэгістрацыі, было тры спробы аднаўлення рэгістрацыі. Таксама ёсць меркаванне Камітэту правоў чалавека ААН ад 2009 года пра тое, што «Вясна» была незаконна пазбаўленая рэгістрацыі, што рэгістрацыю трэба аднавіць і што дзяржава абавязаная спрыяць праваабарончай дзейнасці. Але з таго часу дзяржава не аднавіла рэгістрацыю «Вясны», і ўлады ацэньваюць праваабарончую дзейнасць цэнтру як крымінальнае злачынства.

«Тое, што гэта кваліфікуюць як нясплату падаткаў, – дык мне падаецца, гэта тое, што яны маглі пакуль што прыдумаць, як можна расцаніць. Тым больш, гэта толькі стадыя следства», – разважае Лойка.

Найбольш Наста перажывае за тое, што праз гэта шмат каго затрымлівалі, вельмі шмат у каго правялі ператрусы, а тры чалавекі застаюцца ў СІЗА на Валадарскага: Бяляцкі, Лабковіч і Стэфановіч.

АА belsat.eu

Стужка навінаў