Паразмаўлялі з краязнаўцам, якога арыштавалі на 7 содняў за публікацыю гістарычнага фота


Віцебскага краязнаўца Віктара Барысенкава пакаралі 7 соднямі адміністратыўнага арышту за публікацыю архіўнага фотаздымка часу Другой сусветнай вайны. Суд палічыў, што гэтая публікацыя ёсць прапагандаю і публічным дэманстраваннем нацысцкай сімволікі. Віцяблянін не згодны з такой пастановай, і ён збіраецца яе абскардзіць. «Belsat.eu» паразмаўляў з Віктарам Барысенкавым пра гэтае здарэнне, а таксама пра ягоную краязнаўчую дзейнасць.

– Віктар, добрай частцы віцяблянаў, якія цікавяцца гісторыяй гораду, вы вядомыя ў першую чаргу як краязнаўца і як чалавек, які займаецца фотапраекцыяй старых здымкаў гораду на сучасныя мясціны. Як даўно вы пачалі гэтым займацца?

Касцёл Святога Антонія ў Віцебску, які быў зруйнаваны ў 1958 годзе. Фотапраекцыя Віктара Барысенкава на сучасную вуліцу Леніна. Цяпер на гэтым месцы месціцца фантан «Зліццё трох рэк»

– Зацікавіўся гістарычным мінулым Віцебску я даўно. Гэтая тэма мяне прыцягвала падсвядома яшчэ з дзяцінства. Але ў выставах я пачаў удзельнічаць толькі з 2014 года. Тады ж мяне пачалі запрашаць у школы і бібліятэкі расказваць пра свае працы. Атрымліваліся своеасаблівыя фоталекцыі: здымкі давалі падставу расказаць пра тыя ці іншыя месцы гораду, будынкі і падзеі. І здымкі часоў апошняй вайны займалі ў гэтых лекцыях не апошнюю ролю.

– Як так склалася, што ў выніку за вашую дзейнасць вас пакаралі адміністратыўным арыштам?

– 22 чэрвеня мяне выклікалі ў Кастрычніцкі РАУС Віцебску з нейкай надуманай прычыны – узяцце біяматэрыялу. Затым аказалася, што ў маёй дзейнасці выявілі правапарушэнне. Мяне апыталі, пытанні былі ў асноўным наконт сацыяльнай сеткі «ВКонтакте». Затым прызначылі суд на 4 жніўня, які спачатку адклалі на 9-га, а затым на 13-га. Прычына суда – фотаздымак, які быў зроблены ў вызваленым Віцебску ў 1944 годзе. Артыкул 19.10 КаАП РБ – прапаганда нацысцкай сімволікі. У выніку мне прысудзілі 7 содняў адміністратыўнага арышту, але далі 5 содняў на тое, каб падаць скаргу ў абласны суд.

– Як вы ўспрынялі такую пастанову?

– Магу сказаць, што рашэнне суда было замоўленае. Суддзя Уладзімір Царыкаў праігнараваў усе мае довады наконт таго, што публікацыя здымка зробленая з адукацыйнай мэтай ці з мэтай, звязанай з калекцыянаваннем, што, як вядома, не ёсць прапагандай нацысцкай сімволікі. На думку суддзі, адукацыйная дзейнасць – гэта тое, што адбываецца толькі ў школах. Вось толькі ў школах можна ставіць правільныя акцэнты і адрозніваць, дзе ўсхваленне нацызму, а дзе асуджэнне. Але я і ў школах чытаў свае лекцыі, і ва ўніверсітэце, і ў Інстытуце развіцця адукацыі. Што ж яны мяне запрашалі, калі я не маю дачынення да адукацыйнай дзейнасці?

– Вас здзівіла такое бачанне справы судом?

– Здзівіла беспрэцэдэнтная строгасць пакарання. Я што, неанацыст ці скінхэд [маюцца на ўвазе НС-скінхэды, ультраправая субкультура. – Заўв. Belsat.eu]? Я вырабляю і распаўсюджваю нацысцкую сімволіку? Я апраўдваю і ўсхваляю Гітлера? Чаму суд прызначае адразу максімальнае пакаранне за публікацыю архіўнага фота, якое не забароненае і экспануецца паўсюль на выставах? Чаму не папярэджанне? Чаму не мінімальны штраф? На маю думку, гэтае рашэнне суда – помста за маю пазіцыю, мае перакананні, за маё стаўленне да бяздарнай дзейнасці ўладаў, за маё меркаванне пра савецкае мінулае, ідэйныя нашчадкі якога па цяперашні час сядзяць і ў выканкамах, і ў судах.

Здымак, за які віцебскага краязнаўца Віктара Барысенкава арыштавалі на 7 содняў. Аўтар: Сяргей Баранаў. 26 чэрвеня 1944 г. Крыніца: РИА «Новости»

– Раскажыце, калі ласка, што на фота, за якое вас судзілі?

– Гэты здымак быў выкладзены на маіх старонках у сацыяльных сетках амаль год таму – у верасні 2020 года. У мяне там ёсць альбомы, якія прысвечаныя акупацыі і вызваленню Віцебску. Я збіраю ўсе фотаздымкі, якія адносяцца да гэтай тэматыкі, у выніку атрымалася даволі вялізная падборка здымкаў. Нямецкіх фота часоў акупацыі там каля 2300, а здымкаў савецкіх фатографаў 1944 года – 260. Аўтар здымка, дзе савецкія салдаты трымаюць сцяг пераможанага ворага, – Сяргей Баранаў. Гэта адзін з фатографаў, які трапіў у Віцебск адразу ж пасля вызвалення гораду ад немцаў, і зафіксаваў гэтую гераічную сцэну – чырвонаармейцы з фашысцкім сцягам.

– Ці маглі вы ўявіць, калі выкладалі ў сваіх сацыяльных сетках гэты здымак, што вас могуць пакараць?

– Мы не можам адкінуць таго факту, што падчас вайны з фашысцкай Нямеччынай у аб’ектыў фотаапаратаў магла трапіць тая ці іншая сімволіка, але гэта гістарычны факт, а не прапаганда ідэяў. Гэта было ў рэальнасці і адлюстроўвае тыя трагічныя часы. Часы, якія мы павінныя ведаць. Размяшчаць гэтае фота асабліва не апасаўся, бо я быў упэўнены, што гэтым фота праслаўляюцца воіны-пераможцы і прапагандуецца подзвіг савецкіх салдатаў. Але ў нашай краіне можа адбыцца ўсё, што заўгодна: белае могуць назваць чорным, а чорнае – белым. Таму гэтыя здымкі я ўжо прыбраў. Вось так, здымкі з нашымі гераічнымі продкамі выдаляем, а нацыянал-сацыялістычных лідараў бярэм у якасці прыкладаў.

– Ці зазнавалі вы раней ціск за актыўную грамадзянскую пазіцыю?

– Так, усё пачалося пасля маіх рэпостаў у жніўні мінулага года, калі ў гарадах Беларусі ўладамі было арганізаванае пекла. Нешта я выкладаў сам, нешта рэпосціў. Пасля гэтага на загад ідэолагаў аблвыканкаму былі адмененыя дзве мае лекцыі і забароненая выстава.

– Ці збіраецеся вы абскардзіць рашэнне суда Кастрычніцкага раёну Віцебску?

– Спачатку я думаў не падаваць скаргу, паколькі вынік на 99 % вядомы. Але ж застаўся 1 % надзеі! Пабачым. Парады ад знаёмых, як мне дзейнічаць далей, дзеляцца прыблізна 50/50. У любым выпадку, я маральна ўжо падрыхтаваўся да ўсіх магчымых вынікаў. Ну і, вядома, шматлікія словы падтрымання мяне вельмі кранулі і натхнілі.

Выпадак, калі ў Беларусі судзяць грамадзянаў за распаўсюд нацысцкай сімволікі, але не звяртаюць увагі на змест выказвання, які носіць адваротны характар, не першы.

У лістападзе 2018 года гарадзенцу Аляксандру Горбачу прысудзілі штраф на 5 базавых велічыняў за размяшчэнне выявы з фашысцкай сімволікаю. Аднак пасыл той выявы меў цалкам адваротны змест, бо свастыка на ёй выкідалася ў сметніцу, што падкрэслівала антыфашысцкія погляды мужчыны.

У снежні 2020 года каталіцкага святара з Расонаў Вячаслава Барка арыштавалі на 10 содняў за прапаганду нацысцкай сімволікі. Улады палічылі, што калаж «Стоп лукашызм» у колерах афіцыйнага сцяга і з выяваю афіцыйнага гербу РБ – нацысцкая сімволіка.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў