Крысціна Ціманоўская выступіла на спаборніцтвах з нацыянальным сцягам Беларусі


Крысціна Ціманоўская на спаборніцтвах у Шчэціне.
Фота: Reuters

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам выступіла на турніры ў польскім горадзе Шчэціне.

Гэта быў яе першы старт пасля скандалу на Алімпіядзе ў Токіа. Спартсменка выступіла ў двубор’і. На дыстанцыях 100 і 200 метраў яна стала трэцяй, што дазволіла ёй заняць другое выніковае месца ў выніку двух забегаў.

Таксама 16 жніўня бягуха падпісала адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў супраць гвалту і за сумленныя выбары. Адбылося гэта ў гадавіну з’яўлення ліста.

«Я, як і многія тады, засталася ў баку, аддаючы перавагу думаць, што калі буду проста рыхтавацца да Алімпіяды, са мной нічога не адбудзецца. Сёння – роўна год праз, я яго падпісала. Для мяне – гэта падстава сказаць усім спартсменам, што калі вы думаеце, што рэжым вас не закране – гэта не так.Я не ведаю, дзе б знаходзілася зараз і якія «прызнальныя паказанні» давала на камеру, калі б не Фонд спартыўнай салідарнасці», – патлумачыла Крысціна Ціманоўская ў Instagram.

Hавiны
Ціманоўская зноў бяжыць: атлетка ўзяла ўдзел у першых спаборніцтвах у Польшчы
2021.08.16 10:13

Падчас Алімпіяды ў Токіа бягуння Крысціна Ціманоўская абурылася ў Instagram тым, што яе паставілі на эстафету, да якой яна не рыхтавалася, бо чыноўнікі наблыталі з допінг-пробамі эстафетніц, якія не паехалі на Алімпіяду. Атлетка ў аэрапорце звярнулася да паліцыі і Міжнароднага алімпійскага камітэту: сказала, яе вывозяць з Токіа супраць ейнай волі.

Потым з’явіўся аўдыязапіс, на якім, як сцвярджаецца, спартовыя функцыянеры пагражаюць Ціманоўскай за яе пост. Атлетку абаранілі ад вывазу ў Беларусь, цяпер яна ў Польшчы.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў