Уладзімір Зяленскі зняў з пасадаў генеральную пракурорку і кіраўніка СБУ


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звольніў генеральную пракурорку Ірыну Вэнэдзіктаву і кіраўніка СБУ Івана Баканава. Адпаведныя ўказы былі апублікаваныя ўвечары 17 ліпеня.

Выконваць абавязкі генеральнага пракурора Украіны будзе Аляксей Сыманенка. Хто будзе выконваць абавязкі кіраўніка СБУ, пакуль невядома.

У сваім звароце Зяленскі растлумачыў, што на 17 ліпеня зарэгістраванае 651 крымінальнае вядзенне наконт дзяржаўнай здрады і калабарацыйнай дзейнасці работнікаў органаў пракуратуры, органаў дасудовага расследавання, іншых праваахоўных органаў.

«У прыватнасці, больш за 60 працаўнікоў органаў пракуратуры і СБУ засталіся на акупаванай тэрыторыі і працуюць супраць нашай дзяржавы. Такі масіў злачынстваў супраць асноваў нацыянальнай бяспекі дзяржавы і сувязі, зафіксаваныя паміж работнікамі сілавых структураў Украіны і спецслужбамі Расеі, ставяць вельмі сур’ёзныя пытанні да адпаведных кіраўнікоў», – падкрэсліў прэзідэнт Украіны.

Іван Баканаў – сябар дзяцінства Зяленскага. Яны разам вучыліся, а потым працавалі ў розных праектах, у тым ліку ў «Студыі Квартал 95». Пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах у 2019 годзе Зяленскі прызначыў Баканава спачатку першым намеснікам старшыні СБУ, а потым кіраўніком СБУ, хаця той раней ніколі не працаваў у спецслужбах.

Ірына Вэнэдзіктава займала пасаду генпракуроркі з сакавіка 2020 года.

Гісторыі
Ад «Містара Кука» да прэзідэнта. Цікавыя факты з жыцця Уладзіміра Зяленскага
2022.04.01 09:00

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў