У «Вялікім камені» распавялі, якія праекты плануецца прасоўваць сумесна з Расеяй


Кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парку «Вялікага каменя» Аляксандр Ярашэнка ў інтэрв’ю СТВ распавёў, у якіх сферах плануецца рэалізоўваць сумесныя з РФ праекты па імпартазамяшчэнні. Раней Аляксандр Лукашэнка казаў, што Расея гатова выдзеліць пад такія праграмы $ 1,5 млрд.

«У нас ёсць праекты з Расеі, але патэнцыял узаемадзеяння вялікі і далёка не выкарыстаны. Тое ж па розных сферах і, зноў-такі, фармацыі, сфера беспілотных лятальных апаратаў, у тым ліку і верталётаў, сфера электрычнага транспарту, назапашвальніка энергіі.

Гэта тэмы будучыні, якія ўжо актыўна развіваюцца, і мы спадзяемся з нашымі расейскімі партнёрамі прасоўваць такія праекты. Тым больш у цяперашніх умовах», – падкрэсліў ён.

Ярашэнка не ўдакладніў, якія беспілотнікі і верталёты Расея хоча вырабляць сумесна з беларускім бокам, а таксама калі можа распачацца рэалізацыя гэтых праектаў.

Hавiны
Лукашэнка заявіў, што Расея выдзеліць Беларусі каля $1,5 млрд на імпартазамяшчэнне
2022.06.09 15:15

У чэрвені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсць неабходныя рэсурсы для ўдзелу ў расейскіх праграмах імпартазамяшчэння.

«Расейцы выдзяляюць каля паўтара мільярда долараў на гэтыя праграмы толькі на тэрыторыі Беларусі. Мы разумеем, што без імпартазамяшчэння, асабліва па крытычных галінах, так званаму крытычнаму імпарту, нам будзе вельмі складана развівацца», – заявіў Лукашэнка 9 чэрвеня.

Канкрэтныя праекты пры гэтым не агучваліся.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў