У Горадні вынеслі вырак беларусу, які трапіў у «тэрарыстычны спіс»


У Гарадзенскім абласным судзе вынесены прысуд мазырчуку Яўгену Збароўскаму, якога напрыканцы чэрвеня 2022 года ўнеслі ў «спіс тэрарыстаў». Пра гэта паведамляе ПЦ «Вясна».

Справу разглядаў суддзя Ігар Собалеў.

Крымінальная справа 28-гадовага Збароўскага не зусім звычайная: яго абвінавацілі адразу па 9 артыкулах Крымінальнага кодэкса, а сам судовы працэс доўжыўся з 14 лютага па 2 чэрвеня, амаль чатыры месяцы.

Яўген Збароўскі.
Фота: spring96.org

Паводле матэрыялаў справы, Яўген Збароўскі ў жніўні мінулага года адправіў у Telegram тэксты аб метадах вырабу гаручых рэчываў, запальных гранат, вызначэнні аб’ектаў для знішчэння і пашкоджання, стварыў умовы для арганізацыі масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца пагромамі, падпаламі і знішчэннем маёмасці (ч. 1 арт. 13 і ч.1 арт. 293 КК).

Затым з верасня 2020 года і па жнівень 2021 года ў каналах і чатах «размясціў матэрыялы з абразамі (ч.1 арт. 368 КК) і паклёпам (ч. 2 арт. 367 КК)» у адрас Аляксандра Лукашэнкі. Таксама яго абвінавацілі ў тым, што ў кастрычніку 2021 года ён пакінуў у тэлеграм-каналах каментары, «скіраваныя на ўзбуджэнне сацыяльнай варожасці і варажнечы па прыкмеце сацыяльнай прыналежнасці да прадстаўнікоў праваахоўнага блока» (ч. 1 арт. 130 КК).

Акрамя таго, у лістападзе 2020 года і чэрвені 2021 перавёў для «забеспячэння экстрэмісцкай дзейнасці» адміністратарам Telegram-каналаў 0,28 і 0,004 біткойна (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-2 КК). А ў лістападзе 2021 года ў чаце пад публікацыяй з фотавыявай інспектара па горадзе Менску размясціў паведамленні абразлівага характару (арт. 369 КК).

Таксама са снежня 2019 года па студзень 2020 года Збароўскі нібыта набыў «асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы»(ч. 1 арт. 328 КК), а на тэрыторыі Расеі (у Бранскай вобласці) купіў агнястрэльную зброю – пісталет Макарава (ПМ) і не менш 46 патронаў да яго (ч. 2 арт. 295 і ч. 1 арт. 333-1 КК).

Так, атрымаўшы інфармацыю пра месцазнаходжанне абсталяванага тайніка з агнястрэльнай зброяй і боепрыпасамі на тэрыторыі Бранскай вобласці, у неўстаноўлены час незаконна набыў пісталет, які зʼяўляецца ручной агнястрэльнай зброяй.

Абвінавачаны Збароўскі сваю віну прызнаў часткова, патлумачыў, што ён быў нязгодны з вынікамі выбараў прэзідэнта Беларусі, і менавіта таму вырашыў дзейнічаць актыўна.

У выніку суд пакараў яго пазбаўленнем волі тэрмінам на 8 гадоў ў папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Hавiны
«Я зычу вам, суддзі, пракуроры, падумаць пра душу сваю». Апошняе слова Змітра Дашкевіча на судзе
2022.07.14 12:38
  • Паводле праваабаронцаў, з лета 2020 года адбываюцца самыя масавыя ў найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэсіі. За гэты час ва ўсёй краіне следчыя органы распачалі больш за 5000 крымінальных справаў, звязаных з пратэстамі. На дзень 17 ліпеня 2022 года праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі 1255 асобаў.
  • З лета 2020 года тысячы пратэстоўцаў па ўсёй краіне сталіся ахвярамі мэтанакіраваных катаванняў, каля 41 000 асобаў былі затрыманыя. Згодна з рознымі ацэнкамі, у выніку палітыкі дзяржаўнага тэрору загінулі ад 4 да 20 асобаў. Пры гэтым ні за катаванні, ні за забойствы іншадумцаў да адказнасці нікога не прыцягнулі.
Артыкулы
«Спіс тэрарыстаў» і «экстрэмізм» у Беларусі: пытанні і адказы
2022.05.31 16:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў