Пасля сыходу расейскіх вайскоўцаў у Кіеўскай вобласці знайшлі целы 1346 забітых мірных грамадзянаў


Пасля вызвалення Кіеўскай вобласці ад акупацыі былі знойдзеныя целы 1346 мірных жыхароў, якія загінулі ў выніку дзеянняў расейскіх вайскоўцаў.

Пра гэта паведаміў начальнік паліцыі Кіеўскай вобласці Андрэй Небытаў, піша «Укрінформ». Большасць з іх былі забітыя з агнястрэльнай зброі.

«Магу сказаць, што гэта не канчатковая лічба, таму што кожны дзень мы працуем і, на жаль, на тых пазіцыях, дзе знаходзіліся войскі Расейскай Федэрацыі, мы знаходзім усё новыя і новыя целы пахаваных людзей, часова пахаваных», – сказаў кіраўнік паліцыі Кіеўшчыны.

Паводле Небытава, цяпер у Кіеўскай вобласці каля 300 чалавек лічацца зніклымі без вестак.

Гісторыі
Пыталіся ў людзей: «Дзе бандэраўцы? Дзе зброя? У якую царкву ходзіце?» Пра тэрор у Бучы і Барадзянцы
2022.04.08 19:09

Нагадаем, што ў пачатку красавіку 2022 году пасля вызвалення ўкраінскімі войскамі Кіеўскай вобласці стала вядома пра шматлікія ваенныя злачынствы на акупаваных тэрыторыях. Расейскія войскі пакінулі пасля сябе выпаленыя паселішчы, сотні мірных жыхароў былі забітыя, ёсць інфармацыя пра згвалтаванні і паўсюднае марадзёрства.

Найбольш жахлівыя звесткі прыходзілі з Бучы: паводле відавочцаў, горад быў проста «засеяны трупамі». Мірных жыхароў забівалі стрэлам у патыліцу, у некаторых былі звязаныя рукі.

Аналітыка
Ад Срэбрэныцы да Новых Алдоў. З якімі гістарычнымі падзеямі параўноўваюць бойню ў Бучы
2022.04.04 17:35

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў