Нафта Саудаўскай Аравіі зойме месца расейскай на рынку ЕЗ? Украінскі эксперт – пра сітуацыю ў энергетыцы


Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн 15 ліпеня сустрэўся з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі Мухамэдам бін Сальманам. У выніку перамоваў было падпісана 18 стратэгічных дакументаў аб супрацы ў розных сферах, адна з якіх – энергетыка ва ўмовах вайны. Як выглядае сёння сусветная сітуацыя з энергетыкай і энерганосьбітамі, што можа дапамагчы знізіць кошты на нафту, якую тэмпературу ў кватэрах чакаць гэтай зімой жыхарам краінаў Еўразвязу – у «Студыі «Белсат» разважае дырэктар энергетычных праграмаў украінскага Цэнтру эканамічных і палітычных даследаванняў імя Аляксандра Разумкова Уладзімір Амельчанка.

Саудаўская Аравія плануе павялічыць здабычу нафты на 3 %

– Спадар Уладзімір, у 2019 годзе падчас перадвыбарнай кампаніі Джо Байдэн заяўляў, што прыярытэтнай палітыкай для яго будуць правы чалавека. У сувязі са смерцю журналіста Джамаля Хашогжы Байдэн казаў, што Саудаўская Аравія можа стаць ізгоем. Ці своечасовы цяперашні візіт прэзідэнта ЗША ў Саудаўскую Аравію?

– Сёння мы дакладна разумеем, што партыя Байдэна мае ўсе шанцы прайграць выбары ў Кангрэс Злучаных Штатаў. У яе малая падтрымка, адна з прычын чаго – высокія кошты на паліва ў Злучаных Штатах, таму Байдэн імкнецца ў першую чаргу заручыцца падтрыманнем Саудаўскай Аравіі дзеля таго, каб тая павялічыла квоты на здабычу нафты, і такім чынам сусветныя кошты на нафту пайшлі б уніз, і гэта, у сваю чаргу, адлюструецца на коштах на паліва ў ЗША.

Іншая прычына – вайна ва Украіне. Байдэн выдатна разумее, што пакуль кошты на нафту і нафтапрадукты будуць высокімі, Расея будзе атрымліваць дастаткова рэсурсаў нават нягледзячы на эмбарга, і вайна будзе працягвацца, што будзе спрыяць сусветнай рэцэсіі, а гэта зусім нявыгадна амерыканскаму эстэблішмэнту. Так што мы бачым, што рэальная эканамічная сітуацыя ў свеце прымусіла Байдэна пайсці на пэўныя кампрамісы са сваймі прынцыпамі адносна правоў чалавека ў Саудаўскай Аравіі.

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн і наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамэд бін Сальман сустрэліся 15 ліпеня.
Фота: Reuters

– Наследны прынцы Саудаўскай Аравіі анансаваў павелічэнне здабычы нафты з 10 мільёнаў барэляў за содні да 13. Наколькі гэта значнае павелічэнне і ці можа яно паўплываць на зніжэнне коштаў, запаволіць інфляцыю, а таксама замясціць тую нафту, якую Расея, магчыма, перастане пастаўляць?

– Гэта вельмі значнае павелічэнне. Яно перакрывае ўсе пастаўкі расейскай нафты і нафтапрадуктаў у краіны Еўразвязу. Разам з падвышэннем уліковай стаўкі ФРС у ЗША гэтае павелічэнне можа насамрэч зменшыць кошты да $ 60–70 за барэль з цяперашніх $ 100 для «Brent». Для расейскай «Urals» сітуацыя будзе яшчэ горшай, яна можа каштаваць $ 35–40, што будзе сур’ёзным ударам па расейскім бюджэце. Па-другое, нафта Саудаўскай Аравіі можа заняць нішу на рынку Еўразвязу, на якім раней дамінавала Расея. <…> Штодня ва ўсім свеце здабываецца 100 мільёнаў барэляў. 3 мільёны – гэта 3 % усёй сусветнай здабычы, таму калі гэта адбудзецца, на рынку будуць вельмі сур’ёзныя тэктанічныя змяненні ў бок змяншэння коштаў на нафту.

Hавiны
Нямеччына паабяцала спыніць куплю расейскага вугалю са жніўня, нафты – з 31 снежня
2022.07.13 12:07

«Калі ЕЗ пратрымаецца, на «Газпроме» як глабальнай карпарацыі можна будзе ставіць тлусты крыж»

– А што з газам? Еўрапейскія палітыкі ўжо папярэджваюць сваіх выбарцаў, што трэба рыхтавацца да халоднай зімы. Што гэта значыць, наколькі цяпер крытычная абстаноўка ў Еўразвязе з газам?

– Абстаноўка насамрэч крытычная. Цяпер, па сутнасці, працуе толькі адзін кірунак – украінскі маршрут, і тое на 25-30% ад сваёй магутнасці. Часткова працуе турэцкі маршрут. Усе астатнія маршруты, уключаючы «Паўночную плынь – 1» і Ямал – Заходняя Еўропа цяпер цалкам спыніла транзіт прыроднага газу. Таму для Еўразвязу ўтварылася крытычная сітуацыя, бо шмат гадоў стаўка рабілася на расейскі прыродны газ. Еўразвяз спадзяваўся прайсці так званую трансфармацыю ад вуглевадародаў да вуглевадароднанейтральнай эканомікі за кошт газу, таму яны разлічвалі, што расейскі газ дапаможа прайсці гэты пераходны перыяд. Але ў самы нязручны момант Расея ўдарыла па інтарэсах Еўразвязу, і цяпер, натуральна, усе вельмі занепакоеныя.

Але ёсць і нядрэнныя навіны. У сховішчах Нямеччыны на сёння застаецца 65 % газу. Да сярэдзіны кастрычніка запоўніць яшчэ на 15 % – у прынцыпе, задача вырашальная. Агулам у сярэднім сховішчы ў Еўразвязе запоўненыя на 60 %, а трэба – 80 %. Аднак, у любым выпадку спажыўцоў чакаюць вельмі жорсткія абмежаванні – у першую чаргу прамысловасць, а потым насельніцтва.

Аб’ектыў
Андрыян Прокіп: «Расея ў адкрытую спрабуе маніпуляваць на рынку газу Еўразвязу»
2022.07.11 23:06

– Якія абмежаванні? Наколькі прахалодней стане ў кватэрах жыхароў Еўразвязу ўзімку?

– Думаю, у некаторых краінах прыйдзецца задаволіцца тэмпературай у жылых памяшканнях недзе на 2 градусы ніжэйшай, чым звычайна. Гэта першае. Другое – вы ведаеце, цяпер практычна ва ўсёй Нямеччыне зачыненыя басейны. Таксама не паўсюль ёсць гарачая вада, маюцца сур’ёзныя абмежаванні з пастаўкамі гарачай вады па ўсёй Нямеччыне. Змяншаецца асвятленне ў начны час, таму ў прынцыпе нямецкі ўрад рыхтуецца да самага горшага варыянту, ён ужо дакладна разумее, што энергія для Расеі – гэта менавіта зброя, якая б’е ў самы нязручны час. Таму будзем спадзявацца, што ўсё ж такі Еўразвяз зможа вытрымаць гэты ўдар. Гэтая зіма будзе вельмі складанай, але калі ЕЗ вытрымае ўдар, то наступны год будзе нашмат лягчэйшым, і гэта будзе ў выніку ўдар па самому «Газпрому». Па сутнасці, цяпер на карту пастаўленыя інтарэсы і будучыня «Газпрому», то бок «Газпром» цалкам у гэтай сітуацыі губляе сваю рэпутацыю. І калі ЕЗ пратрымаецца, на рэпутацыі і на будучыні «Газпрому» як глабальнай карпарацыі можна будзе паставіць тлусты крыж.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў