Журналіста Алеся Дашчынскага затрымалі пасля ператрусу, ён можа знаходзіцца на Акрэсціна


Сувязь з Алесем Дашчынскім знікла 16 ліпеня. Родныя журналіста распавялі, што сілавікі прыехалі за ім у вясковы дом, павезлі на ператрус у менскую кватэру і пасля гэтага затрымалі, піша Радыё «Свабода».

Супрацоўнікі ДФР знайшлі Дашчынскага ў ягоным доме ў вёсцы ў Пастаўскім раёне. Журналіста завезлі на ягоную кватэру ў Менску, правялі там ператрус. Як распавялі родныя Алеся, жытло абшуквалі чатыры супрацоўнікі. Яны прад’явілі пастанову ад 15 ліпеня, але там не было пазначана, кім яна санкцыянаваная, і на якой падставе праходзіць ператрус. У Дашчынскага канфіскавалі ноўтбук, тэлефон, цвёрды дыск кампутара, флэшкі, банкаўскую картку.

Калі журналіста выводзілі з кватэры пасля ператрусу, ён паспеў сказаць жонцы: «Усё будзе нармальна». Цяпер ён, імаверна, знаходзіцца на Акрэсціна.

Летась у кастрычніку Алеся Дашчынскага пазбавілі акрэдытацыі карэспандэнта Радыё «Свабода».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў