Праваабаронцу Валянціна Стэфановіча не адпусцілі праз трое содняў, яго перавядуць на Валадарку


«Вясна» са спасылкай на жонку Валянціна Аліну паведамляе, што затрыманы 14 ліпеня праваабаронца не выйшаў на волю праз 72 гадзіны.

«Цуда не здарылася. Званіў следчы. Сёння-заўтра Валіка перавядуць на Валадарку», – перадае словы жонкі Стэфановіча Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Валянцін Стэфановіч.
Фота: Белсат

Раней Аліна Стэфановіч пісала ў сваім Фэйсбуку, што Валянцін у ізалятары трапіў у камеры, дзе, акрамя яго, былі яшчэ чатыры «палітычных». Сярод іх – былы пракурор Яўген Бабак. Матрацаў у камеры не было. Перадачу Валянціну, як і іншым «палітычным» на Акрэсціна не ўзялі.

Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы паводле артыкулаў 342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Сілавікі прыйшлі ранкам з ператрусам, забралі ўсю тэхніку.

Валянцін Стэфановіч – сябра Рады «Вясны», віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). З’яўляецца адным з вядомых экспертаў і аналітыкаў у сферы правоў чалавека, выступае за недыскрымінацыю і супраць смяротнага пакарання. Удзельнічаў у розных міжнародных канференцыях і пасяджэннях, правабарончых місіях і назіраннях за выбарамі ў краінах АБСЕ.

Артыкулы
Пасля 72 гадзін затрымання на волю выходзяць праваабаронцы і грамадскія дзеячы
2021.07.17 16:59

Таксама не выйшаў на волю пасля 30 содняў арышту арганізатар мерапрыемстваў і назіральнік за выбарамі Цімур Газізаў. Яго затрымалі на праглядзе анлайн-прэм’еры спектакля «Белы трус, чырвоны трус». Тэрмін зняволенна Газізава мусіў скончыцца 16 ліпеня ўвечары. Але 17 ліпеня стала вядома, што Цімура замест вызвалення перавялі ў СІЗА на Валадарскага. Папярэдне, Цімур праходзіць па 342 артыкуле Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак). 17-га ж ліпеня Цімур адзначае сваё 40-годдзе.

ГГ belsat.eu

Стужка навінаў