Беларускі неататалітарызм. Што супрацьпаставіць рэпрэсіям?


Працэсы ў Беларусі паказваюць, як хутка і да якой ступені можна разбурыць грамадства ў сучасных умовах. Як хутка і да якой ступені можна зрабіць з чалавечай масы выканаўцаў самых жудасных і ідыёцкіх загадаў, а таксама давесці гэтую масу да стану глыбокай пакоры і пасіўнага прыняцця дзяржаўнага (людскога) гвалту і самавольства.

Сёння сістэма накіроўваецца да свайго натуральнага стану, да сацыяльнага і духоўнага вакууму. Як грамадства не можа быць свабодным (нават паўсвабодным) ва ўмовах аўтарытарнай сістэмы, так і аўтарытарная ўлада не можа існаваць ва ўмовах паўсвабоднага грамадства. Паўсвабода будзе знішчаная ва ўсіх яе індывідуальных праявах.

Віктар Бабарыка ў судзе, 6 ліпеня 2021 года.
Фота: Ramil Nasibulin / TASS / Forum

Рэжым прыступіў да татальнай, менавіта татальнай, зачысткі інфармацыйнай (інтэлектуальнай) прасторы. Пытанне аб эфектыўнасці такіх дзеянняў ва ўмовах лічбавых тэхналогіяў для іх не стаіць. Для ўлады важны факт інстытуцыйнага знішчэння інфармацыйнай і мысле-дзейнай альтэрнатывы. У гэтым кіроўная вярхушка бачыць адзіную ўмову свайго існавання.

Цягам года з неааўтарытарнага рэжыму сістэма трансфармавалася ў мілітарысцкую і вось фактычна мы маем справу з неататалітарным рэжымам.

Галоўная мэта таго, што адбываецца цяпер у Беларусі, – гэта поўная ліквідацыя палітычнай, культурнай і нацыянальнай контрэліты. Контрэліты, якая прадукуе альтэрнатыўныя ідэі, сэнсы і вобразы. Пасля арыштаў публічных лідараў, журналістаў і актывістаў улады пачнуць зачыстку ўсёй грамадзянскай супольнасці, якая была сацыяльнай асновай рэвалюцыйнага руху ў Беларусі 2020.

Марыя Калеснікава выступае перад прысутнымі. Берасце, Беларусь. 2 жніўня 2020 года.
Фота: Аляксандр Васюковіч / Вось так

У ідэале для сістэмы важна, каб гэтая пасіянарная група парадку 50-100 тысяч чалавек тых, хто з’яўляецца рухавіком усіх палітычных і альтэрнатыўных працэсаў у Беларусі, была выціснутая з краіны.

Улады імкнуцца як мага хутчэй знішчыць любыя пагрозы або сераду, у якіх могуць з’явіцца пагрозы, каб спыненне рэпрэсій не выклікала рэакцыі ў адказ. Паколькі праз нейкі час ва ўмовах пагаршэння эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі можа паўстаць новы ўсплёск пратэстаў.

Але ў аналізе таго, што адбываецца ў краіне, трэба таксама разумець, што можна супрацьпаставіць рэпрэсіўнай дзяржаве.

Удзельнікі дваровага канцэрта пры Беларускім Доме сабраліся, каб зрабіць агульнае фота. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2021 года.
Фота::ВО / Белсат

Беларускаму дэмакратычнаму руху, асобным структурам (якія знаходзяцца па-за краінай) неабходная хуткая інстытуцыяналізацыя і стварэнне адзінай палітычнай сістэмы (пакуль што гэта поле розных ініцыятываў без зладжанага ўзаемадзеяння і адзінай палітычнай волі), якая будзе ўключаць у сябе: палітычную вертыкаль, інфармацыйную вертыкаль, культурна-ідэалагічную. Без суладнай мадэлі ўзаемадзеяння, якая і будзе базавай платформай для новай Беларусі, палітычная значнасць альтэрнатыўных структур будзе імкліва змяншацца. Больш за тое, без належнага і патрэбнага прымянення застанецца вялізны пласт людзей, якіх выціскаюць сёння з краіны.

Меркаванні
«Новая дзяржава» Лукашэнкі – гэта калектыўнае напаўваеннае кіраванне
2021.07.05 13:55

Павел Усаў/МВ belsat.eu

Стужка навінаў