343 дзень пратэстаў: праваабаронцы і журналісты за кратамі, залева з градам у Горадні, спробы абыйсці санкцыі


343 дні беларусы змагаюцца за сваю свабоды і церпяць за гэта пераслед. «Белсат» паводзіць вынікі суботы, 17 ліпеня.

Некалькі чалавек выйшлі на волю пасля 72 гадзінаў затрымання.

Бухгалтарку «Нашай нівы» Вольгу Раковіч адпусцілі з Акрэсціна яшчэ ўвечары 16 ліпеня. Яна праходзіць падазраванай па ч.1 арт.342 КК РБ («Арганізацыя альбо падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх»).

Артыкулы
Пасля 72 гадзін затрымання на волю выходзяць праваабаронцы і грамадскія дзеячы
2021.07.17 16:59

У Полацку вызвалілі кіраўніка гарадской ячэйкі Свабоднага прафсаюзу беларускага Мікалая Шараха, якога з 14 ліпеня трымалі ў Полацкім РАУСе. У дзень затрымання ў Мікалая і ў Цэнтры інфармацыйна-прававой падтрымкі сацыяльна неабароненых груп насельніцтва «Адвакацыя» правялі ператрусы паводле арт.341 КК РБ – «Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці».

Адпусцілі таксама праваабаронцу «Вясны» Яўгенію Бабаеву. Яна правяла ў зняволенні 72 гадзіны і застаецца падазраванай па крымінальнай справе. З Яўгеніі ўзялі падпіску аб нявыездзе. Выйшлі на волю каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэй Палуда і праваабаронца Алена Лапцёнак.

Кіраўнік цэнтру «Супольнасць» Сяргей Мацкевіч выйшаў з Акрэсціна з падпіскай аб нявыездзе. Грамадскага дзеяча затрымалі 14 ліпеня ў вёсцы. Сілавікі правялі ператрус спачатку ў вясковай хаце, а потым у менскай кватэры Мацкевіча.

За кратамі застаюцца журналісты і праваабаронцы

Пасля 72 гадзін затрымання на волю не выйшаў праваабаронца Валянцін Стэфановіч – яго перавядуць у СІЗА на Валадарскага.

Валянціна Стэфановіча затрымалі 14 ліпеня на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы паводле артыкулаў 342 КК РБ («Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» і 243 («Ухіленне ад выплаты падаткаў»). Сілавікі прыйшлі ранкам з ператрусам, забралі ўсю тэхніку.

Таксама не адпусцілі праваабаронцаў Уладзя і Ніну Лабковічаў. 14 ліпеня раніцай да сям’і Лабковічаў прыйшлі прадстаўнікі Дэпартаменту фінансавых раследаванняў КДК, правялі ператрус і на допыты забралі не толькі Уладзіміра, але і ягоную жонку Ніну. Дома ў Лабковічаў засталіся трое непаўнагадовых дзяцей.

Застаецца за кратамі Алесь Бяляцкі, кіраўнік і заснавальнік праваабарончага цэнтру «Вясна», былы віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека. Бяляцкі таксама быў затрыманы 14 ліпеня ў межах крымінальнай справы.

Імаверна на Акрэсціна можа знаходзіцца пазбаўлены акрэдытацыі журналіст Радыё «Свабода» Алесь Дашчынскі, сувязь з якім знікла 16 ліпеня. Пра гэта паведамілі родныя журналіста.

У Горадні дождж паралізаваў дарожны рух

Hавiны
У Горадні залева з градам, вуліцы затопленыя
2021.07.17 19:01

На Горадню 17 ліпеня абрынуўся моцны дождж з градам. Найбольш ад стыхіі пацярпелі мікрараёны Пагараны-Кашэўнікі, Вішнявец, Румлёўскі мост. Вуліцы моцна затапіла. Рух на Румлёўскім масту быў цалкам паралізаваны праз дрэнную бачнасць, у выніку яго, як і Стары мост, перакрыла ДАІ.

Рэжым спрабуе абыйсці санкцыі

Аб’ектыў
Як рэжым Лукашэнкі спрабуе абыйсці заходнія санкцыі
2021.07.17 23:07

Дзяржаўнае аб’яднанне «Беларуснафта» выйшла са складу канцэрну «Белнафтахім». Адпаведны ўказ Аляксандра Лукашэнкі апублікаваны на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. З чэрвеня «Белнафтахім» і восем іншых дзяржаўных прадпрыемстваў нафтахімічнай прамысловасці Беларусі – у санкцыйным спісе ЗША і Еўразвязу. Змена структуры – гэта абыход санкцыяў, упэўнены эксперт Украінскага інстытуту будучыні Ігар Тышкевіч.

Заходняя Еўропа тым часам трэці дзень запар працягвае змагацца з наступствамі моцнай паводкі. Колькасць ахвяраў увесь час павялічваецца. На гэты момант вядома пра больш чым 150 загінулых. Вышэй за тысячу згінулі бяз вестак. Пошукі тых, хто выжыў, працягваюцца. Нямеччына абвесціла рэжым вайсковай катастрофы.

ГГ, belsat.eu

 

 

 

 

Стужка навінаў