Журналістку Ірыну Слаўнікаву будзе судзіць той жа суддзя, які агучваў вырак у «справе Ціханоўскага»


Суд над нашай калегай, супрацоўніцай TVP Ірынай Слаўнікавай пачнецца на наступным тыдні, 23 чэрвеня. Як даведаўся «Белсат», судзіць яе будзе той самы суддзя, які судзіў Сяргея Ціханоўскага і іншых фігурантаў «справы Ціханоўскага».

Само паседжанне пойдзе ў закрытым рэжыме.

Ірына Слаўнікава.
Фота: Ирина Славникова / Facebook

Працэс мае распачацца а 10-й гадзіне 23 чэрвеня ў Гомельскім абласным судзе.

Суддзёй у справе прызначаны Мікалай Доля, які трапіў у шосты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць Беларусі. У снежні мінулага года ён прызначыў Сяргею Ціханоўскаму, Арцёму Сакаву, Дзмітрыю Папову, Ігару Лосіку, Уладзіміру Цыгановічу і Міколу Статкевічу тэрміны ад 14 да 18 гадоў калоніі ўзмоцненага і асобага рэжыму.

Суддзя Мікалай Доля, які агучваў вырак у «справе Статкевіча». Звестак у адкрытых крыніцах пра яго зусім не шмат.
Фота: zubr.cc

Ірыну Слаўнікаву абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў КК:

  • арт. 342 Крымінальнага кодэксу – арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх;
  • арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу – стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім.

Агулам Ірыне Слаўнікавай пагражае да 7 гадоў зняволення.

Былая працаўніца «Белсату», а цяпер штатная працаўніца Польскага тэлебачання (TVP) была прызнаная палітвязнем.

Ірына Слаўнікава была затрыманая напрыканцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце пасля вяртання ў Менск з адпачынку ў Егіпце разам са сваім мужам. Першапачаткова пара была арыштаваная на 15 содняў за публікацыю ў Facebook «экстрэмісцкага кантэнту». Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсату» таго перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім.

Артыкулы
Ірына Слаўнікава надалей за кратамі не губляе аптымізму
2022.02.05 19:12

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў