Такаеў на сустрэчы з Пуціным заявіў, што Казахстан не прызнае суверэнітэту «ДНР» і «ЛНР»


Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў заявіў падчас пленарнага пасяджэння з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным і прапагандысткай Маргарытай Сіманьян на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме, што Казахстан не будзе прызнаваць самаабвешчаных «ДНР» і «ЛНР».

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным на Пецярбургскім міжнародным эканамічным форуме 17 чэрвеня 2022 года.
Фота: bort_01/Telegram

«Наогул падлічана, што калі права нацыяў на самавызначэнне ў рэальнасці будзе рэалізаванае на ўсім зямным шары, то замест 193 дзяржаваў, якія цяпер уваходзяць у склад Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, на Зямлі ўзнікне больш за 500 ці 600 дзяржаваў. Вядома ж, гэта будзе хаос.

З гэтай прычыны мы не прызнаем ні Тайвань, ні Косава, ні Паўднёвую Асецію, ні Абхазію. Як відаць, гэты прынцып будзе ўжыты і ў стаўленні да квазідзяржаўных тэрыторыяў, якімі, на наш погляд, ёсць Данецк і Луганск. Гэта адкрыты адказ на вашае адкрытае пытанне», – заявіў Такаеў.



У адказ на словы прэзідэнта Казахстану Уладзімір Пуцін сказаў, што на працоўным узроўні заўсёды можна знайсці развязанне любой праблемы, калі ёсць воля. «У нас такая воля з Казахстанам ёсць. І Казахстан ёсць нашым саюзнікам у простым і ў самым шырокім сэнсе гэтага слова», – заявіў ён.

Маргарыта Сіманьян у адказ на заяву Такаева дадала, што на такіх сустрэчах «рэдка сустракаецца такая шчырасць».

Таксама падчас размовы Пуцін падкрэсліў паступальнае развіццё гандлёва-эканамічнай супрацы паміж краінамі.

У «ЛНР» і «ДНР» таксама адрэагавалі на заяву Такаева, сказаўшы, што гэта ўсяго толькі ягоная пазіцыя, на якую ён мае права, «але хавацца ад светапарадку, які змяняецца, немагчыма», – заявілі ў МЗС «ЛНР».

Hавiны
Пуцін выступіў на эканамічным форуме. Галоўнае з прамовы
2022.06.17 21:16

Некалькі дзён таму, 15 чэрвеня, Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што Казахстан не будзе парушаць санкцыяў супраць Расеі:

«Санкцыі ёсць санкцыямі, мы не павінны іх парушаць, тым больш мы атрымліваем апавяшчэнні адносна таго, што ў выпадку парушэння санкцыяў распачнуцца гэтак званыя другасныя санкцыі з боку Захаду ў дачыненні нашай эканомікі», – сказаў прэзідэнт Казахстану.

Разам з тым, дадаў Такаеў, што «Казахстан ні ў якім разе не адмаўляецца ад сваіх саюзніцкіх абавязацельстваў» перад Расеяй.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў