Першы пацалунак, Біблія і «ўваскрэсенне». Пяць цікавых фактаў пра Васіля Быкава і Украіну


З украінскай школьнай праграмы з прычыны расейскага ўварвання вырашылі прыбраць адзінага беларускага пісьменніка – Васіля Быкава, які ад пачатку быў праціўнікам рэжыму Лукашэнкі. З гэтай нагоды мы сабралі топ-5 фактаў, што звязваюць яго з Украінай.

Васіль Быкаў. Крыніца: sputnik.by

Працоўная група з аднаўлення зместу навучальных праграмаў у замежнай літаратуры Міністэрства адукацыі Украіны адзінагалосна вырашыла адмовіцца ад вывучэння твору беларускага пісьменніка Васіля Быкава.

Цяпер «Альпійскую баладу» беларускага класіка вывучаюць вучні 7 класаў. Але, «улічваючы масавае ўварванне збройных сілаў Расейскай Федэрацыі ва Украіну, псіхалагічнае і фізічнае траўмаванне ўкраінскіх дзяцей у выніку ваенных дзеянняў дзяржавы-агрэсара, важнасць развіцця культурных сувязяў Украіны з цывілізаванымі краінамі», Васіля Быкава вырашана прыбраць са школьнай праграмы разам з творамі шэрагу расейскіх пісьменнікаў: Івана Крылова, Антона Чэхава, Аляксандра Пушкіна, Аляксандра Грына ды іншых.

Як паведамляе ўкраінская служба «Бі-Бі-Сі», Міністэрства адукацыі павінна цяпер зацвердзіць гэты дакумент рабочай групы ў якасці загаду, каб ён набыў моц.

Аповесць «Альпійская балада» была апублікаваная ў 1964 годзе. У ёй апавядаецца пра тры дні жыцця ўцекачоў з фашысцкага канцлагеру ў Альпах – беларуса Івана і італьянкі Джуліі. Як распавядаў сам Васіль Быкаў, гэты твор меў рэальныя падставы. Падчас вайны ў Альпах ён сустрэў італьянку Джулію, што шукала сярод савецкіх вайскоўцаў жаўнера Івана, з якім разам уцякла з канцлагеру.

Аповесць Васіля Быкава «Альпійская балада». Калаж з фота: kickscontest.ru / wikipedia.org

Замест «Альпійскай балады» Быкава ў праграму ўнесеныя «Хлопчык у паласатай піжаме» Джона Бойна і «Дзіця Ноя» Эрыка-Эманюэля Шміта. Абодва гэтыя творы таксама расказваюць пра гісторыі Другой сусветнай вайны. З іх дапамогай плануецца мадэрнізаваць навучальную праграму «за кошт сучасных твораў для дзяцей і падлеткаў».

«Першы хвалюючы дзявочы пацалунак»

17-гадовага беларускага хлопца Васіля Быкава вайна застала ва Украіне. Там яго мабілізавалі ў савецкае войска.

«Тысячныя калоны 17–18-гадовых юнакоў пацягнуліся пыльнымі дарогамі на ўсход. Стаяла паўднёвая спёка. У сёлах і гарадках, дзе мы праходзілі, нас праводзілі жанчыны і дзяўчаты, давалі якую ежу, садавіну, махалі хусткамі. Некаторыя плакалі. Мы паводзілі сябе вольна, жартавалі. Нас, жменьку беларусаў, ніхто не аплакваў, нашыя плакальшчыцы засталіся далёка. Але і ўкраінкі нас шкадавалі і любілі. На ўскраіне старажытнага Глухава адна чарнакосая ўкраінка падбегла і пацалавала мяне – то быў першы хвалюючы дзявочы пацалунак у маім жыцці», – згадваў тыя падзеі Васіль Быкаў у сваёй «Доўгай дарозе дадому».

З цеплынёй ён апавядаў і пра тое, што «хлопцы-ўкраінцы дужа добра спявалі», «як ні былі стомленыя за дзень».

Забароненая аповесць пра вайну ва Украіне

Пасля навучання ў пяхотнай вучэльні Васіль Быкаў зноў вярнуўся на вайну. І зноў ва Украіну. Там ён страціў шмат сваіх сяброў і іншых саслужыўцаў.

Васіль Быкаў. Крыніца: aif.by

На падставе падзеяў Кіраваградскай аперацыі, якую ў СССР лічылі вельмі паспяховай, пісьменнік напісаў аповесць «Мёртвым не баліць», дзе расказаў праўду пра тыя падзеі. За гэта Быкава раскрытыкаваў савецкі афіцыёз, а сам твор быў забаронены для выдання. Яго не друкавалі ў СССР 17 гадоў па-беларуску і 23 – па-расейску. Але і пазней аповесць выходзіла ў свет моцна адцэнзураванай. Цалкам яна выйшла зноў па-беларуску ўжо пасля смерці пісьменніка – у 2014 годзе.

«Гэта ці не адзіная аўтабіяграфічная аповесць, дзе ўсё ці амаль усё – праўда. Але менавіта тое, што праўда, і стала непрымальным для сацрэалізму. Можна сказаць, што галоўным ворагам гэтага славутага метаду была праўда. Праўду адсочваў увесь дзяржаўна-партыйны інстытут выдаўцоў, рэдактароў, рэцэнзентаў і крытыкаў. У той час, як валадары нашых думак не пераставалі правакацыйна агітаваць: пішыце праўду! Колькі нашага брата, пісьменнікаў, пагарэла менавіта на праўдзе… А на хлусні, наадварот, рабілі кар’еру», – згадваў Васіль Быкаў.

Паводле яго, савецкая прапаганда здолела настроіць супраць гэтай аповесці некаторых украінскіх літаратараў, але з дапамогай іншых яе атрымалася выдаць па-ўкраінску.

Смерць і ўваскрэсенне

У Кіраваградскай вобласці Украіны, падчас згаданай вышэй аперацыі, і «загінуў» Васіль Быкаў. Як пісаў ён у сваім успамінах, «у Севярынцы на братняй магіле зрабілі нейкі помнік з некаторымі прозвішчамі загіблых, сярод якіх апынуўся і я».

Сам пісьменнік так і не ведаў, чаму ён апынуўся сярод забітых. Ці то камбат, вырашыў, што ён загінуў у баі, і ў выніку яго «спісалі з ліку жывых».

Васіль Быкаў. Крыніца: interesnyefakty.org

Ці то ля аднаго з забітых знайшлі палявую сумку «з сякімі-такімі дакументамі і палічылі, што той «падснежнік» ёсць Быкаў».

У любым разе сваё імя прыбіраць адтуль пісьменнік пасля не захацеў.

Біблія па-ўкраінску

У кастрычніку 1965 года Васіль Быкаў у складзе групы савецкіх пісьменнікаў наведаў Рым, дзе праходзіў кангрэс еўрапейскай пісьменніцкай асацыяцыі.

Разам з літоўскім пісьменнікам Юсцінасам Марцынкявічусам і расейскім Васіліем Аксёнавым ён пайшоў на шпацыр убок сабора святога Пятра. У адным з шапікаў яны вырашылі набыць Біблію, бо ў СССР набыць яе не было як.

«На рускай мове блізка не аказалася, служка пайшоў некуды шукаць. Мы чакалі. Урэшце ён прынёс – на жоўтай паперы, у мяккай вокладцы. Але па-ўкраінску. Хлопцы адмовіліся купляць, а я ўзяў – была рызыка правезці цераз мяжу (то ж лічылася недазволенай літаратурай), але рызыкнуў. І пасля чытаў св. пісанне па-ўкраінску, вучыў украінскую мову і Божае слова па ёй», – успамінаў пасля пісьменнік.

Разам звярталіся да расейскай інтэлігенцыі

Васіль Быкаў шмат сябраваў з украінскімі калегамі ды карыстаўся іхнай падтрымкай. Сярод сваіх сяброў ён, напрыклад, згадваў пісьменнікаў і паэтаў Уладзіміра Яварыўскага, Дмытра Паўлычку, Івана Драча, якія ў тым ліку дапамаглі апублікаваць па-ўкраінску аповесць «Мёртвым не баліць».

Вокладка аповесці «Мёртвым не баліць». Крыніца: kp.ru

Таксама Яварыўскі і Быкаў удвох «звярталіся да расейскай інтэлігенцыі, каб дапамагчы нам абараніць нацыянальныя святыні. Водгуку, на жаль, ніякага не мелі».

Дарэчы, і адзін з сыноў беларускага пісьменніка быў жанаты з украінкаю.

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў