Сыну палітзняволенай Таццяны Канеўскай прысудзілі тры гады калоніі


Гомельскі абласны суд 17 чэрвеня вынес прысуд па крымінальнай справе Зміцера Канеўскага за каментар з заклікамі да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем’яў (арт. 130 КК – наўмысныя дзеянні, скіраваныя на распальванне расавай, рэлігійнай, сацыяльнай і іншай варожасці), паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Зміцер Канеўскі.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Справу разглядаў суддзя Руслан Царук.

Зміцеру 26 гадоў, ён – сын палітзняволенай Таццяны Канеўскай. Маладзёна прызналі вінаватым у размяшчэнні ў тэлеграм-канале «Гомель Савецкі 97» каментара з заклікам да гвалту ў дачыненні да міліцыянтаў і іх сем’яў.

Зміцер тлумачыў, што каментар напісаў на эмоцыях і нікога не хацеў заклікаць да гвалту, і сам яго здзяйсняць не збіраўся.

«Я на эмоцыях гэта напісаў. Агрэсія была ў дачыненні да міліцыянтаў, якія займаюцца незаконнай дзейнасцю. У прыватнасці АМАП. Перад напісаннем выпіў 0.5 гарэлкі. Я даведаўся, што амапаўцы ў Лідзе забілі майго калегу Антона Марцінкевіча, мая маці тады была ў турме, ды яшчэ і выбары былі сфальсіфікаваныя», – казаў Канеўскі на першым пасяджэнні.

Гісторыі
«Наша мама ў палоне». Пакуль палітзняволеная Таццяна Канеўская за кратамі, ад рэпрэсіяў цярпіць уся сям’я
2021.04.12 19:08

Са словаў Зміцера, бацька Марцінкевіча, а таксама ягоная дзяўчына паведамілі, што Антон памёр. Следства праверыла гэты факт толькі пасля таго, як Дзмітрый настаяў, і нібыта высветлілася, што Марцінкевіч жывы. Канеўскаму з ім звязацца не дазволілі.

Пад вартай Зміцер знаходзіўся з 27 студзеня. 17 чэрвеня быў агучаны прысуд – тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Дома ў гамельчука засталося малое дзіця – яму крыху больш за паўтары гады

Да шасці гадоў зняволення за нібыта ўдзел у масавых закалотах асуджаная таксама маці Зміцера Канеўскага – Таццяна Канеўская, давераная асоба Святланы Ціханоўскай.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў