Пагражалі згвалціць дручком, павесіць на дрэве, станавіліся на галаву і ўтоптвалі ў асфальт. «Гэта асабістая помста»

32-гадовы мянчук Арцём Анішчук адбывае пакаранне ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15. Яго асудзілі да двух гадоў зняволення за пашкоджанне аўтамабіля жонкі міліцыянта. У пачатку чэрвеня Арцём заявіў, што яго катуюць. Каб гэта спыніць, мянчук праглынуў металічныя прадметы. Праз тыдзень пасля заявы пра катаванні да Арцёма не пусцілі адваката, а доктар калоніі кажа, што ў зняволенага ўсё добра. «Белсат» паразмаўляў з жонкаю палітычнага вязня Вольгаю. Жанчына не верыць супакойванням з боку адміністрацыі калоніі ды вельмі баіцца за мужа.

Так катавалі, што ў іх электрашокеры разладаваліся

Арцёма Анішчука затрымалі разам з кампаніяй яшчэ чацвярых менчукоў у ноч на 29 верасня 2020 года пасля таго, як яны пашкодзілі аўтамабіль жонкі намесніка начальніка аддзелу арганізацыі аператыўна-рэжымнай працы ў папраўчай калоніі, ЛПП Дэпартаменту выканання пакарання МУС Аляксандра Гейца. Мужчыны пракалолі апоны, залілі мантажнаю пенаю дзвярныя праёмы аўтамабіля, нанеслі на палоскі чырвонаю фарбаю.

Арцём і Вольга Анішчукі. Фота: асабісты архіў Вольгі Анішчук

Затрымлівалі менчукоў жорстка, з удзелам узброеных супрацоўнікаў ГУБАЗіК і САХР.

– Арцёму выкручвалі суставы, пагражалі згвалціць дручком, павесіць на дрэве, білі электрашокерам – у вобласці пахвіны, паўсюль. Так катавалі, што ў іх электрашокеры разладаваліся, – распавядае пра затрыманне Вольга, жонка Арцёма. – Арцём пазней распавёў, што яму станавіліся на галаву і ўтоптвалі ў асфальт, рассеклі брыво.

Заяву пра збіццё Анішчук тады пісаць не стаў: спадзяваўся, што, калі не афішаваць, гэта дапаможа змякчыць вырак.

Арцём у той вечар мусіў быў быць на працы: мужчына працаваў у групе аператыўнага рэагавання ў метрапалітэне, вучыў работнікаў рабіць правяранні на станцыях. Але з працы патэлефанавалі ягонай сястры ды сказалі, што ён не выйшаў. Тэлефон Арцёма быў недаступны.

– Я стала тэлефанаваць ува ўсе шпіталі, на гарачыя лініі МУС, нідзе не магла яго знайсці, – згадвае Вольга.

«Пастаянна ўжываліся катаванні». Як адбываюць пакаранне фігуранты справы пра пашкоджанне аўта працаўніка ДВП

Невядомыя назваліся жэсаўцамі і ламалі дзверы сякераю

Пасля марных спробаў даведацца, дзе муж, жанчына напісала заяву пра знікненне.

– Толькі пасля гэтага мне патэлефанаваў супрацоўнік Следчага камітэту і паведаміў, што Арцёма затрымалі ды падазраюць у крымінальным злачынстве, – распавядае мянчанка. – Я тады пайшла дамоў з працы раней, як толькі прыйшла, патэлефанавала ў міліцыю, бо мяне папярэдзілі, што па маёй заяве яшчэ мусяць да мяне дамоў прыйсці. І літаральна праз пяць хвілінаў нехта стаў грукацца ў дзверы. Казалі, каб адчыняла, што яны з ЖЭС. Паказалі нейкае пасведчанне, але я ў ім нічога не паспела разгледзець. Я бачыла траіх людзей у масках, у кепках, якія выглядалі як ціхары, і разумела, што гэта не жэсаўцы.

Вольга сказала няпрошаным гасцям, што хутка мае прыехаць міліцыя, і тады яна адчыніць. Жэсаўцы не сталі чакаць і пачалі выбіваць дзверы.

– Адзін з іх пайшоў па сякеру, і яны сталі мне ламаць дзверы, – згадвае Вольга. – Я тэлефанавала знаёмым, сябрам, усім, каму магла, яны тэлефанавалі ў міліцыю, выклікалі на мой адрас, сама яшчэ раз тэлефанавала ў міліцыю.

Калі прыехала міліцыя, дзверы ўжо выламалі. У кватэру забеглі супрацоўнікі ў шаломах, з аўтаматамі.

– Са мною ніхто не размаўляў, абзывалі с..каю, нічога не тлумачылі, толькі паказалі пастанову на ператрус, – кажа жанчына. – Прывялі сведак – мясцовых алкаголікаў. Каля гадзіны ўсё абшуквалі, забралі тэлефоны. На пытанні, хто мне цяпер паставіць дзверы, адказалі, што трэба было адчыняць адразу.

«Я адчувала, што нешта не тое адбываецца»

Арцём Анішчук правёў два месяцы ў СІЗА на Валадарцы, потым яго перавялі ў Следчую турму ў Жодзіна. Пакуль мужчына быў на Валадарцы, яго звольнілі. Паводле Вольгі, у СІЗА да мужа прыходзіў начальнік і даў падпісаць заяву на звальненне. Жанчына здзіўляецца, як ён мог так проста трапіць да Арцёма, калі нават родным не давалі спаткання.

У канцы лістапада Арцёма перавялі ў Следчую турму ў Жодзіна, дзе ён прабыў пяць месяцаў.

– У СІЗА бывала па-рознаму, і ў Жодзіне ўмовы былі горшымі, чымся на Валадарцы, – кажа Вольга. – Але нідзе не было такога, як цяпер у калоніі, што няма лістоў, не пускаюць адваката. Пра катаванні, збіццё і гаворкі не было. Сем месяцаў чалавек сядзеў у ізалятарах, і ўсё было спакойна, ніхто да яго не меў прэтэнзіяў. А ў калоніі адразу павесілі восем парушэнняў. Гэта не паддаецца ніякаму лагічнаму тлумачэнню.

Да 6 гадоў калоніі – выракі пяці менчукам, якія пашкодзілі аўтамабіль жонкі міліцыянта

3 лютага суд Менскага раёну пакараў Арцёма Анішчука двума гадамі калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). У калонію мужчыну этапавалі 17 красавіка.

Напярэдадні, 13 красавіка, Вользе далі спатканне з мужам:

– Мы тады дамовіліся, што калі пасля этапу ад Арцёма не будзе ніякіх навінаў, то я адпраўлю да яго адваката. І сапраўды доўга не было лістоў. Я адчувала, што нешта не тое адбываецца, інтуітыўна разумела.

Арцём і Вольга Анішчукі. Фота: асабісты архіў Вольгі Анішчук

У калоніі запрапанавалі на выбар дадатковы крымінальны артыкул

Адвакат спрабаваў трапіць да Анішчука чатыры разы – яго не пускалі. Тады Вольга сама паехала ў Магілёў разам з абаронцам.

Адвакат: Зняволены Анішчук глытаў металічныя прадметы, каб спыніць катаванні ў калоніі

Начальнік калоніі нібыта не мог пусціць адваката да Арцёма, бо вязень не пісаў адпаведнай заявы. Паколькі ў Вольгі была даверанасць ад мужа на права подпісу дакументаў ад ягонага імя, яна сама напісала тады заяву начальніку пра допуск адваката:

– Адказ быў – не. Пытаю, чаму не. Проста не. Але мне ўсё зразумела, не пускалі, бо катавалі – і маральна, і фізічна.

Адвакат здолеў трапіць да палітычнага вязня 8 чэрвеня. Тады Арцём заявіў, што яму перашкаджалі напісаць заяву, забіралі паперу, асадкі, асабістыя рэчы, з грашовых сродкаў дазвалялі распараджацца толькі 29 рублямі, прымушалі пад дыктоўку пісаць сваякам лісты, што ўсё нібыта добра, пагражалі расправаю з сям’ёй. Прапанавалі выбраць сабе дадатковы артыкул – напад на супрацоўніка калоніі ці парушэнне рэжыму. Арцём, паводле Вольгі, «выбраў» парушэнне рэжыму, арт.411 Крымінальнага кодэксу, які прадугледжвае яшчэ да года зняволення ў дадатак да тэрміну за хуліганства.

– Я не магла паверыць, што гэта можа быць. Якое парушэнне рэжыму, калі ён і на зоне яшчэ не быў, у каранціне толькі! Дый ён сам па сабе сціплы, нікому не хаміць, не лаецца, – кажа Вольга. – А следчы мне патлумачыў: аказваецца, Арцём двойчы адмовіўся прыбірацца. Але хіба за гэта мусіць быць аж крымінальны артыкул?

«Я баюся таго, што можа здарыцца з маім мужам у калоніі»

Каб спыніць здзекі, мужчына праглынуў металічныя прадметы. Генеральная пракуратура потым заявіла: «падчас асабістай гутаркі з пракурорскім работнікам Арцём Анішчук не выказваў скаргаў на стан здароўя. На пытанне аб прычынах праглынання іншароднага прадмета растлумачыў, што проста хацеў трапіць у медычную частку».

Генпракуратура: Палітвязень Анішчук праглынуў металічны прадмет проста так

Вольга Анішчук не ведае, калі дакладна ейны муж праглынуў металічныя прадметы, але мяркуе, што гэта было ў канцы траўня: з 16 да 26 траўня ён быў у ШІЗА, а перад тым пісаў ліст, што «ў яго ўсё добра, яго не зламалі».

– Праз тыдзень пасля таго ліста – зноў ліст, у якім ён просіць, каб я нічога не публікавала, не агалошвала, – кажа Вольга. – Але я ведаю, як піша мой муж. Гэта не ягоныя словы, гэта ён пісаў пад дыктоўку.

Арцём скардзіўся адвакату на праблемы са здароўем.

– З пракуратуры прыйшла адпіска, што гэта няпраўда, што ў яго ўсё добра, але я не веру, – кажа жонка вязня. – Як мінімум я ведаю, што ў яго праблема з зубамі, нейкая алергія пачалася. Але, думаю, там і больш сур’ёзныя праблемы. У лісце ён прасіў даведацца, што такое інсулінарэзістэнтнасць.

У якім стане Арцём пасля таго, як праглынуў металічныя прадметы, Вольга не ведае. Мужчыну тады вазілі на тамаграфію, але нібыта нічога сур’ёзнага не выявілі.

– Але муж ніколі не скардзіцца, таму я баюся, што ўсё можа быць кепска, – кажа жанчына. – Я баюся таго, што можа здарыцца. На фоне ўсіх гэтых навінаў.

«Я ганаруся, што муж не застаўся ўбаку»

Вольга ўпэўненая, што ўсё, што цяпер адбываецца з Арцёмам, – гэта асабістая помста Аляксандра Гейца, мужа гаспадыні пашкоджанага аўтамабіля, які сябруе з начальнікам калоніі № 15.

– Гейц атрымаў выплату праз страхоўку, мы аплацілі тры тысячы маральнай кампенсацыі і яшчэ тысячу за колы, – кажа Вольга. – Я не разумею, чаму ён ніяк не супакоіцца.

Паводле Вольгі, Арцём пайшоў на гэты ўчынак, пашкодзіў машыну, бо так хацеў выказаць сваю пазіцыю, свой пратэст супраць сітуацыі, што нельга так ставіцца да людзей, як гэта робяць улады, катаваць іх:

– Магчыма, гэта і не зусім правільна, але я не асуджаю яго, гэта ягоны выбар, ягонае рашэнне. Я ганаруся, што ён не застаўся ўбаку, не стаў адседжвацца, чакаць, пакуль іншыя зробяць. Ён быў на добрай пасадзе, але не мог спакойна глядзець, як з людзей здзекуюцца, забіваюць іх. Мы былі занадта шакаваныя тым, што пабачылі 9–11 жніўня. Мы не разумелі, навошта было так біць мірных людзей і чаму людзі не маглі выйсці ды сказаць сваё меркаванне, сказаць: «Вы нам схлусілі». А нам тады схлусілі, і калі б не гэтая хлусня, то не было б усяго гэтага.

Арцёма пазбавілі спатканняў да 21 жніўня. 15 чэрвеня да яго зноў не пусцілі адваката, хоць і быў дазвол ад следчага. Зноў работнікі калоніі спаслаліся на тое, што Арцём не пісаў хадайніцтва пра спатканне з абаронцам.

– Але рэч у тым, што тыдзень таму, калі адвакат быў у Арцёма, яны дамовіліся пра сустрэчу праз тыдзень. З чаго я раблю выснову, што мужу зноў перашкаджаюць, – кажа Вольга.

Якія металічныя прадметы праглынуў палітычны вязень – медычная таямніца

15 чэрвеня Вольга ездзіла ў Магілёў разам з адвакатам, хацела даведацца пра стан здароўя мужа, патрабавала, каб выклікалі доктара калоніі.

– Я прастаяла паўтары гадзіны на спякоце, у мяне паднялася тэмпература. Ніхто так і не выйшаў, – распавядае Вольга. – Потым з’явілася адна з супрацоўніц і сказала, што я мушу напісаць пісьмовую заяву. Я вырашыла напісаць скаргу ў кнізе заўваг і прапановаў, толькі тады да мяне выйшаў намеснік начальніка і паклікаў доктара. Мне так і не сказалі, якія металічныя прадметы праглынуў Арцём, спаслаўшыся на медычную таямніцу, але заявілі, што Арцём ні на што не скардзіцца і ў яго ўсё добра. Але я гэтаму не веру. Мы паехалі з адвакатам у пракуратуру і зноў напісалі скаргу.

Напішыце Арцёму ліст

20 чэрвеня ў Арцёма дзень народзінаў, яму споўніцца 33 гады. Вольга вельмі просіць падтрымаць мужа лістамі:

– Я б хацела, каб у свой дзень народзінаў Арцём адчуваў падтрымку людзей, каб яму пісалі, распавядалі, што адбываецца ў свеце. Бо ён у вакууме, у яго няма там ніякіх навінаў. Я спрабавала падпісаць яго на газеты, часопісы, але мне вярталі чэкі: маўляў, ён сам мусіць падпісвацца. Таму адзінае, што там дапамагае, – гэта лісты.

Вольга лічыць, што цяпер усім беларусам, каб дамагчыся вызвалення палітычных вязняў і змянення сітуацыі, трэба яднацца, не стаяць убаку:

– І найперш трэба думаць пра тых, хто цяпер у турмах, ім трэба падтрымка, іхным сем’ям. Бо мы сядзім разам з імі, мы перажываем усё тое самае, і нам таксама зусім несалодка. Мы ведаем, што там можа быць. Нам трэба трымацца і не апускаць рук, мы ўсё зможам. Дзеля іх. У мяне таксама бывае, што, здаецца, усё. Але, калі я згадваю, што там за нашую волю сядзяць людзі, у мяне з’яўляюцца сілы змагацца.

Напісаць Арцёму Анішчуку можна на адрас: Папраўчая калонія № 15, Слаўгарадская шаша, д. 183, 213105, п/а Вейна, г. Магілёў.

Ганна Ганчар, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны