Медыйныя эксперты: Спробы ўладаў знішчыць свабоду слова – марныя


Журналіст Антон Трафімовіч. Журналісты падчас працы на пратэставай акцыі. Менск, Беларусь. 1 верасня 2020 года.
Фота: Белсат

Пасля таго як улады збілі хвалю вулічных пратэстаў, распачаўся моцны ціск на недзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Незалежныя газеты практычна не могуць не толькі друкавацца, але і распаўсюджвацца ў Беларусі. Ціск зазнаюць і навінавыя інтэрнэт-рэсурсы. Але медыйныя эксперты ў размове з «Белсатам» нагадваюць, што падобныя хвалі ціску на свабоду слова былі і раней. І гэтак жа, як і раней, ціск завершыцца правалам для існага палітычнага рэжыму ў нашай краіне. Гэтым артыкулам «Белсат» працягвае цыкл «Як жыць будзем?» – пра важныя праблемы сучаснасці і будучыні.

Яшчэ з жніўня мінулага года найбуйнейшыя выданні – «Народная воля», «Комсомольская правда в Беларуси» і «Белгазета» – атрымалі адмову з боку тыпаграфіяў на друкаванне. Адначасова з гэтым дзяржаўныя манапалісты «Белпошта» і «Белсаюздрук» адмовілі газетам у распаўсюдзе. Сёлета з падпіснога каталогу выключылі незалежныя газеты «Сваободные новости плюс» і «Новы час». Зазнаюць пераслед і рэгіянальныя выданні. Сярод 12 сябраў Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы 4 выданні («Вольнае Глыбокае», «Брестская газета», «Газета Слонімская», «Intex-press») атрымалі адмову на друкаванне ў друкарнях. Улады разграмілі найбуйнейшы ў краіне інтэрнэт-рэсурс TUT.by.

Размова
Што далей з TUT.by? Сузаснавальнік парталу – пра далейшы лёс
2021.05.20 22:20

Тым не менш гэты ціск на распаўсюд свабоды слова медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі не лічыць беспрэцэдэнтным. Рэч у тым, што і раней назіраліся такія працэсы. Першы выпадак ціску на незалежныя сродкі масавай інфармацыі быў у 1996 годзе пасля рэферэндуму, потым пасля выбараў у 1999 годзе, пазней, у 2001 і 2006 гадах, таксама была зачыстка медыяпрасторы. У выніку традыцыйныя медыі, якія тады мелі значэнне, бо інтэрнэт быў менш дасяжны для аўдыторыі, зніклі ў рэгіёнах, і з’явіліся цэлыя раёны без незалежных СМІ. Па-другое, кабельныя тэлеканалы, якія раней рабілі навіны, перасталі іх рабіць. Беларускія радыёстанцыі пачалі чытаць навіны БелТА, а не рабіць свае выпускі, ці чытаць навіны з іншых крыніцаў.

«Раней, калі закрывалі адно друкаванае выданне, шукалі іншыя сродкі і выхады. Гэтак, у пачатку 2000-х гадоў, калі прыпынілі выхад «Белорусскай деловой газеты», матэрыялы журналістаў выходзілі ў іншых друкаваных выданнях, а калі і іх закрывалі, то падхоплівалі іншыя сродкі. І калі раней гэта было цяжка зрабіць, то цяпер, калі існуе інтэрнэт-прастора, якая выглядае не толькі як сайт, а як і сацсеткі, Telegram-каналы, YouTube-каналы, то свабоду выказвання проста немагчыма знішчыць», – падкрэслівае кіраўнік БАЖ Андрэй Бастунец.

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец.
Фота: БАЖ

Дзякуючы інтэрнэту змогуць выжыць і друкаваныя выданні, якія могуць перайсці ў сеціва. Але сёлета ціск на медыі мае і некаторыя іншыя асаблівасці.

«Цяпер кампанія ціску ўжываецца ў дачыненні інтэрнэт-медыяў, а таксама ў дачыненні асабістай бяспекі журналістаў, што раней было ў меншай ступені. Раней фізічна цярпелі аператары тэлеканалаў, але гэта былі прадстаўнікі расейскага тэлебачання, і гэта не было такою масаваю з’явай, як гісторыі з бясконцымі штрафамі і адседкамі журналістаў, напрыклад, «Белсату», – кажа медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі.

«Журналістаў у Беларусі засталося на два дні»

Паўлюк Быкоўскі кажа, што цяпер у нашай краіне папулярны жарт, што журналістаў засталося ў Беларусі на два дні. У тым сэнсе, што нехта баіцца пераследу і мусіў з’ехаць з краіны, нехта цяпер за кратамі, камусьці няма для каго працаваць, бо ў ягоным рэгіёне адсутнічаюць вольныя медыі, і, магчыма, гэта атрымліваецца забарона на працу. Усё разам даволі моцна ўплывае на сітуацыю.

«Калі журналістаў выцясняюць з іхнай прасторы, то на іхнае месца прыходзяць блогеры, якія не бяруць на сябе адказнасць, якую маюць журналісты. Блогеры не абавязкова правяраюць факты, могуць нават выдумляць, і блогеры не ставяць пытання, што нельга навіны і меркаванні пісаць уперамешку, то бок блытаць жанры. У выніку пры пераследзе традыцыйнай журналістыкі ствараецца сітуацыя, калі ў інфармацыйнай прасторы больш людзей, якія выступаюць з, так скажам, публіцыстычнымі пазіцыямі, чым з навінавым падыходам», – заўважае Паўлюк Быкоўскі.

Журналіст Паўлюк Быкоўскі. Менск, Беларусь. 8 траўня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Медыйны эксперт нагадвае пра феномен гэтак званай барыкаднай журналістыкі. Медыі насуперак прапагандзе займаюцца контрпрапагандаю. Гэта палітызаваная журналістыка, яна можа мець добры рэйтынг, добрыя прагляды, але гэта пераходная форма ад якаснай журналістыкі да нежурналістыкі.

Праўда, палітычныя партыйныя выданні існуюць ува ўсім свеце. Напрыклад, у ЗША выданні перад выбарамі могуць паведамляць, што будуць за рэспубліканцаў ці дэмакратаў, хаця ў прынцыпе там і так вядома, якое выданне мае больш прыхільнасці да якой партыі. У Еўропе іншыя традыцыі, і выданні часта не хочуць мець адназначнай рэпутацыі. Напрыклад, у Польшчы існуюць больш левыя і больш правыя выданні, але нават гэтыя газеты не змешваюць фактаў і каментароў ды не займаюцца прапагандаю.

Аб’ектыў
Палітзняволеныя больш не атрымаюць незалежныя выданні
2021.06.07 22:37

Мэты ўладаў

Эксперты мяркуюць, што праз наступ на медыі ў Беларусі ўлады імкнуцца зачысціць інфармацыйную прастору перад электаральнаю кампаніяй. Магчыма, яны імкнуцца паспець да канстытуцыйнага рэферэндуму ці да мясцовых выбараў, які перанеслі на больш позні перыяд.

«Улады не хочуць ладзіць выбарчай кампаніі ў сітуацыі, калі журналісты могуць «страляць ім у спіну». У выніку яны хочуць больш лаяльнага інфармацыйнага пейзажу, і, каб прыспешыць яго, пазбаўляюцца ад тых, каго лічаць нелаяльнымі або варожымі для сябе. Але зрабіць гэта ў існых варунках проста немагчыма», – кажа Паўлюк Быкоўскі.

Наагул сёння, паводле эксперта, цалкам зачысціць медыйнае поле немагчыма, бо змянілася медыяспажыванне. Раней дзяржава магла кантраляваць камунікацыйныя каналы. Цяпер сітуацыя змянілася настолькі, што зрабіць гэта зрабілася проста немагчыма.

Артыкулы
Дар’я Чульцова і Кацярына Андрэева сталі лаўрэаткамі прэміі Axel-Springer-Preis
2021.06.07 22:49

Марныя спадзяванні Лукашэнкі на тэлебачанне

У пачатку года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цяпер людзі больш увагі надаюць інтэрнэту, прынята лічыць, што традыцыйныя СМІ сябе ўжо зжылі. На ягоную думку, класічныя медыі неабходна зберагаць.

«Апошнім часам пайшлі за тымі, хто кажа пра тое, што і тэлебачанне, тэлевізар, газета ды іншае сябе зжылі, і кніга таксама. Вы ведаеце, камусьці гэта трэба, каб прынізіць ролю класічных сродкаў масавай інфармацыі. Не рабіце гэтага. Мы яго ігнараваць не павінны – інтэрнэт я маю на ўвазе, рознага кшталту тэлеграм-каналы ды іншае. Мы ўбачылі, што гэта вельмі магутная зброя. Але гэтая зброя толькі ў нейкай частцы назаўжды. Вось паглядзіце, нават пры маім жыцці, не кажучы ўжо пра вас, вы ўбачыце завяданне гэтага феерверку – інтэрнэту. Я схіляю вас да таго, што не адмаўляйцеся ад гэтай класікі. Тэлевізар – гэта лад жыцця, гэта лад мыслення», – лічыць Лукашэнка.

Людзі пратэстуюць супраць дзяржаўнай прапаганды падчас мітынгу. Менск, Беларусь. 23 жніўня 2021 года.
Фота: Белсат

Андрэй Бастунец звяртае ўвагу, што цяпер улады проста не разумеюць, што вырасла нават другое пакаленне пасля таго, як ён прыйшоў да ўлады. І цяпер гэтае пакаленне калі і глядзіць тэлебачанне, то толькі ў стане адмоткі туды-сюды і не прапагандысцкія навіны ці перадачы, а футбол ці кіно. А крыніцы для навінаў – толькі інтэрнэт. Тыя ж, хто шукае інфармацыю ў тэлебачанні, паступова адыходзяць, прынамсі з актыўнага сацыяльнага і палітычнага жыцця.

Аб’ектыў
Дзень (не)свабоды прэсы ў Беларусі
2021.05.03 22:43

Сяргей Ягораў belsat.eu

Стужка навінаў