Вынікі пошуку для:

Асуджаны ў «карагоднай справе» берасцеец: Я татарын, але не дам знішчыць беларускага народу, яго культуры і зямлі

46-гадовы Раман Яхін нарадзіўся ў Баку, але апошнія 30 гадоў жыве ў Беларусі, дзе стаў сваім. Раней палітыка яго не цікавала. Але калі мужчына пабачыў тое, што адбылося ў Беларусі ў першыя тры дні пасля прэзідэнцкіх выбраў, проста не мог заставацца ўдома і пайшоў абараняць беларускі народ. Гэта вылілася ў крымінальную справу, чатыры месяцы ў СІЗА і два гады «хатняй хіміі». Судзілі спадара Рамана ў Берасці ў так званай карагоднай справе. Рамана Яхіна прызналі палітычным вязнем. Затрымалі мужчыну 9 лютага, за тры дні да ягонага дня народзінаў.

Раман Яхін. Фота: МХ / Белсат

– 9 лютага мне патэлефанаваў следчы і сказаў, каб я тэрмінова прыйшоў у Следчы камітэт, з адвакатам і пашпартам. Я зразумеў, што адбываецца нешта не тое, і самыя кепскія думкі пацвердзіліся: мне змянілі меру стрымання, і я апынуўся ў СІЗА. Дакладна сказаць не магу, чаму было прынята такое рашэнне, але я зразумеў, што гэта загад пракуратуры, якая нібыта даведалася, што я браў удзел у акцыі ў Менску, – кажа ў размове з «Белсатам» Раман Яхін.

У СІЗА № 7 мужчыну кідалі з камеры ў камеру. Спадар Раман мае інваліднасць, ён хворы на эпілепсію.

Ягоны адвакат пяць разоў звяртаўся з хадайніцтвам пакінуць Яхіна на свабодзе, але вязень быў вымушаны правесці чатыры месяцы ў заключэнні:

– Стаў звяртацца да дактароў і патрабаваць дапамогі, але замест гэтага пачуў ад іх, што калі я не перастану да іх звяртацца, то апынуся, там, дзе апынуцца ніхто не хоча. І пагрозы былі зрэалізаваныя на практыцы: на наступны дзень мяне пасадзілі ў склеп, да гэтага ён быў зачынены, нікога там не было, я там першы апынуўся.

Раней там сядзелі людзі пасля суда, але паўгода таму там выявілі сухоты, яго зачынілі. У склепе вельмі кепскія ўмовы: усё старое, вільготнасць, нізкая столь, бетонная падлога, няма гарачай вады.

«Калі здамся я, усё рухне як картачны дамок». 22-гадовая Луіза стала апірышчам для двух братоў-палітвязняў

У склепе мужчына захварэў на гаймарыт, але лячыць яго ад гэтай хваробы не сталі:

– Далі толькі шэсць таблетак і сказалі, што курс лячэння я прайшоў. Я прасіў таблетак, а яны мне казалі, што ў іх лекаў няма, маім жа бацькам казалі, што я ўсім забяспечаны. Яны проста не хочуць лячыць, я да гэтага часу адчуваю наступствы той хваробы.

На гэтым выпрабаванні для палітычнага вязня не скончыліся. Да яго ў камеру пасадзілі некалькі псіхічнахворых асобаў, у выніку спадар Раман паўтара тыдня не мог спаць, бо баяўся за сваё жыццё:

– Як толькі закрываў вочы, адзін з іх падыходзіў да мяне, глядзеў, нешта шаптаў. Гэта спынілася пасля таго, як я на праверцы сказаў, што, калі яны не хочуць, каб нешта здарылася, няхай прыбяруць яго ад мяне.

Раман Яхін. Фота: МХ / Белсат

У СІЗА № 7 стаўленне да палітычных спецыфічнае: адміністрацыя робіць усё, каб зламаць чалавека, каб ён больш не выходзіў на пратэст. Паводле спадара Рамана, без парушэнняў нерэальна пратрымацца і тыдзень, а калі будзе каманда, то ў дзень будзе па пяць парушэнняў:

– Нельга прысесці на ложак: адразу парушэнне, калі прыляжаш, можаш паехаць у карцар, калі няголены – у карцар, любое, на іхную думку, парушэнне – адразу ў карцар. Некаторыя наглядчыкі вялі сябе як звяры: стаіш – яны патрабуюць, каб сеў, сеў – пачынаюць гарлапаніць, каб устаў. Абсурдныя патрабаванні. Там амаль усё забаронена. Напрыклад, я выпраў у камеры рэчы, а сушыць мне іх нідзе нельга. Пры гэтым кажуць, што маюць пральню – 15 рублёў з камеры. Але парашку не маюць. Але нават калі быў гэты парашок: прынеслі мокрыя рэчы, а сушыць іх нельга.

Раман Яхін кажа, што стаўленне работнікаў СІЗА рознае: хто працуе даўно, ставяцца больш-менш нармальна, а вось тыя, хто прыйшоў нядаўна, да людзей ставяцца вельмі дрэнна, нахабна і дзёрзка. Берасцейскае СІЗА праз біржу працы ўвесь час шукае працаўнікоў. Напрыклад, ахоўніку прапануюць 950 рублёў.

– У мяне з імі быў пастаянны канфлікт. Я прасіў, каб яны звярталіся да мяне, як да чалавека, а не жывёліны. Але яны ўсё роўна не разумелі: альбо яны спрабуюць так прабіцца ўверх, альбо наагул неадэкватныя, – адзначае вязень.

«Паклалі на падлогу, і кожны, хто праходзіў побач, біў нагамі». Як катавалі і судзілі 19-гадовага пінчука

На палітычных вязняў увесь час ціснуць, не аддаюць лістоў і перадачаў.

– Інфармацыі ў людзей ніякай не было, а персанал турмы казаў палітычным, што сваякі і ўсе на волі ад іх адмовіліся, ніхто дапамагаць не будзе. Гэта рабілася адмыслова. Але трэба разумець, што гэта звычайныя словы, а ім веры няма, тым больш калі ты ім не верыш. З многімі яны праводзілі гутаркі на палітычныя тэмы, але яны першы час глядзяць на чалавека: калі чалавек паддаецца на гэта, то яны вядуць з ім падобныя размовы. Са мною ніякіх размоваў не было. Хіба што падсаджвалі правакатараў, – згадвае Раман Яхін.

Мужчыну адмыслова не садзілі з палітычнымі: напэўна, каб яны не маглі абмяркоўваць навінаў і падтрымліваць адно аднаго. У СІЗА Раман Яхін праз тэлевізар першы раз у жыцці пабачыў Азаронка:

– З 90-х гадоў не глядзеў беларускага тэлебачання, а ў СІЗА стаяў тэлевізар, давялося бачыць усю гэтую прапаганду. Гэта было вельмі складана, бо не мог ні з кім падзяліцца. З палітычнымі мяне не саджалі, а з астатнімі складана было гаварыць. Першы раз у жыцці я пачуў Азаронка, і калі пачуў – проста закрычаў: «Давайце выключым гэта!» Бо слухаць нармальнаму чалавеку гэта нельга. Калі ідуць людзі з кветачкамі, а Азаронак кажа, што гэта тэрарысты.

Але пазней не было і гэтага.

Наступіў момант, калі адключылі тэлебачанне, перасталі прыходзіць лісты, не аддавалі чэкаў, каб чалавек не бачыў, ад каго паступаюць грошы. Поўная інфармацыйная ізаляцыя.

Таксама спадар Раман адзначае, што частка крымінальнікаў супрацоўнічае з адміністрацыяй, а ўсе размовы ў камеры запісваюцца. Аднойчы мужчыну правялі да доктара, а той працытаваў словы, сказаныя вязнем у камеры.

Раман Яхін непадалёк ад таго самага «вадамётнага» скрыжавання. Фота: МХ / Белсат

8 чэрвеня Рамана Яхіна асудзілі на два гады «хатняй хіміі». Мужчына ўпэўнены, што нельга здавацца, беларускі народ пераможа і будзе вольным:

– Калі здацца, то яны ператвораць нас у рабоў. Я перакананы, што беларусы не здадуцца, я ўбачыў якія гэта моцныя людзі. Я татарын з нацыянальнасці, нарадзіўся ў Баку, жыву ў Беларусі, я ніколі не хадзіў на выбары, бо не верыў у іх. Але я ўбачыў, як людзі з’ядналіся. У гэтага народу ёсць моц і патрэба ў свабодзе. У жніўні я не мог глядзець абыякава, што адбываецца ў краіне. Я татарын, але не дам знішчыць беларускага народу, яго культуры і зямлі, бо я тут жыву і лічу Беларусь сваім домам.

Цяпер Раман Яхін вучыць беларускую мову. Пакуль яна даецца яму цяжка, алё і тут ён упэўнены: усё ўдасца.

«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»

«Ён не хацеў стаць другім Ромам Бандарэнкам». Хто такі Арцём Баярскі – стыпендыят фонду Лукашэнкі, якога абвінавацілі ў экстрэмізме

Гадаваць янотаў і паехаць у кругасветнае падарожжа. Асуджаны на 7 гадоў Яўген Афнагель абмяркоўвае з жонкаю планы пасля вызвалення

АС, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны