За страту крэйсера «Масква» знялі з пасады і арыштавалі камандзіра Чарнаморскага флоту Расеі


Галоўнае ўпраўленне выведкі Міністэрства абароны Украіны сцвярджае, што праз страту крэйсера «Масква» ў Расеі адхілілі ад пасады і арыштавалі камандзіра Чарнаморскім флотам, віцэ-адмірала Ігара Осіпава.

У дачыненні начальніка штабу Чарнаморскага флоту віцэ-адмірала Сяргея Пінчука, паводле звестак ведамства, таксама вядуць расследаванне.

Ігар Осіпаў.
Фота: rus.team

Тыдзень таму ў расейскіх СМІ абмяркоўвалі тое, што камандуючы Чарнаморскім флотам не з’яўляўся на публіцы з моманту затаплення крэйсера «Масква» 14 красавіка. Тады розныя крыніцы меркавалі, што Ігар Осіпаў мог сам быць на крэйсеры «Масква» падчас нападу на карабель.

Таксама Осіпаў адсутнічаў на парадзе Перамогі ў Севастопалі, замест яго парад прымаў віцэ-адмірал Сяргей Пінчук. Таксама галоўнакамандуючы Чарнаморскім флотам прапусціў у Севастопалі канцэрт на падтрыманне ВМФ 13 траўня.

У акваторыі Чорнага мора 13 красавіка крылатая ракета «Нэптун» трапіла ў расейскі ракетны крэйсер «Масква». Ён стаў самаю дарагою вайсковаю стратаю Расеі ў вайне з Украінаю. Журналісты «Forbes» ацанілі яго кошт на $ 750 млн. Карабль праектавалі ўкраінскія канструктары, будавалі яго ў Мікалаеве, а праз 43 гады «Масква» пагражала ўкраінскім гарадам, у тым ліку Мікалаеву, пакуль не патанула 14 красавіка.

У Міністэрстве абароны РФ спачатку адмаўлялі здарэнне, а пасля сцвярджалі, што на караблі адбылася дэтанацыя боепрыпасаў, а патануў, калі яго буксавалі.

Hавiны
«Дзед не мог уявіць, што крэйсер будзе пагражаць Украіне». Унук канструктара «Масквы» пра самую дарагую страту войскаў РФ
2022.04.17 14:33

АД, belsat.eu

Стужка навінаў