Валанцёры мусяць прабірацца скрозь мінныя палі. Як жыве акупаваны Херсон


Ва Украіне працягваецца 83-і дзень вайны. У першыя тыдні расейскага ўварвання горад Херсон быў акупаваны. Неўзабаве з’явіліся звесткі, што былы курортны горад апынуўся на мяжы гуманітарнай катастрофы, пачаліся адвольныя выкраданні праўкраінскіх актывістаў, а людзі, якія імкнуцца выбрацца з гораду, мусяць фактычна прабірацца скрозь мінныя палі. Карэспандэнт «Белсату» з Херсону Сяргей Нікіценка распавёў у жывым эфіры тэлеканалу пра сітуацыю ў горадзе.

Праўкраінскі мітынг у Херсоне, Украіна.
Фота: dialog.ua

Ці адбудзецца рэферэндум?

2 месяцы таму, пасля таго, як войскі РФ занялі горад, у СМІ пачала з’яўляцца інфармацыя, што акупацыйныя ўлады вобласці збіраюцца правесці рэферэндум аб далучэнні да Расеі. Аднак журналіст выказаў меркаванне, што правядзенне рэферэндуму малаверагоднае.

«Мы чуем апошнія 2 месяцы пра рэферэндум – і гэта ні разу не было агучана афіцыйнымі асобамі. Больш фэйкавыя заявы. Хутчэй за ўсё, гэта спробы трапіць у прэсу з боку некаторых асобаў. Расея нешта робіць, але рэферэндум прадугледжвае наяўнасць людзей, якія прыйдуць і прагаласуюць. Цяпер масавага жадання няма. Ніхто не хоча жыць у тым, што стварыў «русский мир», – кажа Нікіценка.

Журналіст адзначыў, што жыхары Херсону цяпер атрымліваюць гуманітарную дапамогу з Расеі і, магчыма, акупанты разлічваюць такім чынам сабраць базу людзей для карцінкі. Таксама ў людзей, асабліва з прадмесцяў, збіраюць пашпартныя звесткі ў абмен на гуманітарную дапамогу.

Выкраданні працягваюцца

Сяргей Нікіценка паведаміў, што ў Херсоне працягваецца тэрор супраць цывільнага насельніцтва. Ён заявіў, што лічбы часта гучаць розныя. Нядаўна была інфармацыя пра 400 зніклых без звестак, а ўчора заявілі пра 273 скрадзеных. Журналіст паведаміў, што людзей затрымліваюць наўпрост на вуліцах, ва ўласных дамах, учыняюць ператрусы.

«Затрымліваюць розных людзей: былых супрацоўнікаў паліцыі, ветэранаў АТО, палітыкаў. Цяпер хапаюць усіх запар. У Кахоўцы арыштавалі футбольнага трэнера. Некаторыя надоўга ўжо зніклі. Мэр Херсону – Уладзімір Мікалаенка – ужо амаль месяц у палоне, былы губернатар Пуцілаў, мэр Голай Прыстані, адсутнічае паўтара месяца», – адзначыў Нікіценка.

Таксама журналіст дадаў, што выкрадзеных людзей дапытваюць і катуюць, у тым ліку расейскія прапагандысты. Людзей катуюць перад камерамі і прымушаюць выракацца сваіх ідэяў, а пасля паказваюць на расейскім тэлебачанні.

У горадзе сканчаюцца медыкаменты. Валанцёры рызыкуюць жыццём

Нікіценка паведаміў, што праз два з паловай месяца расейскай акупацыі ў горадзе ўтварыўся дэфіцыт медыкаментаў. У такіх абставінах моцна дапамагаюць украінскія валанцёры, якія стала рызыкуюць жыццём.

«Валанцёры мусяць прывозіць медыкаменты з рызыкай для жыцця. Прабіраюцца цераз мінныя палі, едуць пад абстрэламі. Учора загінуў адзін валанцёр, машыну якога проста абстралялі», – заявіў Нікіценка.

Таксама журналіст паведаміў, што многія лекі працягваюць адсутнічаць у горадзе, бо іх цяжка даставіць. Здараюцца выпадкі, калі жаўнеры так званай ДНР наўпрост спыняюць машыны і забіраюць лекі. Медыкаменты адсутнічаюць не толькі ў шпіталях, але ў насельніцтва.

Таксама Нікіценка заявіў, што людзі маюць вялізныя праблемы з выездам з гораду.

«За 82 дні вайны ніводзін гуманітарны калідор не быў адкрыты для Херсону. Усе выязджалі з рызыкай для жыцця. Людзі едуць палямі сярод мінаў. Шмат выпадкаў падрываў і раненняў было. Людзі часам калонамі стаяць пры месцах баявых дзеянняў, бо на акупаваных тэрыторыях фактычна немагчыма жыць», – заявіў Сяргей Нікіценка.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў