Вайна ва Украіне. Падсумоўваем асноўныя падзеі на вечар 17 траўня


«Белсат» падводзіць вынікі апошніх содняў поўнамаштабнай вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Пра галоўныя падзеі на вечар 17 траўня чытайце ў нашым аглядзе.

Расейская ракета раскалола на дзве часткі пяціпавярховік у Бахмуце, Данеччына. 17 траўня 2022 года.
Фота: pavlokyrylenko_donoda/ Telegram

Паводле аператыўных звестак Генеральнага штабу ЗСУ, з моманту поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну страты расейскага войска дасягнулі 27 900 чалавек забітымі.

Цягам апошніх содняў расейскія войскі працягвалі абстрэльваць тэрыторыю Украіны з артылерыі ды авіяцыі. У Данецкай вобласці абстрэлы прайшлі па ўсёй лініі фронту, у Луганскай вобласці ўдарылі па Севераданецку, у Чарнігаўскай вобласці абстралялі Дэсну, у Сумскай – Ахтырку, у Львоўскай вобласці расейская ракета патрапіла ў вайсковы аб’ект на тэрыторыі Явараўскага раёну.

Пры гэтым кіраўнік Курскай вобласці РФ Раман Старавойтаў паведаміў пра ранішні абстрэл сяла Аляксееўка на мяжы з Украінаю.

Намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр паведаміла пра эвакуацыю 264 вайскоўцаў з тэрыторыі «Азоўсталі» на тэрыторыю «ДНР»: 53 з іх цяжка параненыя, іх завезлі ў шпіталь у для надання медычнай дапамогі, яшчэ 211 абаронцаў «Азоўсталі» былі дастаўленыя ў Аленаўку. Вайскоўцаў збіраюцца вярнуць ва Украіну паводле працэдуры абмену.

Разам з тым спікер Дзяржаўнай думы РФ Вячаслаў Валодзін падчас паседжання парламенту заявіў, што байцы палка «Азоў» не павінны абменьвацца на палонных расейцаў і запатрабаваў падрыхтаваць адпаведную пастанову.

Hавiны
Намесніца міністра абароны Украіны паведаміла пра эвакуацыю вайскоўцаў з «Азоўсталі»
2022.05.17 08:34

У гэты ж час намеснік кіраўніка МЗС РФ Андрэй Рудэнка заявіў, што перамовы паміж Украінай і Расеяй прыпыненыя. Гэтую інфармацыю пацвердзіў дарадца кіраўнік Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк.

Камісар у пытаннях замежнай палітыкі і бяспекі краінаў Еўразвязу Жузэп Бурэль заявіў, што ЕЗ ні ў якім разе не збіраецца прызнаваць за Расеяй акупаваныя тэрыторыі ды спадзяецца, што з вайсковым і фінансавым падтрыманнем Украіна здолее вярнуць часова захопленыя землі. У тым ліку ЕЗ не прызнае захопленых тэрыторыяў за Расеяй нават у абмен на рэжым спынення агню.

Пры гэтым ЕЗ ухваліў 500 мільёнаў еўраў дапамогі для абароны Украіны. Грошы на пастаўку зброі выдаткуюць з Еўрапейскага фонду міру, які не ўваходзіць у бюджэт ЕЗ, а ўтвараецца коштам унёскаў дзяржаваў-сябраў і прызначаны для фінансавання аперацыяў для бяспекі ЕЗ.

Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны заявіла, што праз страту крэйсера «Масква» у Расеі адхілілі ад пасады і арыштавалі камандуючага Чарнаморскім флотам, віцэ-адмірала Ігара Осіпава. Таксама пачалі расследаванне ў дачыненні начальніка штабу Чарнаморскага флоту, віцэ-адмірала Сяргея Пінчука.

У Херсонскай вобласці расейцы ўводзяць сістэму пропускаў для жыхароў рэгіёну. На думку намесніка старшыні Херсонскай абласной рады Юрыя Сабалеўскага, гэта можа ўскладніць мірным жыхарам выезд з рэгіёну.

Hавiны
На Херсоншчыне расейскія войскі працягваюць выкрадаць людзей
2022.05.17 09:48

Віцька Кавалак, belsat.eu

Стужка навінаў