«Стэфанія-экспрэс» прыбыў у Кіеў. Першы яго пасажыр – музыка з «Kalush Orchestra»


17 траўня ў Кіеў прыбыў першы цягнік «Стэфанія-экспрэс», названы ў гонар украінскага рэп-гурта «Kalush Orchestra», які з песняй пра «Стэфанія» перамог на «Еўрабачанні-2022». Адным з першых пасажыраў экспрэсу быў удзельнік гурта-пераможцы Ігар Дзідэнчук.

Ігар Дзідэнчук каля цягніка «Стэфанія-экспрэс» выконвае ўрывак з песні, якая перамагла на «Еўрабачанні-2022». Ігар грае на сапілцы – украінскім народным духавым музычным інструменце. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Для Украіны цяпер кожная перамога важная. Як бы там ні было, гэтая перамога – маленькі крок да вялікай нашай перамогі», – сказаў Ігар Дзідэнчук падчас імправізаванай прэс-канферэнцыі на пероне чыгуначнага вакзалу.

Музыка прызнаўся, што рашэнне сказаць на сцэне пра Марыупаль і неабходнасці ратаваць вайскоўцаў з «Азоўсталі» было прынятае «ўціхую» – «бо мы не ведалі, парушым правілы ці не».

Ігар Дзідэнчук, удзельнік музычнага гурта «Kalush Orchestra», на пероне каля цягніка «Стэфанія-экспрэс». Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

«Але, як я ўжо казаў, лічым, што зрабілі ўсё слушна», – сказаў Дзідэнчук.

Пасля перамогі гурт атрымлівае шмат прапановаў выступіць. «Будзем ездзіць па свеце і распавядаць пра Украіну», – сказаў музыка. Паабяцаў, што ўжо бліжэйшым часам з’явяцца новыя песні.

Супрацоўніцы патрульнай паліцыі, якія ахоўваюць вакзал, падышлі да Ігара Дзідэнчука, каб узяць аўтограф. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Украінская чыгунка пераназвала цягнік № 43/44 Івана-Франкоўск – Кіеў у «Стэфанія-экспрэс» у гонар перамогі «Kalush Orchestra» на «Еўрабачанні-2022».

«Па-першае, у гэтым нашая пашана і ўдзячнасць для іх, а па другое – гэта папулярызацыя гэтага маршруту. Мы хацелі, каб больш турыстаў паехала б у Калуш. Гэта карысна для папулярызацыі Украіны, у тым ліку і за яе межамі. Мы ўпэўненыя, што на «Еўрабачанне» ў наступным годзе прыедзе вялікая колькасць гасцей з-за мяжы, і, калі пабачаць «Стэфанія-экспрэс», у іх зʼявіцца жаданне праехацца гэтым цягніком», – расказаў намеснік дырэктара кампаніі Аляксандр Шаўчэнка.

Фанат музычнага гурта «Kalush Orchestra» з фірмовай ружовай панамай у руках. На ёй аўтограф Ігара Дзідэнчука. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Кіраўнік пасажырскага кірунку Украінскай чыгункі Аляксандр Пярцоўскі ўдакладніў, што «Стэфанія-экспрэс» быў запушчаны літаральна на наступны дзень пасля перамогі «Kalush Orchestra». Цягнік будзе прыпыняцца ў Калушы – мястэчку, у гонар якога названы музычны калектыў, а ў вагонах будуць прадаваць ружовыя панамы – сімвал «Kalush Orchestra».

Вайсковец у фірмовай ружовай панаме «Kalush Orchestra», які прыйшоў падтрымаць музыку. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Пераможца «Еўрабачання» гурт «Kalush Orchestra» названы ў гонар райцэнтру Калуш на паўночным захадзе Івана-Франкоўскай вобласці, дзе нарадзіўся лідар рэп-гурта і аўтар песні «Стэфанія» Алег Псюк.

Табло на першым пероне чыгуначнага вакзалу з надпісам «Стэфанія-экспрэс». Цягнік № 44 злучэння Кіеў – Івана-Франкоўск пераназвалі ў гонар песні, з якой гурт «Kalush Orchestra» перамог на «Еўрабачанні». У сваю чаргу песня названая ў гонар маці саліста гурта. Кіеў, Украіна. 17 траўня 2022 года.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

У песні «Стэфанія» музыка распавядае пра сваю маці.

Аб’ектыў
«Мы паказалі, што ўмеем не толькі ваяваць!» Украіна перамагла на «Еўрабачанні»
2022.05.15 23:32

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў