Што думаюць беларусы пра прызнанне дранікаў культурнай каштоўнасцю – і якія стравы свету ўжо маюць такі статус


Улюбёныя стравы беларусаў – дранікі і бабку – неўзабаве могуць прызнаць гістарычна-культурнай каштоўнасцю Беларусі. Прапанову надаць адпаведны статус стравам з таркаванай бульбы аднагалосна падтрымала Рэспубліканская навукова-метадычная рада пры Міністэрстве культуры. Услед за гэтым стравы беларускай кухні могуць залучыць у спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО.

Такі статус хочуць надаць традыцыі прыгатавання і ўжывання страваў з таркаванай бульбы. Аднак ці не будзе паяданне дранікаў лічыцца знішчэннем гістарычна-культурнай каштоўнасці? Што пра гэта думаюць беларусы – і якія стравы сусветнай кухні яшчэ маюць падобны статус?

Гатаванне дранікаў.
Фота: ВО / Белсат

Ужо цяпер Міністэрства культуры афіцыйна зарэгістравала 235 народных рэцэптаў ежы з таркаванай бульбы.

У выпадку, калі дранікі, бульбяныя бліны і бабка з’явяцца ў Дзяржаўным спісе гістарычна-культурных каштоўнасцяў, паводле закону, знішчэнне нематэрыяльнай каштоўнасці ці здзек з яе можа прывесці да адміністратыўнага ці крымінальнага пакарання.

Аднак кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ўпэўнены, што пакарання за паяданне дранікаў не будзе. Яшчэ ў 2018 годзе Латушка, які быў тады на пасадзе беларускага амбасадара ў Францыі, прапанаваў ідэю ўключыць дранікі ў спіс ЮНЭСКО.

«Найбліжэйшым часам плануем прапанаваць ЮНЭСКО ўнесці беларускія дранікі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Мы ўжо пачалі працэс перагавораў з падтрыманнем нашай місіі ў Парыжы і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Перакананы, што гэта добрая ідэя.

Кухня – нашае жыццё. Яна не толькі элемент кожнага дня, але і мастацтва. Дранікі – гэта ўжо сфармаваны сімвал беларускай культуры, але лічу, што гэта не адзіная беларуская страва, якая можа папоўніць гэты спіс», – казаў тады Латушка ў каментары парталу «Минск-Новости».

Аднак тады былы амбасадар атрымаў адмову, маўляў, дранікі належаць не толькі беларускай нацыянальнай кухні: іх можна сустрэць, у прыватнасці, ва ўкраінскай (мясцовая назва «деруни»), рускай, габрэйскай («латкес»), польскай («placki ziemniaczane») ды іншых заходніх кухнях. Першапачатковы рэцэпт дранікаў прыпісваюць нямецкай кухні, дзе ёсць рэцэпт аладак з бульбы («kartoffelpuffer»). Пасля гэтага рэцэпт дранікаў увайшоў у кнігу рэцэптаў аўтара Яна Шытлера на тэрыторыі ВКЛ. Цяпер жа дранікі сапраўды сталі сімвалам беларускай кухні.

Менавіта паходжанне дранікаў і пастанова ўключыць іх у спіс нематэрыяльных каштоўнасцяў выклікала крытыку і дыскусію сярод этнолагаў і гісторыкаў.

Так, у сацсетках гэтая пастанова, з аднаго боку, выклікала прэтэнзіі ўвогуле да беларускай сістэмы нематэрыяльнай спадчыны. Нібыта дранікі – гэта пазычаная спадчына, а ў самой краіне ёсць і іншыя ўнікальныя нематэрыяльная з’явы, што знікаюць і вымагаюць увагі. Напрыклад, старажытныя традыцыі і абрады.

Некаторыя лічаць залучэнне ў спіс брэндаваннем, а насамрэч гэта, маўляў, ніяк не дапамагае ў захаванні традыцыі. Таксама ўзнікаюць пытанні да працэдуры надання статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці: збіраць спіс існых прадметаў паводле заяўнага прынцыпу.

Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры разгледзела прапанову аб наданні статусу гістарычна-культурнай каштоўнасці традыцыям прыгатавання і спажывання страваў з таркаванай бульбы. 13 траўня 2022 года.
Фота: minkultrb/Telegram

Аднак, на думку дырэктара фонду «Культурная спадчына і сучаснасць» Алы Сташкевіч, беларускія традыцыі гатавання і ўжывання страваў з таркаванай бульбы адносяцца да традыцыйных ведаў і практык, звязаных з кулінарыяй. Дык чаму мы не можам аднесці іх да сваіх?

Так, у першым артыкуле Міжнароднай канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО даецца падрабязнае тлумачэнне гэтай самай культурнай спадчыны. У артыкуле сказана, што гэта звычаі, формы выказвання і ўяўлення, а таксама веды і навыкі, што перадаюцца ад пакалення да пакалення і ўвесь час узнаўляюцца групамі.

«Кухня – гэта, я вам скажу, увогуле гісторыя пазычанняў. А калі гэта адбылося, з пункту гледжання Канвенцыі 2003 г., – зусім не мае значэння. Галоўнае, прызнае ці не прызнае гэтую з’яву сваёй пэўная супольнасць.

Не бачу падставаў, каб ганьбіць ініцыятыву мноства людзей і тым больш прафесійную экспертную ацэнку таго ж Т. А. Навагродскага ды іншых надаць такой цікавай беларускай з’яве, як стравы з таркаванай бульбы, статус нацыянальнай нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці. Мы ўсе гэтую кулінарную традыцыю практыкуем, любім, ужываем з дзяцінства, чаму тады сумневы?» – піша Ала Сташкевіч.

Якія яшчэ стравы залучаныя ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны?

У спісе сусветнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО ўжо ёсць стравы нацыянальных кухняў розных краінаў. Так, напрыклад, у спіс уваходзіць уся французская гастранамічная культура: выбар свежых сезонных прадуктаў, падбор напояў, строгі парадак падачы страваў і доўгія вячэры. Цяпер жа Федэрацыя пекараў Францыі намінавала іх вядомы багет на залучэнне ў рэестр нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Такім чынам яны жадаюць дамагчыся абароны сапраўдных рэцэптаў, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Пекары асцерагаюцца, што багеты з традыцыйных пякарняў будуць выцесненыя тымі, што прадаюцца ў супермаркетах.

Мексіканская кухня таксама ў поўным складзе ўвайшла ў спіс ЮНЭСКО: кулінарныя рэцэпты краіны прыйшлі з глыбокай даўніны.

Харвацкія пернікі
Фота: Seanpu1/ Wikipedia

Акрамя гэтага, у спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны трапілі неапалітанская піца, бельгійскае піва, што падбіраецца асобна да кожнай стравы, харвацкія пернікі, рэцэпт вострай карэйскай капусты кімчы, узбекскі і таджыкскі плоў, армянскі лаваш і асаблівы спосаб прыгатавання турэцкай кавы.

Рэпартаж
«Будзем спяваць да перамогі!» У Варшаве адкрылі «ІнБелКульт 2.0»
2022.05.16 23:12

АД belsat.eu

Стужка навінаў