Антыпуцінская кааліцыя на мапах. Якія краіны падтрымліваюць Украіну ў вайне


Агрэсія Расеі супраць Украіны прывяла да фармавання вялікага блоку краін, якія падтрымліваюць Кіеў і так ці інакш супрацьстаяць Маскве. Дзесьці падтрыманне ідзе на ўзроўні галасавання ў ААН, а дзесьці – паставак зброі. Карэспандэнты «Белсату» паглядзелі, якія краіны так ці інакш сталі на бок Украіны ў гэтай вайне.

Найбольшай (колькасна) падтрымкай іншых краін Кіеў карыстаецца на ўзроўні Арганізацыі аб’яднаных нацыяў. З пачатку вайны ў ААН прынялі ўжо тры рэзалюцыі з асуджэннем дзеянняў Расеі, за якія сумарна прагаласавалі 144 краіны са 193, што ўваходзяць у арганізацыю.

Гэтак, рэзалюцыю 2 сакавіка з патрабаваннем вываду расейскіх войскаў падтрымала 141 краіна, рэзалюцыю 24 сакавіка адносна гуманітарных наступстваў вайны – 140 краін, а за выключэнне РФ з Рады ААН правоў чалавека ад 7 красавіка прагаласавалі 93.

Краіны, якія падтрымлівалі Украіну падчас галасаванняў у ААН: тры разы (чырвоны), два разы (памяранчавы) і адзін раз (ружовы). Інфаграфіка: Белсат

Агулам усе тры рэзалюцыі падтрымалі 93 краін па ўсім свеце, па дзве з іх – 45. Яшчэ шэсць краін падтрымалі толькі адзін дакумент. Дарэчы, Расея падчас гэтых галасаванняў карысталася падтрымкай толькі 24 краін, з іх толькі пяць (сама РФ, КНДР, Эрытрэя, Сірыя і лукашэнкаўская Беларусь) увесь час галасавалі так, як было выгадна Крамлю.

Але галасаванне ў ААН – гэта той мінімум, на які гатовыя пайсці краіны. Да рэальных дзеянняў датычная меншая колькасць дзяржаваў, але і тут спісы ўражваюць. Напрыклад, казаць пра санкцыйны ціск на Расею. З моманту прызнання Крамлём «ЛНР» і «ДНР» да санкцыяў у дачыненні да Масквы далучыліся ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Паўднёвая Карэя, Вялікая Брытанія, 27 краінаў Еўразвязу і звязаныя з імі пагадненнямі іншыя краіны Еўропы, іх самакіраваныя заморскія тэрыторыі, а таксама шэраг краін Вест-Індыі ды Акіяніі ды часткова прызнаныя Косава і Тайвань.

Краіны, якія ўвялі санкцыі супраць Расеі (зялёны) і якія ўлічваюць іх у сваёй дзейнасці (блакітны). Інфаграфіка: Белсат

Апроч таго, уведзеныя абмежаванні ў сваёй дзейнасці ўлічваюць яшчэ 14 краінаў па ўсім свеце, уключна з Кітаем, Казахстанам, Паўднёвай Афрыкай, Ізраілем, Азербайджанам і Кыргызстанам. Агулам удзельнікамі санкцыйнай кампаніі супраць Крамля сталі каля 70 незалежных краінаў разам з падкантрольнымі ім тэрыторыямі.

Але ж абмежаваць дзейнасць Расеі недастаткова. Трэба і Украіне непасрэдна дапамагчы. Прычым не толькі гуманітарна, але і ў вайсковым плане. За няпоўныя тры месяцы вайсковую (часцей за ўсё разам з гуманітарнай) дапамогу Украіне аказалі не менш як 34 краіны, яшчэ столькі ж – толькі гуманітарную.

Краіны, якія пастаўляюць ва Украіну ўзбранне і гуманітарную дапамогу (цёмна фіялетавы) і толькі дапамогу (светла фіялетавы). Інфаграфіка: Белсат

Што датычыць фармавання непасрэднай антыпуцінскай кааліцыі, то тут важным эпізодам стала правядзенне міжнароднай канферэнцыі на нямецкай авіябазе Рамштайн 26 красавіка. На ёй абмяркоўвалася падтрыманне Украіны падчас і пасля вайны з Расеяй.

Сярод удзельнікаў, апроч уласна Украіны і краін NATO з Еўропы ды ЗША, былі таксама краіны Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёну (Аўстралія, Новая Зеландыя, Паўднёвая Карэя і Японія), Блізкага Усходу (Ізраіль, Катар і Ярданія), а таксама Афрыкі (Кенія, Ліберыя, Марока і Туніс). Агулам – больш як 40 краін.

Краіны-ўдзельніцы сустрэчы на базе Рамштайн. Інфаграфіка: Белсат

А што з саюзнікамі ў Расеі?

А вось у Расеі са спісам саюзнікаў нягуста. Тут перадусім нелегітымныя і дыктатарскія рэжымы ў Беларусі, Венесуэле, Сірыі, Эрытрэі ды КНДР, самаабвешчаныя з дапамогай Крамля рэспублікі на постсавецкай тэрыторыі ды тэрарыстычныя групоўкі кшталту «Хамасу» ці хусітаў. А вось АДКБ не спяшаецца дапамагаць, як паказала паседжанне кіраўнікоў арганізацыі, што прайшло 16 траўня ў Маскве.

Аналітыка
Дыктатары, тэрарысты і сепаратысты. Хто падтрымлівае Расею ў вайне супраць Украіны
2022.03.28 19:46

У каментары «Белсату» беларускі палітолаг Валер Карбалевіч адзначыў, што паседжанне АДКБ паказала, што адзіны саюзнік Расеі – гэта Беларусь.

«Іншых саюзнікаў проста няма. Астатнія чальцы АДКБ не падтрымалі Расею ў гэтым канфлікце. І заява, якая была прынятая па выніку саміту, ніякая. У ёй нічога няма пра падтрыманне змагання Расеі ды Беларусі з Захадам і Украінай», – заявіў палітолаг.

На думку Валера Карбалевіча, гэты саміт пацвердзіў замежнапалітычную ізаляцыю, у якой апынуліся Расея і Беларусь, якіх у ААН гатовыя падтрымаць толькі Эрытрэя, Паўночная Карэя і Сірыя.

«Таму на гэтым тле кааліцыя ў падтрымку Украіны значна больш вялікая, сур’ёзная, маштабная і гэта адчуваецца падчас вайны», – падкрэсліў палітолаг.

Суразмоўца таксама не чакае, што Расею можа ў гэтым канфлікце падтрымаць якая-небудзь вялікая краіна, напрыклад, Кітай, хоць «нічога ў палітыцы выключаць нельга».

«Хіба што нейкая зусім маленькая за грошы і нейкія крэдыты гатовая будзе прагаласаваць у ААН», – мяркуе Валер Карбалевіч.

Ён нагадаў, што Кітай у такіх крызісах прынцыпова займае нейтральную пазіцыю і таму наўрадці зможа далучыцца да якойсьці кааліцыі.

Аналітыка
Не толькі Смаленск і Курылы. Хто і як малюе Расею на сваіх нацыянальных мапах
2022.03.05 09:32

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў