Журналістку Любоў Каспяровіч пакаралі 15-цю соднямі арышту


У судзе Маскоўскага раёну разглядзелі адміністратыўную справу супраць журналісткі Любові Каспяровіч. Яе прызналі вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні (арт. 24.23 КаАП), паведамляе БАЖ.

Журналістку судзілі праз «Скайп». Суддзя – Сяргей Кацар пакараў Любоў Касьпяровіч 15 соднямі арышту.

Журналістка Любоў Каспяровіч.
Фота: TUT.by

Падчас паседжання Любоў Каспяровіч заявіла, што дагэтуль не ведае, за што затрыманая. З пратаколам яе не азнаёмілі.

Тым часам у пратаколе адзначана, што журналістка сама адмовілася знаёміцца са справай. Каспяровіч адказала, што гэта хлусня.

Hавiны
Суд над затрыманай журналісткай Любоўю Каспяровіч не адбыўся
2021.05.15 18:59

Суд не задаволіў хадайніцтва Каспяровіч аб азнаямленні са справай, але дазволіў 7 хвілінаў паразмаўляць праз «Скайп» са сваім абаронцам у прысутнасці сакратара суда.

Адвакат Любові Каспяровіч заявіў хадайніцтва вызваліць журналістку, бо прадугледжаныя законам на затрыманне 72 гадзіны выйшлі.

«Адміністратыўнае заканадаўства не прадугледжвае ніякіх выпадкаў, калі можна затрымліваць чалавека даўжэй, чым на 72 гадзіны», – кажа адвакат.

Суд адмовіў у гэтым хадайніцтве, пасля чаго адвакат заявіў адвод суду. Аднак пасля перапынку суддзя не задаволіў хадайніцтва аб адводзе.

Таксама адвакат заявіў хадайніцтва праводзіць працэс не праз «Скайп» – з прычыны нізкай якасці сувязі. Але суддзя адмовіў і ў гэтым.

– Хто-небудзь можа мне патлумачыць, чаму я дагэтуль знаходжуся на Акрэсціна? – пытае журналістка.

– Вы не можаце задаваць пытанні суду, – адказвае суддзя Сяргей Кацэр.

Адвакат далучыў да справы шэраг дакументаў, якія пацвярджаюць, што абаронца звяртаўся ў РУУС, але яму адмовілі ў магчымасці сустрэцца з Каспяровіч і прысутнічаць пры адміністратыўным працэсе.

Паводле пратаколу, які зачытаў суддзя, журналістку вінавацяць у тым, што ў пятніцу з 10:10 да 10:40 яна пікетавала каля Дому правасуддзя. Журналістка катэгарычна не згодная з пратаколам. Каспяровіч расказала, што прыйшла пісаць пра суд у «справе студэнтаў», на які нават мела акрэдытацыю.

У пазначаны ў пратаколе час журналістка была ў будынку Дому правасуддзя.

Таксама журналістка распавяла пра парушэнні ўтрымання зняволеных на ІЧУ: «Ніякай пасцельнай бялізны і матрацаў, нават ноччу ўключаны свет, пры якім немагчыма спаць». Выходныя Любоў правяла ў камеры на 3 чалавекі, дзе цяпер трымаюць 7 чалавек, а ў выходныя было 10.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў