Ціханоўскую, Калеснікаву і Цапкалу ўзнагародзілі прэміяй Льва Копелева за мір і правы чалавека


У Нямеччыне ў нядзелю, 16 траўня, прайшла віртуальная цырымонія ўручэння прэміі імя Льва Копелева – за мір і правы чалавека. Уганароўвалі намінантаў за 2020 і 2021 гады.

За 2021 год лаўрэатамі сталі лідары беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала, а за 2020-ы – расейскі медыя-рэсурс «ОВД-Инфо» і расейскі гісторык Юрый Дзмітрыеў.

З прычыны пандэміі каронавіруса прэміі ўручаліся ў рэжыме онлайн, адразу за два гады.

Марыя Калеснікава, Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Сваёй рашучасцю і мужнасцю яны запусцілі дэмакратычны рух, які ахапіў усю Беларусь», – адзначыў прэм’ер-міністр зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія Армін Ляшэт (Armin Laschet).

У прэс-рэлізе Форуму Льва Копелева гаварылася, што «Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала з велізарнай мужнасцю вядуць палітычную і асабістую барацьбу за дэмакратыю і супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Гэтыя тры адважныя жанчыны сталі тварам мірнага і негвалтоўнага пратэсту ў Беларусі».

Чальца прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву рэпрэзентавала ейная сястра Таццяна Хоміч:

«Гэта вялікі гонар для Марыі і ўсяго беларускага народу. Вялікі дзякуй за тое, што вы падтрымліваеце нас у нашай барацьбе за свабоду, справядлівасць, нашыя правы».

У 1981 году савецкія ўлады пазбавілі Копелева савецкага грамадзянства. Грамадская арганізацыя «Форум Льва Копелева» была заснаваная ў 1998 годзе, пасля смерці Копелева, ягонымі шматлікімі сябрамі і паплечнікамі ў Кёльне. Мэта арганізацыі – працягваць справу Льва Копелева, змагаючыся за гуманнасць, мір і правы чалавека на падставе прынцыпу «ад чалавека да чалавека, ад народу да народу».

АД, belsat.eu

Стужка навінаў