«Паклалі на падлогу, і кожны, хто праходзіў побач, біў нагамі». Як катавалі і судзілі 19-гадовага пінчука


Данііл Богнат у жніўні 2020 года адвучыўся на трактарыста і пачаў працаваць па размеркаванні, пасля якога марыў стаць дальнабойнікам. У паслявыбарчы вечар маладзён з цікаўнасці пайшоў паглядзець, што адбываецца ў горадзе. Як распавяла маці хлопца Юлія Богнат, ён проста здымаў на тэлефон, што бачыў, і не збіраўся ўвязвацца ў канфлікты. Але стаў адным з фігурантаў «пінскай справы». Суд пакараў Данііла шасцю гадамі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Беларускія праваабаронцы прызналі яго палітычным вязнем. «Белсат» паразмаўляў з Юліяй Богнат пасля ейнага спаткання з сынам у Берасцейскім СІЗА.

«Мама, не хвалюйся, калі трэба – адседжу ўсё»

– У мяне душа супакоілася пасля нашай сустрэчы, – першае, што кажа спадарыня Юлія. – Я шмат чытала пра розныя здзекі ў ізалятарах і была ўся на нервах, вельмі баялася. На шчасце, усё аказалася не так страшна.

Пінчанка адзначае, што сын змяніўся за час зняволення. Калі Данііл увайшоў у пакой для спатканняў, маці адразу кінулася ў вочы, што ён пасталеў, узмужнеў, нават вагу набраў:

– Ён яшчэ дзіцём быў, калі яго затрымалі, тады яшчэ 18 гадоў яму было, а тут аж здзівілася, мужчынам ужо стаў. Данік лепш выглядае, чымся ў Баранавічах. Ён тады вельмі перажываў, я нават зморшчыны разгледзела ў яго на ілбе падчас спаткання ўвосень. А цяпер быў у добрым настроі, усміхаўся, казаў, каб не хвалявалася, што гэты прысуд – усяго толькі лічбы, і наўрад ці ён насамрэч столькі там прабудзе, але калі трэба – адседзіць усё.

Ні маці, ні сын не чакалі зняволення на шэсць гадоў. Сачылі за судамі ў справе закалотаў у Берасці і спадзяваліся, што і ўдзельнікам «пінскай справы» будуць даваць 3-4 гады. Юлія Богнат не разумее, чаму да пінчукоў суд паставіўся з такою жорсткасцю.

Данііл Богнат. Фота з сямейнага архіву

Данііл разам з адвакатам падаў апеляцыю. Чакаць разгляду скаргі хлопца пакідаюць у Берасцейскім СІЗА. Спадарыня Юлія супакоілася, калі сын распавёў, што ўмовы ў ізалятары прымальныя, стаўленне з боку персаналу таксама. Паводле юнака, у Берасці добрая ежа, шмат мяса, чаго нельга сказаць пра меню ў ізалятарах у Баранавічах і Пінску. Удзень можна прылегчы на ложак, чаго не дазвалялі ў Баранавічах. Але ў Берасці горш з карэспандэнцыяй. Ад блізкіх ліст можа ісці тыдзень, ад сяброў наагул амаль не перадаюць.

«Здымаў, бо было цікава: не кожны дзень у нас такое адбываецца»

Данііла Богната абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых закалотах увечары 9 жніўня каля Пінскага выканкаму, дзе людзі сабраліся, каб дачакацца абвяшчэння вынікаў галасавання: нібыта раз кінуў у міліцыянтаў камень, раз – рыльца ад бутэлькі і яшчэ нейкі нявызначаны прадмет. На судзе хлопец цалкам адмаўляў гэтыя дзеянні, казаў, што ён толькі здымаў на тэлефон. Паводле маці палітычнага вязня, на відэазапісе, дэманстраваным на адным з паседжанняў, бачна толькі, што Данііл здымае на тэлефон.

Маладзён выказаў на судзе шкадаванне, што пайшоў у той вечар да выканкаму.

– Але чаму яму было і не пайсці? – пытае маці. – Па-першае, улады самі запрасілі людзей да выканкаму па вынікі. Па-другое, як Данік сказаў у судзе, моладзі было цікава паглядзець: не кожны дзень у нас нешта такое адбываецца.

Мэтанакіравана ў палітыцы Данііл не браў удзелу. Нават прагаласаваць не паспеў летась: быў заняты іншымі справамі.

– Ён тады прыйшоў позна ўвечары, сказаў, што хадзіў, здымаў, была міліцыя са шчытамі, – згадвае пінчанка. – Я яму сказала, каб больш туды не хадзіў, да гэтай тэмы мы не вярталіся.

«Мама, вы не забераце сына, ён паводле крымінальнага артыкулу»

10 жніўня Данііл пайшоў на працу, потым пагуляць. Маці не хвалявалася, калі сын позна ўвечары не вярнуўся дамоў, бо ён ужо поўнагадовы, і бывала, што затрымліваўся. Жанчына, як звычайна, прыгатавала сыну ссабойку на працу і пайшла спаць:

– Я так заўсёды рабіла, а Данік, калі прыходзіў позна, не будзіў мяне, раніцай уставаў, браў свой абед і ішоў на працу. Але 11 жніўня я ўстала і гляджу – кантэйнеры для Даніка на месцы, і заплечнік, які ён на працу бярэ, удома. У мяне пачалася паніка.

Жанчына стала тэлефанаваць на нумар 102. Там ёй сказалі, што Данііл Богнат у іх, затрыманы.

Данііл Богнат з Алегам Рубцом, які таксама зʼяўляецца асуджаным па «пінскай справе». Фота з сямейнага архіву

– Я тады кажу, што зараз прыеду, забяру дзіця, – распавядае пра тыя жнівеньскія дні спадарыня Юлія. – А мне кажуць: «Мама, вы не разумееце, вы не забераце яго, ён паводле крымінальнага артыкулу. Пачакайце трое содняў: ці адпусцяць, ці этапуюць у Баранавічы».

Праз трое содняў Данііла павезлі ў СІЗА ў Баранавічы. Яшчэ праз месяц маці дамаглася спаткання з сынам, і тады даведалася пра абставіны затрымання:

– Яны ўтрох з сябрамі гулялі, калі побач спынілася машына. З яе выйшлі людзі ў цывільным і сказалі дабравольна прайсці з імі, калі яны не хочуць, каб ім на вачах ува ўсіх заломвалі рукі. Данік стрымана сказаў мне, што яго толькі пару разоў па спіне ўдарылі.

«Наступалі на галаву, білі, вялі ў склеп і зноў білі»

Больш падрабязна пра арышт жанчыне распавёў сябар Данііла, якога тады адпусцілі:

– Казаў, што ў аддзяленні міліцыі іх паклалі на падлогу, і кожны з супрацоўнікаў, хто праходзіў побач, біў нагамі. Потым у кабінеце зноў паклалі на падлогу і зноў білі нагамі. Наступалі ім на скроні, каб не маглі павярнуць ці падняць галавы. Потым нібыта хацелі адпусціць, але зайшоў нейкі супрацоўнік, які пазнаў Даніка ды ягонага сябра Алега і сказаў: «А, гэтыя футбольныя фанаты, затрымаць іх». Трэцяга сябра адпусцілі. Даніка з Алегам павялі ў склеп, пакуль вялі – білі па спіне. Данік на спатканні сказаў, што яшчэ доўга балела потым.

Вельмі цяжка спадарыня Юлія перажыла суд. Жанчыну моцна абурыла, што на паседжанні пускалі толькі па двое сваякоў на кожнага абвінавачванага. На ўваходзе прымушалі цалкам вымкнуць тэлефон, абшуквалі, у зале паказвалі, на якую лаўку сядаць.

У судзе Маскоўскага раёну Берасця агучваюць выракі ў «пінскай справе».30 красавіка 2021 года.
Фота: МХ / Белсат

– Падсудных канваіры закрывалі спінамі, каб толькі мы не ўбачылі, не мелі магчымасці падміргнуць ці памахаць рукою, нейкім словам перакінуцца, – распавядае маці Данііла. – Ужо падчас паседжання канваіры сядалі, тады можна было хоць паглядзець адно на аднаго. А калі я сыходзіла пасля прысуду, усё ж здолела, нягледзячы на забарону, сказаць Даніку: «Сынок, я цябе люблю, ты ў мяне моцны, я табою ганаруся».

Падчас судовых паседжанняў Юлію Богнат цікавіла, дзе і як харчуюцца вязні, калі суд перапыняюць на абед. Канваіры запэўнівалі, што абвінавачваных вязуць у СІЗА, і там яны сілкуюцца як звычайна. Данііл падчас сустрэчы распавёў іншае.

– Я даведалася ад сына, што іх у позе ластаўкі, рукі за спінаю, галава ніжэй за калені, у кайданках, вялі ў склеп там жа, у судзе, – пераказвае маці аповед сына. – Кайданкі здымалі, калі на стол ставілі талерку з ежай, і, як толькі чалавек канчаў есці, яго зноў закоўвалі. Данік і яшчэ некалькі чалавек зусім адмовіліся есці ў такіх умовах, маўляў, мы не сабакі нейкія, каб так абедаць.

«Думае цяпер не пра вандроўкі, а ў якую калонію трапіць»

Данііл Богнат заўсёды быў звычайным беларускім хлопцам: спакойны, разважлівы, паслухмяны ў дзяцінстве.

– Ён ніколі не падвышаў голасу, я не бачыла яго злым, – кажа мама вязня. – У нас вельмі даверлівыя стасункі. Ён заўсёды ўсім дзяліўся, нават калі з дзяўчынаю пачаў сустракацца, распавядаў, раіўся са мною. Не скардзіўся, што нешта кепска, каб мяне не хваляваць. Таварыскі, у яго шмат сяброў. Яны на суд прыходзілі і чакалі пад дзвярыма, бо ў залу не пускалі.

Разам з Алегам Рубцом, адным з найлепшых сяброў, захапляўся футболам, хлопцы – фанаты каманды «Хваля».

Данііл Богнат. Фота з сямейнага архіву

– Яны былі з галавой у гэтым, – распавядае спадарыня Юлія. – Не прапусцілі ў мінулым сезоне ніводнай гульні ў Пінску, а таксама выязных, атрымалі нейкую адзнаку, «залатое», як Данік называў. Казаў, што гэта крута.

Данііл і Алег разам адвучыліся на трактарыстаў, разам пачалі працу па размеркаванні з 1 жніўня. Данііл журыўся, што так і не паспеў сам трактарам паездзіць.

Сябры марылі стаць дальнабойнікамі і вандраваць па свеце.

– А цяпер Данік думае не пра дарогі Еўропы, а пра тое, у якую калонію ён трапіць, як там будзе, – кажа Юлія Богнат. – Распавядаў, што шмат каго з сукамернікаў, з якімі пасябраваў, накіравалі ў Івацэвічы, таму таксама туды хоча, каб быў ужо хоць нехта знаёмы.

«Неймаверна шкада гэтых гадоў, росквіту жыцця»

Данііл Богнат – са шматдзетнай сям’і: у яго дзве малодшыя сястры – 16-гадовая Наста ды 5-гадовая Віка – і брат, 9-гадовы Максім. Родным вельмі не стае Даніка ўдома. Малодшыя дзеці сумуюць, вельмі радуюцца, калі прыходзяць лісты, пытаюць, калі брат вернецца.

– Ён ува ўсім дапамагаў, калі рамонт рабілі – асабліва: раіліся з ім пра ўсё, думалі, як лепш зрабіць, – кажа маці. – А цяпер часам сядзеш, перабярэш ягоныя рэчы…

Нашая суразмоўца на некалькі секундаў замаўкае. А потым распавядае, якім стала жыццё з раніцы 11 жніўня:

– Шмат часу сыходзіць на збор перадачаў, каб набыць, выбраць тое, што яму там трэба, каб адвезці. Два разы на тыдзень езджу, раней у Баранавічы, цяпер у Берасце. Спісваемся і сустракаемся з роднымі іншых фігурантаў «пінскай справы». На нервах пахіснулася здароўе за гэты час. Заўсёды пакутавала на мігрэні, цяпер яны абвастрыліся. Моцна перажывала на судах. Колькі я таблетак выпіла, каб супакоіцца, не падлічыць.

СІЗА №7 у Берасці.
Фота: МХ / Белсат

Маці хвалюецца, як калонія можа паўплываць на сына: усё ж такі людзі розныя, а законы жыцця там жорсткія.

– Я казала Даніку пра гэтыя свае перажыванні, ён мяне запэўніваў у адказ: «Мама, якім я ёсць, такім я і буду, і буду прытрымлівацца свайго меркавання, іншага мне не навяжаш». Ён такі спакойны, а мне неймаверна шкада гэтых ягоных гадоў, росквіту жыцця, што міне ў няволі. І прычым ні за што, няхай бы там сапраўды якое злачынства было, а так – ні за што, проста так хлопца за краты кінулі.

«Я расчараваная ў сваёй краіне»

Пінчанка спадзяецца, што ні Данііл, ні іншыя палітычныя вязні не будуць сядзець вызначаных тэрмінаў. А калі хлопец выйдзе на волю, хоча разам з дзецьмі з’ехаць з Беларусі:

– Я расчараваная ў сваёй краіне. Тут няма будучыні пры такіх умовах, як цяпер, асабліва для моладзі. Данік са мною згодны.

Жанчына кажа, што цяпер зусім не верыць уладам Беларусі, міліцыі, не чакае ад іх праўды і справядлівасці. Спадарыня Юлія ніколі не галасавала за Лукашэнку, але да жніўня-2020 міліцыю паважала. Нават калі сына затрымалі, да апошняга верыла, што міліцыя і суд разбяруцца ды адпусцяць невінаватага чалавека:

– Хоць мне ўсе навокал казалі, што будзе, як вышэй вызначылі, але я не хацела верыць і сына настройвала, што няма ж ніякіх доказаў, што ўва ўсім разбяруцца. А цяпер не веру нікому. У нас засталася адна ўлада – міліцыя і галоўнакамандуючы Лукашэнка. І яны як хочуць, так і робяць.

Паводле спадарыні Юліі, нам усім трэба нешта рабіць, каб дамагчыся вызвалення невінаватых, але што, яна не ведае:

– Раней я думала, што мітынгі дапамогуць, столькі людзей выходзіла… Але хіба што варта было не разыходзіцца, а стаяць да апошняга. Але людзі спужаліся. Што рабіць цяпер, я не ведаю… Толькі спадзявацца на лепшае.

Гісторыі
«Мамачка, забяры мяне адсюль. Мне так страшна, як ніколі раней». Як выглядае жыццё ў чаканні прысуду
2021.04.25 18:31
Гісторыі
«Скажы сыну, што я не злодзей, не забойца, а сяджу за праўду». Размова з жонкаю Сяргея Ляжэнкі, фігуранта «пінскай справы»
2021.04.30 08:00
Гісторыі
Стаяў у намётавым мястэчку ў 2006-м, у 2020-м – абвінавачаны ў «пінскай справе». Распавядаем пра Ігара Салаўя, якога пакаралі 6 гадамі ўзмоцненага рэжыму
2021.05.01 08:30
Гісторыі
«Як ім дараваць скрадзеныя гады і асірацелых дзяцей?» Гутарка з сястрой асуджанага ў «пінскай справе»
2021.05.07 08:42

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў