Не лірай адзінай. Гурт «Троіца» 22 гады на сцэне


Этна-трыа «Троіца» адсвяткавала свой дзень народзінаў жывым канцэртам у Менску. Belsat.eu наведаў імпрэзу і паразмаўляў з лідарам гурта Іванам Кірчуком пра поспехі, дасягненні ды планы на будучыню.

«Мы намагаемся хаця б раз на год ладзіць жывы канцэрт, і паколькі гурт быў заснаваны ў траўні, то традыцыйна ў гэтым месяцы і адбываюцца нашыя выступы», – распавёў пра нагоду для канцэрту Іван Кірчук.

Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г.
Фота: Белсат
Выступленне гурта «Троіца», 15 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Творчы шлях гурта распачаўся 22 гады таму – з паездкі калектыву ў Галандыю з музеем і аўтарскай батлейкай Івана Кірчука, дзе яны 10 дзён прэзентавалі сваю творчасць. Менавіта тады ўпершыню прагучаў спеў «Добры вечар тому», якім музыкі распачалі сёлетні канцэрт.

На суботнім выступе ў Менску прыхільнікі творчасці этна-трыа змаглі атрымаць асалоду ад 17 кампазіцыяў з розных перыядаў творчасці «Троіцы», у тым ліку пачуць апошнія напрацоўкі гурта: «Для гэтага канцэрту мы абралі найбольш меладычныя, кантрастныя песні з нашых сямі кружэлак ды прадставілі публіцы прэм’еру – песню «Два голубы», якую запісвалі з новымі інструментамі, набытымі нядаўна ў майстроў».

Слухачы гурту «Троіца», 15 траўня 2021 г.
Фота: Белсат
Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г.
Фота: Белсат
Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г.
Фота: Белсат

Гэтак, на канцэрце можна было пачуць ліру майстра Паўла Кораня, які жыве і працуе ў Бараўлянах, а таксама інструмент з цікавай назвай глюкафон, які зрабіў майстар з Ліды Аляксандр Блахін.

Творчы кірунак, у якім працуюць музыкі, спецыялісты называюць прагрэсіў-фолкам, гэтым тлумачыцца прымяненне такіх разнастайных і незвычайных інструментаў. Матэрыял для сваёй творчасці гурт бярэ з уласных этнаграфічных экспедыцыяў і карыстаецца напрацоўкамі іншых этнографаў. Новыя песні ў рэпертуары «Троіцы» з’яўляюцца нячаста, бо песні, якія гучаць у іхным выкананні, вымагаюць шмат працы:

«У нашай творчасці няма нейкіх джазавых ці рокавых імправізацыяў – мы займаемся менавіта творчай апрацоўкай, якая робіцца ад пачатку да канца: кожны ведае, дзе каму ўступаць, які музычны інструмент і дзе будзе гучаць. Таму бывае, што мы працуем год над песняй, а то і болей. Шмат часу сыходзіць на пошук аўтэнтычных інструментаў – гэта акарыны, жалейкі, дудкі, якія ўплятаюцца ў складаныя партытуры. Я заўсёды жартам кажу: няхай беларускія песні ўпрыгожвае афрыканская дудка, калі яна ў мяне ёсць і яна прыгожая па тэмбры».

Выступленне гурта «Троіца», 15 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Сцэна вакол Івана Кірчука заўсёды шчыльна занятая рознымі незвычайнымі інструментамі, але гэта толькі малая частка таго, што музыка выкарыстоўвае ў сваёй творчасці:

«Калі зазірнуць да мяне ў этналабараторыю, то там настолькі шмат розных інструментаў, што ім папросту ўжо няма ліку. Там асобна захоўваюцца духавыя, струнныя, перкусійныя ды іншыя. Яны ўсе маюць унікальнае і цікавае гучанне, таму да кожнай песні падбіраем асобны набор інструментаў рознага характару і паходжання. Напрыклад, наш перкусіяніст Юрый выкарыстоўваў бамбукавы ксілафон з Інданезіі, а на адным з канцэртаў у якасці інструмента выкарыстоўвалі звычайныя збанкі і чыгункі».

Гурт «Троіца», 15 траўня 2021 г.
Фота: Белсат
Выступленне гурта, 15 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

Акрамя культуралагічнага, музыка «Троіцы» мае і тэрапеўтычна-лекавы складнік, распавёў Іван Кірчук: «Калі былі розныя эпідэміі, то нашыя продкі прыходзілі або ў царкву, або ў іншыя храмы, дзе званілі ў званы. І сёння ёсць даследаванні навукоўцаў, якія кажуць пра тое, што гук званоў мае лекавы эфект, таму на канцэрце шмат металічных інструментаў гучала. Акром таго, продкі лекаваліся ды абараняліся абрадавымі песнямі календара: калі была вясна – спявалі веснавыя песні; калі лета – летнія песні».

Слухаючы гэтыя песні, мы дакранаемся да мудрасці і творчасці нашых продкаў. «Змрочныя часы былі столькі, колькі жыве чалавек, былі і войны і эпідэміі – і ўвесь гэты час гучала народная песня, бо яна дапамагае жыць», – дзеліцца думкамі Іван Кірчук.

АЛ belsat.eu

Стужка навінаў