«Актыўна супраціўляўся з ужываннем гвалту»: палітвязню Аляксандру Раентаву прысудзілі пяць гадоў калоніі


У судзе Фрунзенскага раёну Менску вынеслі прысуд палітвязню Аляксандру Раентаву: пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму.

Аляксандра прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя і рыхтаванне дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і ч. 2 арт. 363 КК («Супраціў супрацоўніку органаў унутраных справаў або іншай асобе, якія ахоўваюць грамадскі парадак, спалучаны з ужываннем гвалту або з пагрозай яго ўжывання»).

Аляксандр Раентаў у судзе.
Фота: spring96.org

Памочніца пракурора Валерыя Таратынка заявіла, што віна Аляксандра цалкам даказаная па ўсіх пунктах абвінавачання, а таксама даказана, што Раентаў быў адміністратарам чату «Палігон».

Згодна з матэрыяламі справы Раентаў удзельнічаў у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 29 жніўня 2020 года, а таксама кіраваў натоўпам, паказваючы напрмак руху. 15 лістапада ён сустрэўся з групай грамадзянаў і прайшоў з імі пэўным маршрутам. Пасля яны, нібыта, выйшлі на праезную частку на вуліцы Някрасава, чым спынілі рух транспарту. Аднак у матэрыялах справы ёсць звесткі з Менсктрансу, што транспарт ішоў паводле раскладу.

Памочніца пракурора Валерыя Таратынка. 23 сакавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Таксама дзяржаўнае абвінавачанне выставіла ў віну Аляксандру тое, што ён актыўна супраціўляўся з ужываннем гвалту: хапаў пацярпелага сілавіка Агіевіча за перадплечча. Аднак ніхто з пацярпелых па медычную дапамогу не звяртаўся.

Паказанні сведак пра тое, што Раентаў не заклікаў іх да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, не былі прынятыя судом, бо «асобы не кампетэнтныя і аказваюць садзейнічанне Раентаву».

Палітвязень адмовіўся даваць паказанні.

У выніку суддзя Андрэй Млечка прызначыў Раентаву пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму. Такое пакаранне і запытвала дзяржаўнае абвінавачанне.

У Аляксандра на ўтрыманні засталося малалетняе дзіця.

АД, belsat.eu

Стужка навінаў