– Карабель спусцілі на ваду ў 1979 годзе. Уладзіслаў, раскажыце больш падрабязна, якое дачыненне ваш дзед меў да пабудовы крэйсера «Масква».

– Мой дзядуля Сямён больш за 20 гадоў – з 1973 да 1996 года – працаваў у горадзе Мікалаеве на карабельні. Ён прыйшоў на завод майстрам і дарос да пасады дырэктара вытворчасці. У той час ён актыўна займаўся будаўніцтвам менавіта вайсковых караблёў. Гэта быў не адзіны карабель з гэтай серыі, якія ён праектаваў. Там былі яшчэ чатыры такія, але менавіта гэтым ён больш за ўсё ганарыўся, бо ў гэтага карабля высокая магутнасць і моцныя на той час тэхнічныя характарыстыкі. «Масква», дарэчы, гэта не арыгінальная назва. Першапачаткова карабель называўся крэйсер «Слава».

– Некалькі пакаленняў мікалаеўцаў ганарыліся крэйсерам, паколькі гэты карабель – частка гісторыі гораду. Як вы думаеце, ці мог ваш дзед уявіць, што «Масква» будзе задзеяная ў вайне з Украінай?

– Наагул немагчыма ўявіць, што крэйсер, які будаваўся ў Мікалаеве, будаваўся украінцамі, будзе выкарыстоўвацца для такіх мэтаў. Але, з іншага боку, трэба разумець, пры якіх абставінах ён будаваўся. Тады Украіна ўваходзіла ў склад СССР, і гэта былі дзяржзаказы. Зноў жа, крэйсер да гэтага часу быў на плаве, і гэта кажа пра тое, якога ўзроўню тады ў Мікалаеве будаваліся караблі: і авіяносцы, і баявыя. І гэтая трагічная гісторыя з крэйсерам «Слава» («Масква») паказвае несправядлівасць размеркавання спадчыны СССР паміж рэспублікамі. Наш украінскі крэйсер дастаўся чамусьці Расеі ды потым у 2008-м абстрэльваў Грузію і цяпер Украіну.

Ракетны крэйсер ВМФ Расеі «Масква» плыве па Басфоры на шляху да Міжземнага мора ў Стамбуле, Турцыя, 18 чэрвеня 2021 года. Здымак зроблены 18 чэрвеня 2021 года.
Фота: YORUK ISIC / Reuters / Forum

– Флагман «Масква» атакаваў украінскіх памежнікаў на востраве Змяіны ў першы дзень уварвання ва Украіну. Як у вашай сям’і адрэагавалі на гэтую навіну?

– Калі мы даведаліся, што карабель, які будаваў дзядуля, атакаваў нашых памежнікаў на Змяіным, для нас гэта была трагедыя. Мы былі ў шоку. Хоць і разумеем, што гэта робіць варожы бок, іншая дзяржава, але ўсё роўна гэта непрыемна і балюча ўсведамляць. Разумеем, што дзядуля, вядома, не для такіх мэтаў ствараў «Славу». Перажываем за памежнікаў і іх семʼі, якія цудам засталіся жывыя.

– Журналіст «Forbes» Дэйвід Экс, які спецыялізуецца на тэме абароны, назваў факт атакі на «Маскву» «неймаверным». Ён напісаў у «Тўітары», што гэта адзін з самых магутных баявых караблёў у свеце. Вы ганарыцеся, калі чуеце падобнае аб працы вашага дзеда?

– Тое, што гэты карабель заставаўся флагманам, кажа пра тое, што за ўвесь гэты час Расея сваймі сіламі не змагла пабудаваць нешта лепшае, чым крэйсер «Слава», сканструяваны ўкраінскімі спецыялістамі з Мікалаеўскага карабельнага заводу. Бясспрэчна, шкада, што яго выкарыстоўвалі супраць украінцаў. Думаю, калі б дзядуля дажыў да гэтых дзён і ўбачыў, што вытвараюць з плёнам ягонай працы, то не засмуціўся б, калі даведаўся б, што яго знішчылі.

Маркі з выявай украінскага вайскоўца і расейскага вайсковага крэйсера «Масква».
Фота: VALENTIN OGIRENKO / Reuters / Forum

Расея страціла флагман Чарнаморскага флоту

Што менавіта адбылося з крэйсерам «Масква», сцвярджаць са стоадсоткавай упэўненасцю складана. Украінскі бок паведамляе, што карабель пабілі ракетамі «Нэптун», расейскі – заяўляе аб дэтанацыі боепрыпасаў на борце, не ўдакладняючы прычыны. У Мінабароны ЗША не выключаюць, што «Маскву» магла пашкодзіць украінская ракета. Прэс-сакратар Мінабароны ЗША Джон Кербі (John Kirby) паведаміў, што, паводле звестак Пэнтагону, флагман ЧФ застаўся на хаду і рухаўся ў порт. Імаверна, яго планавалі паставіць на рамонт у Севастопалі.

Позна ўвечары 14 красавіка ў Мінабароны РФ паведамілі, што крэйсер «Масква» затануў пры буксаванні падчас шторму. Пры гэтым прычынай страты флагмана ЧФ ведамства па-ранейшаму называе дэтанацыю боепрыпасаў і пажар, але не ракетны ўдар ўкраінскіх войскаў, піша «РИА Новости».

Архіўнае фота, зробленае 17 снежня 2015 г., ракетны крэйсер «Масква» паблізу сірыйскага порту Тартус.
Фота: Zhang Jike / Xinhua News Agency / Forum

Інцыдэнт на караблі адбыўся ўвечары 13 красавіка. Паведамлялася, што ўдараў па крэйсеры было два, а на борце ў гэты момант, паводле розных звестак, былі ад 510 да 756 чальцоў экіпажу. Маракоў эвакуявалі. Галоўны рэдактар «BlackSeaNews» Андрэй Кліменка ў «Фэйсбуку» напісаў, што на борце «Масквы» было 16 крылатых ракетаў. Пасля знядзеяння крэйсера сумарны залп крылатых ракетаў караблёў ЧФ РФ, якія застаюцца ў Чорным моры, паменшыўся з 72 да 56, падлічыў Кліменка.

Страта крэйсера істотна аслабіць супрацьпаветраную і супрацьракетную абарону групоўкі караблёў Чарнаморскага флоту паблізу ўкраінскага ўзбярэжжа. З «Масквы» ажыццяўлялася кіраванне іншымі вайсковымі караблямі, выведка, супрацьпаветраная абарона, а таксама наносіліся ўдары па тэрыторыі Украіны.

Hавiны
«Пераведзены ў клас субмарынаў». Як адрэагавалі інтэрнаўты на знішчэнне «Масквы»
2022.04.15 14:59

«Маскву» пабудавалі на карабельні ва ўкраінскім Мікалаеве. Першапачаткова карабель атрымаў назву «Слава». Пасля спісання супрацьлодкавага крэйсера «Масква» праекту 1123 – атрымаў у спадчыну яго імя і стаў флагманам Чарнаморскага флоту. Удзельнічаў у ваенных канфліктах у Грузіі (2008), Сірыі (2015) і Украіне (2022).

Крэйсер атакаваў украінскіх памежнікаў на востраве Змяіны ў першы дзень уварвання ва Украіну. Экіпаж «Масквы» ўкраінскія салдаты паслалі на тры літары. Фраза «Расейскі ваенны карабель, ідзі нах*й!» стала мэмам не толькі ва Украіне, але і ў многіх іншых краінах. За дзень да пашкоджання «Масквы» Укрпошта выпусціла маркі з выявай флагмана і папулярнай фразай пра расейскі вайсковы карабель.

Юлія Колтак /ММ «Вот Так»