Беларус з Шанхаю пра тое, як 25-мільённы мегаполіс трэці тыдзень жыве ў ізаляцыі


Амаль два гады таму – 11 траўня 2020 года – Сусветная арганізацыя здароўя аб’явіла пачатак пандэміі каронавіруса. На двары 2022 год, але ўлады Кітаю, з якога і пачала распаўсюджвацца новая інфекцыя, усё яшчэ ўводзяць ковідныя абмежаванні ў асобных рэгіёнах краіны. «Белсат» пагаварыў з нашым суайчыннікам з Шанхаю, дзе ўжо некалькі тыдняў дзеяць жорсткія каранцінныя захады.

Шанхай, Кітай, 16 красавіка 2022 года.
Фота: ALY SONG / Reuters / Forum

У найбуйнейшым горадзе Кітаю з насельніцтвам 25 млн чалавек з 28 сакавіка ўведзены жорсткі локдаўн. Мы паразмаўлялі з беларусам, які апошнія 5 гадоў жыве ў Шанхаі, пра тое, чым новы локдаўн адрозніваецца ад першых антыковідных захадаў 2020 года.

Нашага героя завуць Сяргей, у Шанхаі ён жыве з 2017 года. Пра сітуацыю ў горадзе ён распавядае так:

«Адразу пасля заканчэння Алімпійскіх гульняў, літаральна на наступны дзень, з’явіліся навіны аб неймаверным распаўсюдзе о-мікрона. Гэта ўсё гучала з вуснаў простых кітайцаў. З іх словаў, жыхары Гон-Конгу прыляцелі ў Шанхай, выйшлі ў горад і пачалі заражаць іншых. Гэта такая кітайская народная тэорыя».

На думку Сяргея, першапачаткова ўлады Кітаю не планавалі маштабнага каранціну, але потым прынялі больш жорсткія захады.

«Улады ўвялі два дні пробнага каранціну. Мы прасядзелі гэтыя два дні, і потым нас выпусцілі, але ўжо з навіной пра тое, што адна частка гораду, якая называецца Пу-Дун, будзе закрывацца з 28 сакавіка да 1 красавіка. У гэты ж час сказалі, што з 1 да 5 красавіка зачыняецца ўжо наша частка гораду – Пу-Сі. Улады ўсё гэта распісалі. Мы ўжо разумелі, што нам на баку Пу-Сі трэба закупляцца як мінімум на 5 дзён, але людзі не думалі, што каранцін можа быць даўжэйшым. Я сам купляў ежы роўна на 5 дзён».

Дастаўка тавараў у Шанхаі, 15 красавіка 2022 года.
Фота: Chen Jianli / Xinhua News Agency / Forum

Але закупіцца харчамі ў запас у 25-мільённым горадзе за кароткі час аказалася амаль немагчыма.

«Гэта ўсё суправаджалася шалёным ажыятажам на ежу, чэргі нейкія неймаверныя былі ў крамах, і людзі проста змяталі ўсё. Як я разумею, у большасці людзей нават не было магчымасці купіць нешта. Але ў мяне была магчымасць, і я ўсё падрыхтаваў, алё на 5 дзён».

Пасля гэтага ўлады ўзвялі поўны каранцін, які ў выніку працягваецца да сёння.

«Каранцін уводзіўся ў форме, якая максімальная абмяжоўвае свабоду чалавека на перамяшчэнне. Што два дні мы выходзілі на вуліцы і здавалі тэст стацыянарна. Так мы выходзілі рэгулярна, і ўсё часцей улады знаходзілі хворых людзей і адпраўлялі іх у абсталяваныя цэнтры. Людзей дастаўлялі туды як добраахвотна, так і сілком, кагосьці проста ўкідвалі ў машыну і везлі, калі супраціўляўся. Увесь гэты час у нас няма права выходзіць на вуліцу».

Цяпер у Шанхаі амаль нічога не працуе, і 25 мільёнаў чалавек сядзяць па дамах. Харчы жыхары могуць купляць толькі з дапамогай службы дастаўкі, алё і тут ёсць свае складанасці.

«На працу ніхто не ходзіць, у горадзе працуюць пэўныя крамы, якія маюць дазвол ураду, і яны дастаўляюць людзям ежу. Гэта значыць, дастаўка працуе, хоць першапачаткова яна не працавала. Першыя восем дзён дастаўка была абмежаваная і за нейкія казачныя грошы. І толькі потым з’явілася звычайная дастаўка, алё і яна каштуе ў 4–5 разоў даражэй, чым да каранціну».

Рабочыя ў ахоўных касцюмах дэзынфікуюць жылы раён, у якім уведзены каранцін з прычыны пандэміі каронавірусной інфекцыі (COVID-19), Шанхай, Кітай, 15 красавіка 2022 года.
Фота: ALY SONG / Reuters / Forum

Такую-сякую дапамогу грамадзянам надае і дзяржава, але, паводле мужчыны, гэта дапамога мінімальная і моцна адрозніваецца па раёнах гораду.

«За ўвесь гэты час дзяржава прапанавала нам два пакеты гародніны і тры маленькія бутэлькі вады. Але дапамога залежыць ад кампаўнда (адасоблены жылы комплекс), у якім ты жывеш. У багацейўых дапамога лепшая – людзям давалі і мяса, і паўфабрыкаты, і гародніну, і яйкі. Там жыць можна было».

Інтэрв’ю
Што агульнага ў Беларусі і Кітаю і ці можна назваць Паднябесную сябрам Беларусі? Досвед беларусаў з Кітаю
2022.04.07 11:31

Сяргей успамінае, што яшчэ на самым пачатку пандэміі каронавіруса – у 2019 годзе – у горадзе таксама ўводзіўся каранцін, але менш строгі.

«Людзей асабліва ніхто не абмяжоўваў, акрамя таго, што іх проста папрасілі заставацца ўдома. І большасць людзей, паколькі яны абсалютна залежныя ад меркавання ўладаў, заставаліся ўдома. Каранцінныя меры тады былі больш чалавечныя, паколькі мы маглі перасоўвацца па горадзе, куплялі ежу, я нават змог тады вылецець у Беларусь. Гэта значыць, усё было больш-менш адэкватна. Асаблівых абмежаванняў па свабодзе тады не было. А цяпер цябе абмяжоўваюць максімальна і прымушаюць сядзець удома, а калі ты спрабуеш нешта даказаць, то проста прыязджае паліцыя і забірае цябе».

Сяргей пацвярджае інфармацыю, што ва ўмовах такога строгага каранціну ў горадзе пачасціліся выпадкі суіцыду сярод насельніцтва.

«Пастаянна закрытыя ў гэтых кватэрах, сядзім, як доўбні. Я сабе дазваляю выходзіць вечарам у кампаўнд, мяне гэта не бянтэжыць, але пераважна людзі паслухмяна сядзяць па дамах. Калі разглядаць сітуацыю з боку свабодалюбнага чалавека, які жыве і працуе ў Шанхаі, то сітуацыя сапраўды крытычная. Яна не нясе ніякага канструктыву, яна разбурае псіхіку людзей. Маладыя людзі проста выскокваюць з вокнаў, і гэта ўсе бачаць. Гэта дэпрэсія і стомленасць ад парадкаў уладаў, якія ўціскаюць свабоды па максімуме. Гэта жыццё шараговага кітайца – на кожным кроку абмежаванні».

Пустая дарога падчас ізаляцыі з-за пандэміі каронавіруснай інфекцыі (COVID-19) у Шанхаі, Кітай, 14 красавіка 2022 года.
Фота: ALY SONG / Reuters / Forum

Асабліва цяжка даводзіцца тым, каму неабходная пастаянная медычная дапамога або кантроль лекараў.

«Для здаровага маладога чалавека – гэта проста абмежаванне волі, але калі людзям патрэбна якая-небудзь дапамога – гэта іншае пытанне. Мяркуючы з усяго, хуткая прыязджае, але гэта горад на 25 мільёнаў чалавек, таму пытанне – наколькі хутка».

Яшчэ адна балючая тэма для Сяргея – гэта стаўленне ўладаў да бадзяжнай жывёлы падчас пандэміі.

«Улады здзекуюцца з жывёлы, адлоўліваюць сабакаў і катоў, тлумачаць гэта тым, што тыя могуць пераносіць вірус, што ўвогуле ўжо ні ў якія рамкі не лезе. Яны проста паказваюць сваю дурасць чалавечую і няведанне таго, як і хто перадае вірус. Сэрца разрываецца, калі глядзіш на ўсё гэта. Яны проста скуралупы».

На думку Сяргея і шараговых жыхароў Шанхаю, строгі каранцін у горадзе можа працягвацца яшчэ каля месяца. «Па маёй інфармацыі, каранцін мусіць быць да сярэдзіны траўня, то бок у межах 40–45 дзён. Ёсць такі горад Сі-Ань, гэта былая сталіца Кітаю, яны сядзелі на каранціне 45 дзён. У іх дакладна такая ж сітуацыя была з закрыццём людзей удома. А потым быў Шэнь-Чжэнь у правінцыі Гўан-Дун – 35 дзён яны сядзелі на каранціне».

Таму Сяргей здзіўляецца, што цяпер у медыях надаецца так шмат увагі сітуацыі Шанхаі – такія ж каранцінныя захады ўжо можна назваць нормай ва ўсім Кітаі.

Інтэрв’ю
«Кітай не гарантуе Расеі і Беларусі ні эканамічнай дапамогі, ні бяспекі». Ці дапаможа Пекін абысці заходнія санкцыі?
2022.04.06 18:55

ВК/ММ belsat.eu

Стужка навінаў