Расея запатрабавала, каб затрыманы ўкраінскі консул у Санкт-Пецярбурзе пакінуў РФ


МЗС Расеі патрабуе, каб консул Украіны ў Санкт-Пецярбурзе Аляксандр Сасанюк пакінуў РФ да 22 красавіка. Пра гэта паведамляе прэсавая служба расейскага вонкавапалітычнага ведамства.

МЗС Расеі выклікаў часова паверанага ў справах Украіны ў РФ Васіля Покаціла «у сувязі з супрацьпраўнай дзейнасцю» затрыманага ўчора консула Аляксандра Сасанюка. Прадстаўніку Украіны абвесцілі пра непажаданасць знаходжання Сасанюка на тэрыторыі Расеі і рэкамендавалі апошняму пакінуць межы РФ на працягу 72 гадзін, пачынаючы з 19 красавіка.

У ФСБ сцвярджаюць, што затрыманы ўчора ўкраінскі консул у Санкт-Пецярбурзе нібыта спрабаваў атрымаць інфармацыю, якая змяшчаецца ў базах дадзеных праваахоўных органаў РФ. У ФСБ адзначылі, што гэтая дзейнасць мае «відавочны варожы характар у адносінах да Расеі».

У МЗС Украіны затрыманне консулу ў Санкт-Пецярбурзе назвалі чарговай расейскай правакацыяй.

Затрыманне ўкраінскага консулу адбылося на фоне абвастрэння стасункаў паміж Кіевам і Масквой. Расея сцягвае войскі да ўкраінскай мяжы, што выклікае занепакоенасць уладаў Украіны, а таксама лідараў краінаў Захаду.

Абноўлена
ФСБ затрымала ўкраінскага консула ў Пецярбурзе
2021.04.17 12:02

СК belsat.eu

Стужка навінаў