Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская распавяла пра палітвязняволеных, з якімі сядзела ў адной камеры СІЗА


Праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская, якая 10 дзен правяла ў менскім СІЗА №1, распавяла ў Фэйсбуку пра сваіх сукамерніц.

Гацура-Яворская сядзела ў адной камеры з Марфай Рабковай, Юліяй Слуцкай, Анжалікай Борыс, Антанінай Канавалай і былой студэнткай Марыяй.

Паводле Гацуры-Яворская, Марфа Рабкова схуднела ў турме прыкладна на 12 кг (яна знаходзіцца пад вартай з верасня 2020 года).

«Марфа Рабкова – канцэнтрацыя самаахвярнасці і сілы волі. Пасля званка на ўздым у 6-й раніцы многія імкнуцца ўрваць 5 хвілін, папесціцца. Маша засяроджана адразу ўстае, засцілае свой ложак па правілах, мяняе адзенне і да 10 вечара ў перапынках паміж шпацырамі, ежай і агульнымі справамі чытае кнігі і піша лісты».

У цяперашнюю камеру Марфу перавялі таму, што ў папярэдняй яны адзначылі Дзень Волі тым, што ўплялі бел-чырвоныя кветкі з паперы ў валасы і рапартавалі падчас праверкі на беларускай мове.

«Юля Слуцкая. Самы вялікі цяжар у камеры – адсутнасць самарэалізацыі. Актыўны чалавек, менеджар, які не прывык марнаваць час дарма. Наколькі гэта магчыма ў існых умовах працуе хоць бы над сабой – сочыць за харчаваннем, не прапусціла ніводнага дня, каб зрабіць фізічныя практыкаванні на прэс, рукі, ногі, расцяжку, вучыць польскую. Старанна адказвае на лісты, піша асобна падзяку за кожную пасылку».

«Анджэліка Борыс – чалавек, які ўсё прымае з удзячнасцю. Турма – ну значыць буду сядзець, дрэнны абед – ну значыць прапусцім, гучна ці ціха тэлевізар – не важна. Ёй ніхто і нічога не перашкаджаюць, яна нікому не прыносіць найменшых нязручнасцяў. Заўсёды ўсміхаецца, заўсёды ў добрым настроі. Вучыць жадаючых польскай – «вечарова порцыя гувна на БТ» (прабачце, гэта недакладна, я прапускала ўрокі). На самай справе, яна, праўда, вучыць польскаму, пачынаючы з алфавіту. Калі я выходзіла, яны пераходзілі да пабудовы фраз, назапасіўшы слоўнікавы запас».

Антаніна Канавалава, якая працавала ў штабе Святланы Ціханоўская, лічыцца нефармальным лідарам камеры:

«Калі ў чымсьці сумняваемся, задаем пытанне Тоне, слухаем яе каманды разабрацца з парадкам у рэчах ці агульнай звалкай ежы. А Тоня клапоціцца пра нас – заўсёды пералічыць для раздатчыкаў каму порцыю, каму проста пустая міска, паўстае раніцай і пачынае кіпяціць ваду ў нашых кубачках. Яна сядзіць з верасня, муж – з кастрычніка, дзеці з бабуляй зʼехалі. У Тоні суд у наступны аўторак».

Таксама ў камеры разам з Гацура-Яворская сядзела Марыя – былая студэнтка Акадэміі мастацтваў, затрыманая за ТГ-канал. «Прыгожая, худзенькая, прынцыповая. Рэдка ўсміхаецца, але вельмі шчыра. Прасіла перадаць на волю, што ніхто не зламаны. З Тоняй яны сядзяць разам паўгода і напэўна застануцца сяброўкамі на ўсё жыццё», – дадае Таццяна.

Таццяна Гацура-Яворская – адна з арганізатарак выставы «Машына дыхае, а я не». 5 красавіка, праз некалькі дзён пасля закрыцця выставы яе затрымалі, а ў яе дома правялі ператрус. Праваабаронцу абвінавацілі ў «фінансаванні беспарадкаў». 15 красавіка ёй змянілі меру стрымання.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў