Місія ЗША пры АБСЕ выступіла ў абарону беларускіх палякаў


Выконваючая абавязкі намесніка кіраўніка місіі ЗША пры АБСЕ Элізабэт Разэнсток-Сілер на пасяджэнні пастаяннага савета ў Вене выступіла з заявай наконт сітуацыі ў Беларусі. Яе словы цытуе амбасада ЗША.

Элізабэт Разэнсток-Сілер заявіла, што ў Беларусі не спыняюцца рэпрэсіі супраць ажыццяўлення правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і аб’яднанняў у Беларусі.

«Мы асабліва занепакоеныя правакацыйнымі, палітычна матываванымі арыштамі ўладамі прадстаўнікоў беларуска-польскай абшчыны. Гэтыя арышты суправаджаліся яшчэ больш лютай антыпольскай прапагандай па беларускім дзяржаўным тэлебачанні, а таксама ціскам на школы польскай мовы з мэтай атрымання падрабязнай інфармацыі аб іх настаўніках і вучнях (у тым ліку аб непаўналетніх)», – адзначыла яна.

ЗША заклікаюць улады Беларусі перастаць ставіцца да сваіх грамадзянаў як да праціўнікаў і паважаць іх правы і асноўныя свабоды.

«Мы нагадваем нашым беларускім калегам, што іх грамадзяне, у тым ліку і польскага паходжання, не з’яўляюцца іх ворагамі», – заявіла Элізабэт Разэнсток-Сілер.

ЗША падтрымліваюць намаганні Міжнароднай платформы падсправаздачнасці па Беларусі па зборы доказаў катаванняў і рэпрэсій з мэтай прыцягнення вінаватых да адказнасці.

Артыкулы
Хто такая Ірэна Бярнацкая, кіраўніца лідскага аддзялення Саюзу палякаў, якой пагражае 12 гадоў зняволення
2021.04.16 08:20

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў