Выбухі ці палёты самалётаў? Разбіраемся, што за гукі маглі чуць жыхары Беларусі


Позна ўвечары 16 сакавіка і ўначы 17 сакавіка пачалі з’яўляцца паведамленні ад жыхароў асобных раёнаў Беларусі пра гукі «выбухаў». У асноўным гэтая інфармацыя адносілася да наваколляў Баранавічаў, Берасця, Століна, Пінску, Лунінца, Ганцавічаў, Нясвіжу і Клецку. Разбіраемся ў магчымых прычынах такіх паведамленняў.

Мапа мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: Белсат

Жыхарамі Беларусі выказваліся розныя меркаванні наконт паходжання гукаў «выбухаў»: ад вучэнняў артылерыі і гукаў самалётаў да нанесеных удараў па гарадах краіны. Апошнюю версію можна адкінуць адразу, бо ўжо цяпер, відавочна, мы б мелі звесткі пра разбурэнні на тэрыторыі Беларусі.

Маюцца і афіцыйныя паведамленні аб прыродзе магчымых «выбухаў».

У інфармацыйнай службе 61-ай знішчальнай авіябазы, якая месціцца ў Баранавічах, паведамілі, што жыхары маглі пачуць самалёты, якія пераходзяць гукавы бар’ер:

«61-ая знішчальная авіяцыйная база выконвае планавыя палёты. У межах іх правядзення падчас выканання палётнага задання самалёт Су-30СМ пераадолеў звышгукавую хуткасць, што і стварыла гукавы ўдар (суб’ектыўна ён успрымаецца як гром або гук ад выбуху)».

Разам з тым старшыня Берасцейскага гарвыканкаму Аляксандр Рагачук яшчэ ўдзень 16 сакавіка ў сваім акаўнце ў Telegram паведаміў, што на палігоне «Берасцейскі» 16, 17, 18, 23, 24 і 29 сакавіка будуць стрэльбы 111-й артылерыйскай брыгады і 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады.

Улічваючы афіцыйную інфармацыю, варта адразу адасобіць гукі выбухаў каля Берасця і ў іншых раёнах Беларусі.

Паколькі на палігоне «Берасцейскі» сапраўды ў гэтыя дні стралялі з артылерыі, відавочна, што гукі выбухаў мясцовыя жыхары маглі пачуць менавіта адтуль. Тут нават не выклікае здзіўлення позні час выбухаў, бо беларускія артылерысты рэгулярна праводзяць вучэнні і ўначы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

У гэты ж час стрэлы артылерыі каля Берасця ніяк не маглі быць пачутыя ў ваколіцах Баранавічаў, Пінску, Століну ды іншых гарадоў Беларусі, з якіх прыходзілі адпаведныя паведамленні. Гэта задалёка ад палігону «Берасцейскі».

Сітуацыя ў іншых гарадах Беларусі сапраўды можа быць патлумачаная планавымі палётамі 61-й знішчальнай авіябазы ў Баранавічах, а менавіта – палётамі Су-30СМ, які здольны пераходзіць гукавы бар’ер (335 м/с пры нулявой тэмпературы паветра). Самалёт, які рухаецца са звышгукавою хуткасцю, стварае ў навакольным паветры ўдарныя хвалі. Ад праходу асноўнай хвалі гукавога ўдару назіральнік чуе моцны гук, які нагадвае выбух.

Ясна, што ніхто ў 61-й знішчальнай авіябазе не агучыць дакладных маршрутаў палётаў Су-30СМ, таму можна дапусціць, што, акрамя самых Баранавічаў, у ноч на 17 сакавіка яны ляталі і ў ваколіцах Століна, Пінску, Лунінца, Ганцавічаў, Нясвіжу і Клецку. Такія імаверныя палёты Су-30СМ над гэтымі раёнамі і маглі стаць прычынамі пачутых гукаў «выбухаў».

У гэты ж час не варта забывацца, што цяпер працягваецца расейскае ўварванне ва Украіну, з тэрыторыі Беларусі войскі РФ таксама наносяць удары па тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі. У такой сітуацыі яшчэ адною магчымаю прычынаю гукаў «выбухаў» у ваколіцах згаданых гарадоў можа аказацца баявая дзейнасць расейскай арміі. Відавочна, што тыя ж ужо агучаныя Су-30СМ могуць аказацца расейскімі самалётамі, якія вылятаюць на баявыя заданні на тэрыторыю Украіны.

Таксама не варта забывацца, што з часу апошніх беларуска-расейскіх вучэнняў у Беларусі засталіся расейскія аператыўна-тактычныя ракетныя комплексы «Іскандэр», якія цяпер наносяць удары па Украіне. Пра дакладнае месцазнаходжанне гэтых комплексаў у нашай краіне можна толькі здагадвацца, але з ваколіцаў тых жа Баранавічаў яны спакойна могуць наносіць удары па тэрыторыі Украіны (максімальная далёкасць паражэння цэлі складае 500 кіламетраў). Ракеты «Іскандэраў» ляцяць са звышгукавой хуткасцю (2100 м/с), таму іх запуск таксама будзе суправаджацца гукавою хваляй, якая для назіральніка на зямлі будзе гучаць як выбух.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: mil.by

Улічваючы гэтую версію, можна згадаць інфармацыю, што ў ноч на 17 сакавіка ў горад Сарны Ровенскай вобласці (гэта каля 50 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю) прыляцелі тры расейскія ракеты. Геаграфічнае становішча Сарнаў і Баранавічаў дазваляе дапусціць, што траекторыя магчымых запускаў ракетаў з беларускага гораду праходзіць у ваколіцах Ганцавічаў, Пінску, Лунінца, Століна (часткова Нясвіжу і Клецку). Калі «Іскандэры» сапраўды запускалі ракеты з ваколіцаў Баранавічаў, жыхары вышэйзгаданых гарадоў сапраўды маглі пачуць «выбухі». Але такая версія павінна сур’ёзна разглядацца толькі пасля дасканалага вывучэння выбухаў у самых Сарнах.

ВК belsat.eu

Стужка навінаў