Рэпартаж: Кіеў у абцугах і абарона сталіцы ў прадмесцях


Кіеў меліся заваяваць за 48 гадзінаў, з маршу. Расейская армія, пачынаючы сваё хаатычнае ўварванне, планавала захапіць украінскую сталіцу, наступаючы з поўначы ўздоўж берагоў Дняпроўскай затокі. А дыверсійна-выведныя падраздзяленні – на расейскім вайсковым слэнгу ДРГ – былі перакінутыя на цэнтр гораду.

Трэба прызнаць, што расейцы дзеялі надзвычай разумна і без якіх-кольвек затрыманняў, спачатку захапіўшы Чарнобыль і ваколіцы, куды ўвайшлі з тэрыторыі Беларусі. Яны спадзяваліся, што ўкраінская армія не здолее накрыць іх артылерыяй, бо ўдар па саркафагу электрастанцыі або па складах адпрацаванага ядравага паліва скончыцца экалагічнаю катастрофаю сусветнага маштабу.

Злева: Кшыштаф Павідэл і карэспандэнт Сяргей Марчык, які перажыў штурм Васількова. На заднім плане будынак мясцовай Тэрабароны.
Фота: Белсат

Мы пабывалі ў гарадах і вёсках каля Кіева, якія ляжалі на маршруце запланаванага расейскага штурму сталіцы. Першыя былі Грэбінкі, прыблізна за 70 кіламетраў на паўднёвы ўсход ад Кіева. Наваколле гэтага мястэчка акружанае шчыльнаю сеткаю блокпастоў, на якіх дзяжурыць мясцовая Тэрытарыяльная абарона. Гэта мясцовыя сяляне, абы-як апранутыя і гэтак жа ўзброеныя – ад двухстволкі да гранатамётаў «Муха». Яны не маюць бронекамізэлек – цяпер гэта бадай самая дэфіцытны рыштунак.

«Хлопцы, дайце камізэльку, бо мы тут голыя стаім», – просіць адзін з іх.

Іншы дае нам востры як брытва аскепак ад ракеты, якая ўпала на суседнюю вёску. Ваенныя дзеянні адбываюцца некалькі дзясяткаў кіламетраў на поўнач, але і тут б’е расейская артылерыя.

Рэпартаж
Тыл змагаецца! Дарога праз краіну ў агні
2022.03.12 12:05

У цэнтры мястэчка сустракаем начальніка грамады — пасялковага старасту. Спадар Раман далёкі ад бюракратычнай працы чыноўніка мясцовага ўраду. Пад пахай у яго помпавая стрэльба, а на пасе — паляўнічыя патроны. Кажа, на вайне ён не пачатковец, бо ўжо два гады адседзеў на Данбасе. Прадстаўнік мясцовай адміністрацыі расказвае, як арганізаваная праца Тэрытарыяльнай абароны. Яна незалежная ад украінскай арміі. Усё робіцца на месцы, яе чальцы атрымліваюць ад войска толькі зброю. І яны проста ўзгадняюць са штабам магчымыя заданні, напрыклад, у адлове адзінкавых расейскіх салдатаў. Вядома, у грамадзе ёсць штаб, дзе збіраюць харчы, кормяць і пояць добраахвотніцкае войска.

Гісторыі
Перажыў абстрэлы, авіяналёты, крадзеж аўта і дыверсіі. Як працуе журналіст Сяргей Марчык у зоне баявых дзеянняў
2022.03.16 10:00

Са Грэбінкоў накіроўваемся на поўнач, у Васількоў – горад прыблізна за 30 кіламетраў ад Кіева. Ён зведаў беспасярэднюю атаку. На горад упалі некалькі манеўраных ракетаў, накіраваных на мясцовую ваенную базу. Яны трапілі ў жылы дом і тэхнікум. Расейцы таксама накіравалі ў горад дыверсійныя групы, а перамогу хацелі забяспечыць з дапамогаю паветрана-дэсантных войскаў. У горадзе разгарнуліся вулічныя баі, якія скончыліся ліквідацыяй нападнікаў. Хаця, як распавядае карэспандэнт Сяргей Марчык, у сутарэннях дасюль утрымліваюцца некалькі ваеннапалонных – у тым ліку дыверсанты, якія прыехалі ў горад перад нападам, выдаючы сябе за мірных жыхароў.

Тут Тэрабарона працуе на максімальнай хуткасці: у Цэнтры культуры, які адначасова і мясцовы тэатр, ёсць кухня, якая кругладзённа корміць узброеных людзей і мірных жыхароў. За кулісамі, аддзеленымі ад сцэны заслонай, – перавязачны пункт. На падлозе раскладзеныя матрацы, ёсць імправізаваны аперацыйны стол. Мікрафонныя стойкі і вешалкі для адзення выкарыстоўваюцца як падстаўкі для кропельніцаў.

Параненых чакае імправізаваны шпіталь у будынку тэатру.
Фота: Белсат

У цокальным памяшканні пад рухомаю сцэнай арганізаванае сховішча. Ёсць і адмысловая дзіцячая секцыя. У адным з падземных памяшканняў стаяць ложкі, скалочаныя з дошак. Дзеці, ад немаўлятаў да падлеткаў, гуляюцца самі і нават выглядаюць так, быццам добра бавяць час.

Відэа: дзеці ў сховішчы ў Васількове.

«Дзеці тут амаль увесь час, – расказвае адна з дзяжурных маці. – Часам на хвіліну прыходзяць дадому. Яны неяк даюць рады, нашыя падпольныя дзеці».

У суседнім пакоі сядзяць некалькі бабуль. Час ад часу гучыць сірэна паветранай трывогі, і большасць прысутных на першым паверсе пераходзяць у сховішча. Акурат тут, праз размешчаную непадалёк вайсковую базу, папярэджанне пра бомбу не ёсць фармальнасцю.

Hавiны
У Чарнігаве расейскія войскі абстралялі людзей, якія стаялі ў чарзе па хлеб: як мінімум 10 загінулых
2022.03.16 14:35

Мужнасць і баявы дух Тэрабароны непахісныя. Ля ўваходу ў будынак мы сустракаем дзяжурнага 60-гадовага мужчыну з аўтаматам.

Спадар Ян запэўнівае, што не адступіць.
Фота: Белсат

«Мы не здамося: Кіеў за намі», – кажа спадар Ян.

Мужчына перажывае, што родная сястра, якая апынулася ва Уладзівастоку за часоў СССР, прасяклася расейскаю прапагандаю:

«Я ёй патэлефанаваў. Яна кажа, што на Хрэшчатыку [галоўная вуліца Кіева. – Заўв. Belsat.eu] фашысты жыўцом паляць дзяцей. А я ёй кажу, што наш прадзед быў міністрам ва ўрадзе Грушэўскага [гісторык і прэм’ер-міністр Украіны ў 1918 годзе. – Заўв. Belsat.eu]. І ты мне кажаш, што я тут дзяцей жыўцом палю? Нашых, украінскіх? Мы перасталі камунікаваць».

Тым часам мы рухаемся да месца, куды патрапілі расейскія ракеты. Атрыманы пропуск нясем з паднятымі рукамі ў пастарунак пры вайсковай базе. Таксама надзяваем бронекамізэлькі, крыху завялікія. Нам раяць зрабіць на сабе заўважны надпіс «ПРЭСА». Побач з базаю размешчаныя ўкраінскія снайперы, якім даручана зліквідаваць магчымых дыверсантаў.

Дом у Васількове знішчаны расейскаю ракетаю. Расейцы цэлілі па суседняй вайсковай базе.
Фота: Кшыштаф Павідэл / Белсат

Чатырохпавярховы дом страціў усе фасадныя вокны. Аблокі дыму ўсё яшчэ паднімаюцца ссярэдзіны. Сіла выбуху знесла большую частку дзвярэй. Выбухам са сценаў адарвала электрычныя кабелі, якія цяпер вісяць і валяюцца на зямлі. Усярэдзіне пахне паленым, відаць гарэлую і раскіданую мэблю і кухонныя прылады. У адной з кватэраў, дзе месцілася юрыдычная фірма, выбух развярнуў цэлую бібліятэку прававых кодэксаў.

«Гэта быў моцны выбух – у дом трапілі дзве ракеты, – распавядае Сяргей. – У нашым штабе за кіламетр ад нас скаланулася зямля. Мы адразу прыехалі сюды, і аказалася, што расейскія снайперы пачалі страляць па пажарніках. Ім давялося ўцякаць, пакінуўшы ўсю сваю тэхніку. Не было акна, з якога не вырывалася полымя. Мы зайшлі ўнутр, пакрычалі, але ніхто не падаў знакаў жыцця».

Мясцовыя жыхары кажуць, што загінулі два чалавекі, яны проста не паспелі альбо не здолелі выехаць.

«Я сядзеў удома. Выбух быў такі, што я ўпаў і стукнуўся галавою, – распавядае мужчына сталага веку. – Моцныя сталёвыя дзверы вырваныя з завесаў. Усе вокны ў пыл. Дзякаваць Богу, са мной усё ў парадку. Рэшту часу мы правялі ў склепе».

Зруйнаваная расейскаю ракетаю сярэдняя школа ў Васількове.
Фота: Белсат

На адной з бензастанцыяў каля Кіева мы сустракаем святара з Праваслаўнай царквы Украіны. Паверх расы – вайсковая куртка. Размаўляць не вельмі хоча: спяшаецца.

«У войска?» – цікавімся мы. – «Не, у мяне пахаванне», – прызнаецца ён, крыху збянтэжаны тым, што хоць вайна, а нагода даволі прыземленая. Цяпер ён дае духоўнае суцяшэнне вайскоўцам, спавядае іх, падтрымлівае і падбадзёрвае. Пытаем яго, што ён сказаў бы сваім «калегам» з РПЦ. Бо ў шэрагах нападнікаў служыць шмат праваслаўных расейцаў.

«Станьце на шлях праўды. Скажыце сваім салдатам, каб сюды не прыходзілі, нам ад іх дапамогі не трэба. Мы таксама праваслаўныя, і ў нас усё добра. Ці, прынамсі, так было, пакуль яны не прыйшлі сюды».

Праваслаўны святар з прыходу каля Кіевам звяртаецца да расейскіх праваслаўных хрысціянаў з просьбаю пакінуць Украіну ў спакоі.
Фота: Белсат

У цэлым пачатак расейскай атакі праходзіў у дзіўна хаатычнай манеры. Напрыклад, для штурму Кіева на левым беразе першымі былі накіраваныя войскі… АМАПу з сібірскага Кузбасу.

АМАП – падраздзяленне Расгвардыі, прэтарыянцаў Пуціна. Унутраныя войскі выкарыстоўваліся ў асноўным для здушэння антыпуцінскіх выступленняў. Калі браць гістарычныя аналогіі, то гэта такія пуцінскія СС. Толькі генерал Віктар Золатаў, былы ахоўнік расейскага прэзідэнта, які ўзначальваў фармаванне і, відаць, паабяцаў Пуціну, што ягоныя войскі справяцца з заданнем, пралічыўся. Бо гэта былі не загартаваныя ў баях войскі СС, а звычайныя мянты: паліцыя, якая ваявала дасюль хіба што з мірнымі грамадзянамі.

Фота
За 5 дзён – больш за 3,5 тыс. тонаў гуманітарнай дапамогі. Як Украіну падтрымлівае Еўропа
2022.03.11 10:23

Тых, хто нападаў на горад Ірпінь, што трохі далей на поўнач, папросту знішчылі. У інтэрнэце з’явіліся фота таго, што засталося ад кузбаскіх расгвардзейцаў, і запіс тэлефоннай размовы аднаго з іх, які з жахам расказваў жонцы пра пагром. Як бачым, гвардзейцы заплацілі найвышэйшую цану за тое, што іхны галоўнакамандуючы, жадаючы дагадзіць Пуціну, паслаў сваіх хлопцаў на верную смерць. Журналіст «Белсату» Раман Папкоў, які быў у Ірпіні і бачыў рэшткі разбітага падраздзялення, мяркуе, што, магчыма, яны павінны былі выступаць у якасці пацыфікатараў захопленага з маршу Кіева. Не ўдалося.

Аналітыка
Ад гуманітарнай дапамогі да беларускіх атрадаў: як беларусы могуць дапамагчы (і ўжо дапамагаюць) украінцам на вайне
2022.03.04 13:45

Такім чынам, бяспека Кіева залежыць ад гэтых дзясяткаў непрыкметных мястэчак вакол. Некаторыя з іх, напрыклад, Ірпінь, Буча, былі бязлітасна спаленыя агнём расейскай артылерыі, жыхары некалькі дзён не маглі з іх выбрацца. Менавіта на плячах абаронцаў гэтых мястэчак ляжыць частка адказнасці за жыццё іхных суседзяў. Размеркаванне заданняў яснае: армія вядзе контратаку, а Тэрытарыяльная абарона зачышчае тэрыторыю. Сам Кіеў пакуль у бяспецы.

Тэкст: Якуб Бернат. Супраца і фота: Кшыштаф Павідэл / belsat.eu

Стужка навінаў