Расейскі палітолаг Дзмітрый Арэшкін: Пуціну – канец, а Украіна выстаіць


«Белсат» паразмаўляў з расейскім палітолагам Дзмітрыем Арэшкіным пра стратэгію Пуціна, тое, ці разумеюць расяяне наступствы вайны і чаму яшчэ існуюць перакананні ў вялікасці ды магутнасці расейскай арміі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі горад Валнаваха пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

– Як, на ваш погляд, будзе разгортвацца сітуацыя ў гэтай бессэнсоўнай для абсалютнай большасці сусветнай супольнасці вайне? Як будуць прасоўвацца перамовы? Колькі супраціву ўкраінскага народу яшчэ наперадзе?

– Як сказаў Зяленскі, колькі трэба, столькі і будзе. Насамрэч праблема не за сталом перамоваў, а на полі бою. Зразумела, што чым бліжэйшы канец, Пуцін будзе вымушаны даставаць апошнія козыры, бо ў яго іх усё меней, выкарыстоўваць усё больш варварскія метады.

Нарастае жудаснае раздражненне ў вярхах, а ў нізавых вайсковых падраздзяленнях – расчараванне і жах. Маральны дух імкліва падае. Адпаведна, усё большую ролю будзе адыгрываць абстрэл не высокатрапнаю, а ўжо любою дальнабойнаю зброяй ды здзяйсненне знішчальных авіяцыйных налётаў.

Пуцін вымушана дэградуе да стратэгіі «дыванавых бамбаванняў», калі ажыццяўляецца бесперапыннае, інтэнсіўнае, паступовае бомбакіданне на вялікіх плошчах, найперш па паселішчах, каб масавымі авіяналётамі альбо атакамі асобнымі стратэгічнымі бамбавальнікамі цалкам знішчыць абраны раён, асабісты склад супраціўніка і ягоную матэрыяльную частку ажно да суцэльнай дэмаралізацыі. Пакуль, як бачым, дэмаралізуецца збольшага расейская армія, якая апускаецца ў поўны адчай з нестрыманым спажываннем алкаголю, рабаваннем крамаў і асабістых падворкаў мясцовых жыхароў, думкамі пра суіцыд ці хутчэйшымі ўцёкамі на радзіму.

Пуцін ужо не робіць акцэнту на тым, мірнае там насельніцтва ці не, ён уваходзіць у стадыю ментальнага калапсу, вельмі дрэнна ўсведамляючы, што адбываецца ў рэальнасці. Ад таго зрываецца ў стан такога бясконцага халоднага шаленства, калі даводзіцца лічыць, што канец эпапеі можа быць звязаны толькі з поўным знішчэннем Украіны. Яна яго перамагае, а ён гэтага прызнаць не хоча, таму павінен нанесці ёй максімальную шкоду. Гэта логіка варвара і хворага чалавека.

– Але ж, паводле яшчэ нядаўніх апытанняў, расейцы падтрымліваюць усё гэта – ледзь не 80 % шараговых жыхароў краіны.

– Расейскае грамадства такім падаецца толькі дзяржаўнай вярхавіне, вельмі аддаленай ад народу. Але насамрэч гэтае грамадства зусім не аднароднае.

Напрыклад, групы насельніцтва ўзросту да 30 гадоў у большасці сваёй вайну не падтрымліваюць альбо маўчаць, баючыся выказацца. А тыя, хто старэйшы за 60, акурат бачаць у ёй сэнс. Яны глядзяць тэлевізар і вераць таму, што транслюецца. Яны параўноўваюць гэтую вайну з гітлераўскім наступам. І калі ім кажуць пра украфашыстаў, яны ўспрымаюць гэта як праўду. Гэта ўнутраная народнасць так выглядае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі горад Валнаваха пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Але, разам з тым, ёсць яшчэ і агульная дынаміка. Яна, праўда, таксама была на карысць Пуціна недзе са снежня. Людзі ахвотна ўспрымалі гукі баявой трубы, мілітарызму, ім гэта падавалася ўвасабленнем адзінства, сілы, магутнасці, уплывовасці і павагі да Расеі. Але апытанне пра падтрыманне праводзіла пракрамлёўская служба Усерасейскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання. А больш незалежныя і паважаныя эксперты з Левада-Цэнтру (праз што арганізацыю і прызналі замежным агентам) паказваюць іншую карціну. Яны наўпрост не пытаюцца, ці падтрымліваюць людзі вайну, бо, выбачайце, галаву адарвуць за такія цікаўнасці.

Але ёсць афіцыйнае штомесячнае апытанне: ці слушна ідуць справы ў Расеі? Дык вось у снежні мінулага года 47 % лічылі, што справы ў Расеі рухаюцца ў слушным кірунку. У студзені гэтая лічба вырасла да 50 %, у лютым, да пачатку вайны, 52 % лічылі, што ўсё як мае быць. Рост малы, але за два месяцы відавочны. І, канечне, ён звязаны вось з гэтаю мілітарызацыяй грамадскага меркавання, з прапагандаю і гэтак далей.

Але расейцы яшчэ не атрымалі адказу на дзеянні пуцінскай улады, не сутыкнуліся з вынікамі санкцыяў. Яны думаюць, што мы гуртуемся, падымаемся з каленяў. Але, падкрэслю, гэткая сітуацыя трымаецца ў межах 52 % апытаных.

Я думаю, што з сакавіка рух пойдзе ў зваротным кірунку. Проста таму, што ўсцяж існуюць перакананні ў вялікасці і магутнасці расейскай арміі. Як некалі шчыра верылі ў непераможнасць савецкага войска. Памятаеце, існавала ўпэўненасць, што яно за два крокі зруйнуе, падпарадкуе сабе маленькую неразумную Фінляндыю? Той канфлікт, як памятаеце, зацягнуўся больш як на 3 месяцы (савецка-фінская вайна доўжылася з 30 лістапада 1939 года да 13 сакавіка 1940-га). А ў выніку савецкае войска страціла ў 10 разоў болей жывой сілы, чымся Фінляндыя. Захапіць яе так і не ўдалося. Хіба толькі адкусіць кавалак тэрыторыі.

Як і ўсё савецкае, армія тады была слаба арганізаванаю і кіравалася некваліфікаванымі людзьмі. Такая сітуацыя і ў цяперашняй вайне з Украінай. Але людзі, не навучаныя гісторыяй ці забыўшыся пра яе, яшчэ нічога як след не кумекаюць. Яны ўсцяж жывуць у такім віртуальным свеце, дзе ім дэманструюць пераможнае шэсце, паказваюць магутныя танкі. Але пры гэтым у іх узнікае кагнітыўны дысананс: чаму ж не ўзялі Кіева, чаму не ўзялі Харкава ці Дняпра? І вось гэты стан я б назваў кагнітыўным дысанансам. Людзі не разумеюць, што там адбываецца. З аднаго боку, ім кажуць пра перамогі, перамогі, перамогі, а з другога – яны адчуваюць, што руху войскаў няма. Не кажучы ўжо, што Расея ў сваёй абсалютнай большасці проста не ведае пра «грузы 200».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі горад Валнаваха пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

А ўжо найбліжэйшымі тыднямі стане больш адчувальным уздзеянне санкцыйнай палітыкі. Знікнуць лекі, знікнуць звыклыя прадукты, ужо значна ўзняліся кошты, а ў рэгіёнах змятаюць з паліцаў цукар і соль. І вось тут кагнітыўны дысананс, калі яшчэ можна схаваць галаву ў пясок, зменіцца расчараваннем і агрэсіяй.

Ясна, што вініць будуць Амерыку, Еўропу, каго заўгодна, але ўсё больш людзей адчуюць, што іх падманулі. І ўжо трэцяя фаза – гэта недзе бліжэй лета – распачнецца жахлівае асэнсаванне.

Рэч у тым, што гэтак званая мазгадрабнілка настойліва дзеяла 15 апошніх гадоў, сухі астатак у мазгах асеў вельмі трывала. А каб яго хаця б паспрабаваць адтуль выкалупаць, трэба прынамсі некалькі месяцаў. Прычым некалькі месяцаў аб’ектыўнай інфармацыі, якой пакуль на расейскім тэлебачанні і блізка няма. А інтэрнэт глушаць.

Але мы бачым, як моладзь пратэстуе, прычым горача, гэты пратэст, відаць, будзе расці. Але яшчэ больш будуць расці эміграцыйныя змяненні. Таму Расея загнала сябе, я ўжо не кажу пра Украіну (тут усё ясна: злачынная, абсалютна бязглуздая, варварская палітыка) у глухую цемру, з якой няма выйсця. Бо гэта ізаляцыя, пагарда ад усяго свету, гібель некалі выбітнай у культурніцкіх і навуковых дасягненнях дзяржавы.

Ва ўяўленнях Пуціна галоўнае дасягненне яе сённяшняй – гэта ваенная сіла. Вось ён кінуў гэтую армаду на Украіну і прагульвае. Але менавіта толькі ваенныя аргументы гэты чалавек усцяж разумее.

Магчыма, Пуціну ўдалося пераканаць тых, хто пагадзіўся на ўдзел у агрэсіі, што армія расейская непераможная. А жыццё на фронце хутка пераконвае ў іншым, калі вайскоўцы бачаць, што ваеннае кіраўніцтва не можа кампетэнтна спланаваць ваенную аперацыю, калі бачаць, што прасоўвацца не ўдаецца, калі сустракаюць сцяну агню, то ўся прапаганда з мазгоў вычышчаецца. Пачынаецца тое, што называецца падзеннем маральнага духу арміі.

Фэйк пра магутнасць вельмі часта выкарыстоўвалі і ў савецкую эпоху. Так, праўда, што ў Расеі ў 15 разоў больш танкаў і самалётаў. Таму казаць, што яна вычарпала свой рэсурс, я б не стаў. Яна яго ўвесь туды сагнала, але не можа напоўніцу выкарыстаць, у яе лагістычныя праблемы.

Як заўсёды бывае ў часе вайны: неразбярыха, коркі, замяшальніцтва праз тое, што ў гэтым месцы няма паліва, у іншым – тэхнікі, там няма людзей, а тут забыліся забяспечыць падтрыманне з паветра, альбо не здолелі. Гэта адзначае хутчэй, што ваенная аперацыя пераходзіць у новую фазу: людзей у Пуціна больш няма. Ну і што? Ён жа на гэтым не прыпыніцца. Ён будзе заклікаць ахвотнікаў у нейкія прыватныя ваенныя кампаніі, праводзіць негалосную мабілізацыю, хаця сам кажа, што ніколі гэтага не зробіць. Але ўсе ўжо прызвычаіліся, што ён пастаянна хлусіць. Раней казаў, што ніколі не павысіць пенсійнага ўзросту, ніколі не адменіць Канстытуцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі горад Валнаваха пасля абстрэлу. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: Stringer / Белсат

Ён будзе працягваць накачваць армію новымі людзьмі, кампенсаваць страты, а армія будзе працягваць дэградаваць, як, уласна, і ўся расейская эканоміка. Бо Пуцін будаваў менавіта імітацыйную дзяржаву. Увесь жах у тым, што ён верыў, быццам усё гэта функцыянуе. Ён верыў, што ў яго ёсць свая, незалежная ад Захаду, ваенная тэхналогія. Зброя, якая лятае найхутчэй у свеце. Ён проста страціў сувязь з рэальнасцю, акрамя аднаго моманту. Пуцін разумее, што параза для яго – гэта Гаага і канец. Таму ён будзе, сцяўшы зубы, упарта ісці да нейкай сваёй міфічнай перамогі, цялеснага задавальнення ўласнай крыважэрнасці. І канец гэты відавочна блізкі. А Украіна выстаіць!

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў