У аўтамабіль экс-следчага Юшкевіча залезлі невядомыя, пакуль ён быў на допыце ў СК


Стваральнік праекту ByChange Яўген Юшкевіч.
Фота: прыватны архіў

Былы следчы Яўген Юшкевіч заўважыў, што хтосьці пралез у ягоны аўтамабіль, пакуль ён сам быў на допыце ў менскім упраўленні Следчага камітэту, паведамляе «Наша Ніва».

Свой аўтамабіль Яўген Юшкевіч прыпаркаваў недалёка ад будынку ўпраўлення, а сам з адвакатам пайшоў на допыт. Пасля вяртання ён заўважыў, што нехта корпаўся ў ягонай машыне, бо рэгістратар спрацаваў на рухі.

Юшкевіч адзначае, што ні ён, ні ягоны бацька, якому належыць аўтамабіль, не возяць у ёй нічога забароненага, а сам былы следчы кепска ставіцца да забароненых рэчываў і падчас працы ў органах змагаўся з наркатычнымі крамамі. Мужчына спадзяецца, што ў аўтамабілі зашылі не наркотыкі, а праслухоўку.

Яўген Юшкевіч праходзіць падазраваным у межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Яго затрымалі 25 лістапада, а 4 снежня адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў