У Горадні быў затрыманы журналіст Ян Роман. У кватэры Алеся Дзянісава агляд

Сёння ў Горадні затрыманы журналіст Ян Роман, супрацоўнік «Белсату». Яго затрымалі папросту на вуліцы: падышлі і забралі. У кватэры Алеся Дзянісава, яшчэ аднаго нашага калегі, – агляд.

Сын Яна паведаміў, што на гэты момант журналіст застаецца ў Ленінскім РАУС Горадні.

18:13. Журналіста Яна Романа выпусцілі на волю. Паводле апошніх звестак, якія перадае карэспандэнт «Белсату», Яна Романа трымалі ў аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.

17:14. Агляд у кватэры Алеся Дзянісава скончылі. Забралі два ноўтбукі, чатыры мабільных тэлефоны, розныя налепкі. Дачка журналіста Дар’я, якая ў гэты час была ў кватэры, распавяла, што ў міліцыі ў яе пыталі, ці ведае яна гарадзенскіх журналістаў Аляксея Кайрыса і Андрэя Мялешку.

16:09. Міліцыянты зладзілі агляд у кватэры яшчэ аднаго гарадзенскага журналісту «Белсату» – Алеся Дзянісава. Яго самога ў той момант у хаце не было – там знаходзілася толькі ягоная дачка. БАЖ сцвярджае, што агляд звязаны са справаю Яна Романа.

11:55. Дома ў Яна Романа правялі ператрус, вынікам якога стала выманне ноўтбука і тэлефона.

Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіста вінавацяць у фінансаванні пратэстаў. Нібыта ён аплаціў штрафы двум людзям, пакараным за ўдзел у акцыях.

Журналіст Ян Роман. Фота: gomel.today

Раней Яна Романа затрымлівалі 10 жніўня. У той дзень ён прыйшоў да будынку Кастрычніцкага РАУС у Горадні даведацца пра калегу, якога затрымалі на дзень раней. Неўзабаве да РАУС прыехаў АМАП і пачаў усіх разганяць. Ян Роман атрымаў некалькі ўдараў у твар і быў затрыманы.

Пазней журналіст распавёў, што супрацоўнікі АМАПу выбілі яму чатыры зубы, пасля паклалі на зямлю і пачалі збіваць дубінкамі.

Збіты журналіст Ян Роман. Фота: hrodna.life

Акрамя выбітых зубоў яму зламалі нос і костку твару, вакол вока была велізарная гематома.

Пасля суда журналіста аштрафавалі на 15 базавых велічыняў.

У Горадні затрымалі журналіста Дзяніса Івашына. Ён вядомы сваімі расследаваннямі

АД belsat.eu

Hавiны