Суд агучыў вырак архітэктару Вадзіму Дзмітранку, якога моцна збілі сілавікі

Суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў 43-гадовага архітэктара Вадзіма Дзмітранка 3 гадамі «хіміі». Мужчына быў затрыманы байцамі ГУБАЗіКу 15 лістапада падчас акцыі пратэсту на плошчы Пераменаў.

Вадзіма Дзмітранка прызналі вінаватым і асудзілі на 3 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, суддзя пастанавіла вызваліць яго ў зале суда. Вырак вынесла суддзя Таццяна Акавітая. Дзмітранка прызналі вінаватым паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак») Крымінальнага кодэксу.

Вадзім Дзмітранок з сябрамі і блізкімі. Фота: Белсат

Хто такі Вадзім Дзмітранок

Вадзім Дзмітранок – з сям’і архітэктараў і ўсё жыццё прысвяціў гэтай справе. Ён скончыў архітэктурны факультэт БНТУ, праходзіў практыку ў знакамітага беларускага архітэктара Міхаіла Вінаградава.

Паводле жонкі Вольгі, Вадзім Дзмітранок удзельнічаў у шэрагу важных архітэктурных праектаў па рэканструкцыі гістарычных мемарыялаў і будынкаў.

«Доўгі час ён працаваў у творчай майстэрні свайго бацькі, а потым працягнуў дзейнасць як індывідуальны прадпрымальнік. Спрабаваў прасоўваць цікавыя праекты. Напрыклад, я ведаю, што ён вельмі хацеў паставіць у Менску «Крылатага гусара» («крылатыя гусары» – кавалерыя часоў Рэчы Паспалітай. – Заўв. belsat.eu), але дырэктар Інстытуту гісторыі забараняў, матывуючы тым, што не разумее, якое гэта мае дачыненне да гісторыі Беларусі. Ён вельмі любіць гісторыю, любіць Беларусь, шмат падарожнічаў па краіне», – распавяла жанчына belsat.eu.

Вольга і Вадзім даўно ў шлюбе, у іх дзве дачкі – 11 і 4 гадоў.

Жонка Вадзіма Дзмітранка Вольга. Фота АК / Белсат

Летась Дзмітранок запісаўся ў ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі, збіраў подпісы за ягонае вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва. Пазней мужчына ўвайшоў у пашыраны склад Каардынацыйнай рады.

«Кроў з твару выціралі бел-чырвона-белым сцягам»

Вадзім Дзмітранок 15 лістапада браў удзел у акцыі памяці Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў, быў затрыманы і жорстка збіты на вуліцы Чарвякова. «Мяне паставілі на калені, тварам да фасаду будынку», – распавядаў ён на судзе.

Жорсткае затрыманне Вадзіма Дзмітранка. Скрыншот відэа БТ

На наступны дзень тэлеканал «Беларусь 1» паказаў прапагандысцкі сюжэт «На мірны пратэст з нямірным арсеналам», дзе сцвярджалася, што ў заплечніку архітэктара знайшлі дымавую шашку, страйкбольныя петарды, рагатку, металічныя шарыкі ды самаробны дручок. На кадрах БТ відаць, што на твары Дзмітранка кроў.

«Былі ўдары па ўсім целе, распылілі ў твар пярцовы газ, калі мае рукі былі звязаныя сцяжкаю», – распавядаў на судзе мужчына. Паводле яго, «кроў з твару выціралі бел-чырвона-белым сцягам». На судовым працэсе стала вядома, што затрымлівалі Дзмітранка аператыўнікі ГУБАЗіКу.

На кадрах допыту ў РУУС адразу пасля затрымання Дзмітранок тлумачыць, што прыехаў на плошчу Пераменаў, каб падтрымаць пратэстоўцаў, і цяпер «раскайваецца». На судзе гэтыя словы ў РУУС Дзмітранок патлумачыў тым, што сілавікі аказвалі на яго маральны ціск і абяцалі, што калі ён скажа тое, што ім трэба, то на яго складуць толькі адміністратыўны пратакол. Да таго ж мужчына вельмі кепска пачуваўся.

Вадзім Дзмітранок пасля затрымання. Скрыншот БТ

«У РУУС я не мог стаяць на нагах, падпісваць нейкіх дакументаў. Проста хацеў, каб гэта скончылася. Я адчуваў жудасны боль, галавакружэнне, я не мог нічога бачыць пасля выкарыстання газавага балончыка», – адзначаў ён на судзе.

Увечары 15 лістапада ў РУУС выклікалі хуткую дапамогу, мужчыну шпіталізавалі. У яго была чэрапна-мазгавая траўма, шматлікія гематомы, сінякі, разбіты твар і пашкоджаная нырка. У лякарні Вадзім заставаўся да 20 лістапада, пасля чаго яго адвезлі на Акрэсціна, а яшчэ праз некалькі дзён этапавалі ў жодзінскую турму.

«Я падыходзіла да доктара, запытала: чаму вы яго аддалі? Бо з ЧМТ сем дзён мінімум чалавек мусіць ляжаць на стацыянары, а тут і пяці дзён не прайшло. На гэта доктар адказаў: «Ну, вы ж ведаеце, як на нас ціснуць. Мы тут нічога не вырашаем», – успамінае жонка Вольга.

Жонка Вадзіма Дзмітранка Вольга. Фота: АК / Белсат

«Стан здароўя Вадзіма цяпер палепшыўся. Аднак дагэтуль турбуюць болі ў грудзях. І зрок не да канца аднавіўся, ён пастаянна просіць перадаваць кроплі ды вітаміны для вачэй. Вадзім мяркуе, гэта таму, што вельмі моцна распылілі газ падчас затрымання. Але гэта можа быць і наступства ЧМТ», тлумачыць яна.

Як кажа Вольга, мяркуючы з турэмных лістоў, Вадзім захоўвае бадзёры настрой, не адчайваецца.

Віны не прызнаў, частку абвінавачанняў знялі

Суд над архітэктарам Вадзімам Дзмітранком. Яму пагражае да 8 гадоў турмы. Фота: Белсат

Дзмітранку было выстаўленае абвінавачванне адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 2 арт. 296 – «Незаконны выраб або збыт халоднай зброі»;
  • ч. 1 арт. 342 – «Арганізацыя групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак»;
  • ч. 2 арт. 293 – «Удзел у масавых закалотах».

Абарона Дзмітранка сцвярджае, што архітэктар не вырабляў дручок, а шашкі і петарды, знойдзеныя ў ягоным заплечніку, набываліся для гульняў у страйкбол, якім даўно захапляецца падсудны. Да таго ж ён ніяк не выкарыстоўваў гэтых прадметаў на плошчы Пераменаў, нават калі байцы ГУБАЗіку атакавалі мірных пратэстоўцаў пры дапамозе святлошумавых гранатаў.

Пракурор у справе Вадзіма Дзмітранка. Фота: Белсат

У выніку прадстаўнік пракуратуры пагадзіўся зняць з Дзмітранка абвінавачанне паводле двух крымінальных артыкулаў: 296 («Незаконныя выраб або збыт халоднай зброі») і 293 («Удзел у масавых закалотах»). Такім чынам, засталося толькі абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Дзмітранок сваёй віны не прызнаў. У апошнім слове ён адзначыў, што 15 лістапада людзі сабраліся на плошчы Пераменаў, каб ушанаваць памяць Рамана Бандарэнкі і не парушалі закону. Удзел у той акцыі архітэктар лічыў сваім грамадзянскім абавязкам.

Ад штрафаў і содняў да 8 гадоў турмы. Як улады караюць за справу Рамана Бандарэнкі

ІІ belsat.eu

Hавiны