Рэдакцыя KYKY, якая працуе ў выгнанні, прапануе крэатыўны мэрч і просіць аб падтрымцы


Беларускае інтэрнэт-выданне KYKY, дамены якога ўлады блакавалі не менш за восем разоў, запусціла акаўнт на Patreon. Цяпер вы можаце атрымаць бонусы і класны мэрч – і тым самым падтрымаць каманду.

Частка рэдакцыі КУКУ вымушаная сёння працаваць з-за мяжы, а сузаснавальнік Аляксандр Васілевіч арыштаваны

«Да лета 2020-га мы пісалі пра ўсё, што хвалюе беларусаў – пра прадпрымальнікаў, кандыдатаў у прэзідэнты, каронакрызіс і культуру. А потым у краіне здарылася 9 жніўня 2020 – і лайфстайл крута змяніўся. Зараз наша жыццё – гэта дваровыя маршы, ператрусы, затрыманні, ізалятары, крыміналкі і суды. І сайт KYKY адлюстроўвае гэтую рэальнасць у поўнай меры.

Жыццё самой рэдакцыі змянілася не менш крута: наша каманда з канца жніўня знаходзіцца не ў Беларусі. Наш сузаснавальнік Саша Васілевіч увесь гэта час у турме. За што ён там – ніхто не ведае, але тым, хто яго там трымае, прычыны даўно не патрэбныя. Не патрэбныя ім і медыі. Таму наш сайт заблакаваны, а рахункі – арыштаваныя. Але мы поўныя сіл і працягваем працаваць ва ўсю моц», – тлумачаць у рэдакцыі прычыну выхаду на Patreon.

Мэрч ад рэдакцыі КУКУ

Patreon – краўдфандынгавая пляцоўка. І працуе яна максімальна проста, як онлайн-крама: трэба зайсці, выбраць упадабаны лот і аформіць падпіску. За гэта вы атрымаеце бенефіты або прадукты, прадугледжаныя гэтым лотам.

Сярод лотаў ад KYKY – мэрч з дызайнам ад таленавітых беларусаў. Прынт на майках – праца легендарнага Уладзіміра Цэслера, шопер аформлены артам Базыля Стахіевіча, скульптура якога стала фішкай менскай Кастрычніцкай. Постар – праца неверагоднай Караліны Паляковай, а стыкер зроблены на аснове працаў Антона Snt. Такім чынам, купляючы лоты, вы зможаце і падтрымаць рэдакцыю, і прыкупіць сабе рэч, з (або ў) якой прыемна выйсці на шпацыр у выходныя.

Мэрч ад рэдакцыі КУКУ

І гэта не ўсё: лоты падзеленыя па ступені неверагоднасці, і за куплю кожнага з іх вы таксама атрымаеце індывідуальныя бонусы. Можна атрымаць мэрч, вашае імя або нік можа з’явіцца на сайце KYKY у Радзе патронаў (данатараў), вас могуць дадаць у чат з рэдакцыяй, вы зможаце мець зносіны з журналістамі, прапаноўваць і абмяркоўваць тэмы для KYKY і нават удзельнічаць у планёрках рэдакцыі.

AB/ІР, belsat.eu

Стужка навінаў