Пры вяртанні ў Беларусь затрыманы бізнесовец Юрый Чыж


Як стала вядома «Нашай Ніве», бізнесовец Юрый Чыж быў затрыманы ўвечары 15 сакавіка. Напярэдадні ён правёў некалькі дзён у Маскве і быў затрыманы па вяртанні.

Сваякі Юрыя Чыжа пацвердзілі факт ягонага затрымання.

Паведамляецца, што разам з Чыжом былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаніяў, якія засталіся ў бізнесмена пасля разгрому ягонай імперыі.

Прэтэнзіі ўзніклі да топ-менеджменту «Кварцкрэйдапрам» – прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдаю бярозаўскі завод вырабу будматэрыялаў, які таксама належыць Чыжу.

Таксама ёсць звесткі пра затрыманне кагосьці з кіраўнікоў «Данпрад» – прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год. Крыніца: president.gov.by

Таксама з праверкай прыйшлі і ў «НафтаХімТрэйдынг» – адзін з апошніх бізнесаў Чыжа, які працягваў паспяхова працаваць. У сеткі з 11 заправак, тры з якіх у Менску, месяц таму забралі ліцэнзію на продаж паліва.

Сэнс гэтай справы перагукаецца з ранейшай крымінальнай справаю супраць Чыжа ў 2016-м – калі яго затрымлівалі паводле падазрэння ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў страты.

Станам на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнес-партнёрам, якія спаганялі з Юрыя Чыжа пазыкі праз суд. Але Чыж па абавязальніцтвах нібыта не плаціў, хоць некаторыя ягоныя бізнес-праекты прыносілі грошы.

Шчыра кажучы
Горад сонца: як прыбліжаныя да Лукашэнкі бізнесоўцы мяняюць ландшафт сталіцы
2021.02.24 18:30

Справы Юрыя Чыжа за апошнія гады моцна пагоршалі, у рэйтынгу ўплывовых бізнесоўцаў ён скаціўся на 88-е месца, хоць у канцы 2000-х ачольваў спіс.

АД belsat.eu

Стужка навінаў