Франак Вячорка: Калі Лукашэнка не пойдзе на перамовы, пойдуць іншыя людзі з сістэмы, якія хочуць пераменаў да лепшага


Якую ролю маюць санкцыі ЗША ў дачыннені да рэжыму Лукашэнкі, якім будзе дыялог з уладамі і што плануе офіс Ціханоўскай на Дзень Волі, у інтэрв’ю «Студыі» «Белсату» распавёў Франак Вячорка, дарадца лідаркі беларускай апазіцыі, падводзячы вынікі выступу Святланы Ціханоўскай у Кангрэсе ЗША.

Франак Вячорка ў эфіры Белсат. Скрыншот

Пра беларускае пытанне

Той маштаб рэпрэсіяў, які сёння адбываецца, ён падняў беларускае пытанне на неймаверны ўзровень у ЗША.

Не думаю, што гэта [Кангрэс ЗША] найвышэйшы ўзровень, на якім Ціханоўская будзе выступаць. Мы ўсё яшчэ рыхтуем візіт Ціханоўскай у Вашынгтон, спадзяемся на сустрэчу на самым высокім узроўні, у тым ліку ў Белым доме. Гэта адбудзецца, калі ЗША знімуць абмежаванні на замежныя прыезды ў ЗША [у сувязі з каронавірусам].

Нам вельмі важна, каб беларускае пытанне было першым у парадку дня. І мы кажам, што для адміністрацыі Байдэна беларуская справа можа стаць пераможнай, бо мы на паўдарозе да перамогі, і нам трэба міжнародная падтрымка, каб давесці гэту справу да канца.

Пра санкцыі

Санкцыі – не панацэя. Яны не зробяць у Беларусі рэвалюцыю, не вырашаць нашыя праблемы за нас. Але санкцыі моцна бʼюць па Лукашэнку, па крыніцах ягонай жывучасці. Таму што акрамя фінансаў і гвалту ў Лукашэнкі нічога асаблівага не засталося. Ды і тыя фінансы хутка сканчаюцца. Калі адсекчы ад Лукашэнкі гэтыя донарскія грошы, грошы з міжнародных фондаў, з Кітаю, з Расеі, гандлёвыя прыбыткі, то ў яго не будзе чым плаціць сілавікам. І сектаральныя санкцыі, якія былі ўведзены ЗША пасля выбараў 2006 года, 2010 года, яны дапамагалі вызваляць палітвязняў.

Таму гэтыя санкцыі павінны быць уведзены неадкладна. Яны не вырашаць усіх праблемаў, але яны наблізяць нас да вызвалення палітвязняў і да новых выбараў.

Ну і паралельна з гэтым трэба аказваць падтрымку тым, хто працягвае змаганне ў Беларусі, тым, хто распавядае пра сітуацыю – незалежным медыям, групам актывістаў, мясцовым супольнасцям, дварам, усім тым, хто працягвае барацьбу.

Пра дыялог

Дыялог непазбежны. Перамовы – гэта адзіны спосаб мірнага вырашэння крызісу.

Мы лічым, што праз перамовы мы можам прыйсці да новых выбараў.

Але Лукашэнка не хоча перамоваў, не хоча дыялогу, ён хаваецца ў сваім бункеры, ён не прызнае Каардынацыйную раду, не заўважае Святлану Ціханоўскую, а мы праз пратэсты, праз унутраны і міжнародны ціск дабіваемся ад яго, каб ён на гэтыя перамовы пайшоў.

Калі ён не гатовы будзе ісці на перамовы, пойдуць іншыя людзі, якія ёсць у рэжыме, якія працуюць у сістэме, якія хочуць пераменаў да лепшага. І я бачу, што, хутчэй за ўсё, менавіта па гэтым сцэнары і пойдзе дыялог.

Людзі ў сілавым блоку, чыноўнікі, якім абрыд Лукашэнка гэтаксама, як і нам, яны пойдуць на размовы, магчыма, двухбаковыя, магчыма, шматбаковыя перамовы з Ціханоўскай наконт таго, як правесці выбары і як вывесці краіну з крызісу.

Пра выказванне прадстаўніка Беларусі ў ААН Юрыя Амбразевіча, што палітзняволеных у краіне няма, а скаргі на дзеянні сілавікоў – неабгрунтаваныя

Гэты рэжым пабудаваны на хлусні. Лукашэнка – гэта бацька хлусні. Уся сістэма, увесь рэжым, які ён ствараў 26 гадоў, будуецца на маніпуляцыі, на няпраўдзе, на спекуляцыях.

Тыя словы, якія мы пачулі ад Амбразевіча, мы раней чулі ад Савіных падчас перамоваў на платформе парламенцкай асамблеі АБСЕ. Калі Святлана Ціханоўская распавяла пра катаванні на Акрэсціна, Савіных, прадстаўнік лукашэнкаўскага парламента, казаў, што людзі самі сябе білі, сінякі малявалі і нападалі на супрацоўнікаў міліцыі.

Гэта іхны наратыў, гэта іхная версія, але, здаецца, у свеце не засталося людзей, якія вераць у лукашэнкаўскую хлусню.

Пра ролю ЗША ў пераменах

Самае важнае, каб перамены ў Беларусі адбыліся найхутчэй, з найменшымі стратамі. Мы ўсе разумеем, што пасля сыходу Лукашэнкі будзе цяжкі час аднаўлення эканомікі, палітычнай сістэмы, будавання дзяржаўных інстытутаў, і тады нам будзе вельмі важная макрадапамога ад міжнародных структураў, МВФ, Сусветнага Банку, ЗША і ЕЗ, каб стаць на ногі. Патрэбныя будуць укладанні ў сацыяльную сферу, у сферу адукацыі – гэта ўсё дорага, думаць пра гэта трэба ўжо цяпер. Трэба паказаць беларусам, якія змагаюцца за свабоду, выходзяць на вуліцы, што іхнае змаганне не дарма. І калі Лукашэнка сыдзе, у нас будуць саюзнікі, сябры па ўсім свеце, якія дапамогуць прайсці пераходны перыяд як мага хутка, з найменшымі стратамі.

Мы паказваем таксама, што Беларусь можа даць свету, што Беларусь можа быць надзейным партнёрам, у нас такія моцныя IT-спецыялісты, у нас такі моцны прамысловы сектар – каб нас разглядалі як партнёраў у будучыні. Таму падтрымка дэмакратыі ў Беларусі – гэта не толькі дабрачыннасць, гэта інвестыцыя ў добрага партнёра, які будзе надзейным саюзнікам для замежных дзяржаваў.

Пра планы на Дзень Волі

Офісам Святланы Ціханоўскай мы рыхтуем форум Каліноўскага з удзелам міжнародных лідараў, лідараў розных дзяржаваў – ЗША, ЕЗ, таксама мы рыхтуем шэраг мерапрыемстваў па ўсім свеце і таксама камунікуем з рознымі групамі актывістаў, двароў, ініцыятываў у самой Беларусі. І я спадзяюся, што ў бліжэйшыя дні мы падтрымаем любыя ініцыятывы, якія паўстануць, якія будуць агучаныя.

Але не мы арганізоўваем акцыі. Усё ж такі акцыі ў Беларусі арганізоўваюць самі людзі, а наша задача – падтрымліваць, дапамагаць, спрыяць, каардынаваць актыўнасці, добрыя яркія ідэі тых, хто працягвае змаганне ў Беларусі.

AB, belsat.eu

Стужка навінаў