221-ы дзень пратэстаў. Затрыманне Чыжа, ператрусы ў журналістаў, падпісанты Ціханоўскай


Беларускія паслявыбарчыя пратэсты працягваюцца ўжо 221 дзень. Улады працягваюць ціск на пратэстоўцаў і журналістаў, а Дзень Волі набліжаецца.

Чыжа зноў затрымалі

Лукашэнка ўзнагароджвае Чыжа, 2013 год.
Фота: president.gov.by

Як стала вядома «Нашай Ніве», бізнесовец Юрый Чыж быў затрыманы ўвечары 15 сакавіка. Напярэдадні ён правёў некалькі дзён у Маскве і быў затрыманы па вяртанні.

Сваякі Юрыя Чыжа пацвердзілі факт ягонага затрымання.

Разам з Чыжом нібыта былі затрыманыя кіраўнікі некалькіх кампаніяў, якія засталіся ў бізнесмена пасля разгрому ягонай імперыі.

Прэтэнзіі ўзніклі да топ-менеджменту «Кварцкрэйдапрам» – прадпрыемства ў Маларыцкім раёне, якое забяспечвала крэйдаю бярозаўскі завод вырабу будматэрыялаў, які таксама належыць Чыжу.

Таксама ёсць звесткі пра затрыманне кагосьці з кіраўнікоў «Данпрад» – прадпрыемства на Валожыншчыне, якое вырабляла свініну.

Сэнс гэтай справы перагукаецца з ранейшай крымінальнай справаю супраць Чыжа ў 2016-м – калі яго затрымлівалі паводле падазрэння ва ўхіленні ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры. Тады справа да суда не дайшла, бо Чыж прызнаў віну і кампенсаваў страты.

Станам на 2021 год ён нібыта заставаўся вінны і дзяржаве, і бізнес-партнёрам, якія спаганялі з Юрыя Чыжа пазыкі праз суд. Але Чыж па абавязальніцтвах нібыта не плаціў, хоць некаторыя ягоныя бізнес-праекты прыносілі грошы.

У гарадзенскіх журналістаў зладзілі агляды і ператрусы

Ян Роман.
Фота: Васіль Малчанаў / Белсат

Сёння ў Горадні быў затрыманы журналіст Ян Роман, супрацоўнік «Белсату». Каля 18:00 нашага калегу адпусцілі на волю. Яго трымалі ў аддзеле па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю.

Дома ў Яна Романа правялі ператрус, вынікам якога стала выманне ноўтбука і тэлефона.

Паводле папярэдняй інфармацыі, журналіста вінавацяць у фінансаванні пратэстаў. Нібыта ён аплаціў штрафы двум людзям, пакараным за ўдзел у акцыях.

Міліцыянты зладзілі агляд у кватэры яшчэ аднаго гарадзенскага журналісту «Белсату» – Алеся Дзянісава. Яго самога ў той момант у хаце не было – там знаходзілася толькі ягоная дачка. БАЖ сцвярджае, што агляд звязаны са справаю Яна Романа.

У Алеся Дзянісава забралі два ноўтбукі, чатыры мабільных тэлефоны, розныя налепкі. Дачка журналіста Дар’я, якая ў гэты час была ў кватэры, распавяла, што ў міліцыі ў яе пыталі, ці ведае яна гарадзенскіх журналістаў Аляксея Кайрыса і Андрэя Мялешку.

СК выклікаў на допыт нябожчыцу, а заводзіць крымінальную справу за смерць пратэстоўца не будзе

Следчы камітэт скончыў праверку, якую пачалі пасля смерці 28-гадовага маладзечанца Мікіты Крыўцова, піша агенцтва «Минск-Новости». Крымінальную справу не распачнуць, бо нябожчык нібыта скончыў жыццё самагубствам.

СК сцвярджае, што сляды барацьбы і валачэння на месцы, дзе знайшлі цела Мікіты Крыўцова, адсутнічаюць. Акрамя таго, апублікавалі відэа, на якім хлопец 12 жніўня быццам бы сам ідзе недалёка ад лесу, дзе пасля знайшлі ягонае цела.

Таксама адзначаюць, што Крыўцоў знаходзіўся ў стане эмацыйнай напружанасці, бо яны з жонкай вырашылі скасаваць шлюб. Праз гэта ён нібыта і павесіўся.

Мікіта Крыўцоў знік 12 жніўня, якраз у перыяд актыўных паслявыбарчых пратэстаў. За тры дні да таго хлопец удзельнічаў у мітынгу ў Маладзечне. 22 жніўня ягонае цела знайшлі ў лесе ў Менску.

Hавiны
СК скончыў праверку па факце смерці Мікіты Крыўцова. Крымінальнай справы не будзе
2021.03.17 19:11

А ў Берасці на допыт у Следчы камітэт выклікалі нябожчыцу. Марына Сіліч памерла летась у ноч з 2 на 3 лістапада, але 19 сакавіка мусіць нейкім чынам прыйсці на допыт у якасці сведкі да следчага А. Ю. Юркевіча. Ейны сын Ілля Сіліч 20 верасня ўдзельнічаў у пратэставай акцыі ў Берасці. Тады сілавікі затрымалі яго і моцна збілі, а пасля і завялі крымінальную справу. Хлопец быў вымушаны з’ехаць за мяжу, але працягвае прытрымлівацца актыўнай грамадзянскай пазіцыі: ён удзельнік платформы «Сход».

Hавiны
Памерлую жанчыну выклікалі на допыт у СК. Ейны сын – фігурант крымінальнай справы
2021.03.17 19:41

А ў менскім упраўленні СК дапытвалі былога следчага Яўгена Юшкевіча, на якога заведзеная крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя або рыхтаванне дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх»). Свой аўтамабіль мужчына прыпаркаваў недалёка ад будынку ўпраўлення, а сам з адвакатам пайшоў на допыт. Пасля вяртання ён заўважыў, што нехта корпаўся ў ягонай машыне, бо рэгістратар спрацаваў на рухі. Экс-праваахоўнік спадзяецца, што ў аўтамабілі зашылі не наркотыкі, а праслухоўку.

Hавiны
У аўтамабіль экс-следчага Юшкевіча залезлі невядомыя, пакуль ён быў на допыце ў СК
2021.03.17 15:50

Улады дадалі падпісантаў Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская.
Фота: tsikhanouskaya / telegram

Былая кандыдатка на прэзідэнцкую пасаду Святлана Ціханоўская сёння выступіла ў Кангрэсе ЗША. Асноўнае пытанне ад кангрэсменаў – якія канкрэтныя крокі могуць зрабіць Злучаныя Штаты, а таксама Еўразвяз. Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што толькі дапамогі праваабарончым, недзяржаўным арганізацыям, а таксама распаўсюду інфармацыі недастаткова. І заклікала пашыраць «чорныя спісы» на суддзяў, афіцэраў спецслужбаў, чыноўнікаў з Міністэрства адукацыі, і на актывы прыдворных алігархаў Лукашэнкі.

Аб’ектыў
Святлана Ціханоўская выступіла ў Кангрэсе ЗША
2021.03.17 22:17

Тым часам весці перамовы з Ціханоўскай беларускія ўлады не збіраюцца – пра гэта сёння казаў прадстаўнік Беларусі пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч. І аргумент у яго даволі цікавы.

«Паглядзіце, што сабой уяўляе Святлана Ціханоўская. Паглядзіце ў інтэрнэце, колькі ў яе падпісантаў у сацыяльных сетках. Гэта лічба ніколі не перавышала 100 000 чалавек. Гэтым усё сказана», – лічыць Амбразевіч.

Пасля гэтай рэплікі колькасць падпісантаў у акаунтах Ціханоўскай пачала павялічвацца: у Instagram з 169 000 – да 181, у Telegram з 99,5 тысяч – да 115. А былая кандыдатка ў прэзідэнты анансавала нейкую заяву, дзеля якой працавала 7 месяцаў.

ЯП belsat.eu

Стужка навінаў