Як спецслужбы сочаць за людзьмі? Распавядае генерал-маёр СБУ


Былы намеснік начальніка Службы бяспекі Украіны Віктар Ягун распавёў «Белсату», як спецслужбы сочаць за людзьмі.

«Чалавек, прафесійна не падрыхтаваны, не даведаецца, што за ім візуальна назіраюць»

– Як можна распазнаць вонкавае назіранне?

– Калі пастаўленая задача прасачыць за асобаю, то, як правіла, гэта робіцца такім чынам, што чалавек, прафесійна не падрыхтаваны, ніяк не даведаецца, што за ім візуальна назіраюць. Чаму? Бо гэта робіцца з дыстанцыі, некалькімі брыгадамі. Як правіла, брыгады забяспечваюцца аўтамабільным транспартам. Брыгады рознабаковыя: там можа быць і жанчына, і чалавек, які выглядае, як падлетак, і чалавек, які выглядае пажылым. Ёсць вельмі шмат прафесійных момантаў, калі яны проста на хадзе могуць памяняць вопратку. Гэта значыць, там ёсць курткі, якія з аднаго боку чырвоныя, з другога сінія. Ёсць і нейкія элементы не толькі адзення, але і грыму. Цяпер яшчэ і вельмі шмат тэхнічных магчымасцяў праводзіць сачэнне без удзелу людзей, выкарыстоўваючы камеры вонкавага назірання. Іншая рэч, калі чалавек адчувае, што за ім хтосьці ідзе, ён бачыць, што гэты чалавек, напрыклад, час ад часу трапляецца на ягоным шляху. Гэта, як правіла, робіцца для псіхалагічнага ціску, каб справакаваць асобу на нейкія дзеянні, каб яна пачала нервавацца, рабіць памылкі. Гэта зусім іншая тактыка. Ёсць такі метад у праваахоўных органах, каб давесці чалавека да кандыцыі і потым на чымсьці падлавіць. Гэта фактычна адзін з метадаў шантажу і запалохвання.

Былы намеснік начальніка Службы бяспекі Украіны Віктар Ягун.
Фота: Дар’я Давідзенка / Апостроф

– Якія новыя тэхнічныя сродкі выкарыстоўваюцца для сачэння?

– Усё, што выкарыстоўваецца ў цывільным грамадстве, выкарыстоўваецца і спецслужбамі. І дроны выкарыстоўваюцца, і GPS-трэкеры ў машыну могуць устаўляць. Гэта значыць, што не трэба за машынаю ставіць хвост, як калісьці было ў савецкі час, каб адсачыць аўтамабіль дыпламата замежнай краіны. Цяпер ставяць GPS-трэкеры. Выкарыстоўваецца і фотатэхніка, і накіраваныя мікрафоны адчувальныя, і прыборы начнога бачання. І, вядома, той жа тэлефон або любы гэджэт, які ёсць у кішэні. Калі ён трапіў у рукі спецслужбаў, то даслоўна за паўгадзіны туды могуць усталяваць спецыяльнае праграмнае забеспячэнне.

– А хто наагул займаецца сачэннем?

– Ва Украіне ў савецкі час, як і цяпер, гэта было падраздзяленне, якое ўваходзіла ў склад контрвыведкі асобнага дэпартаменту. У нас ва Украіне гэта называецца Дэпартамент аператыўнага дакументавання. Ён мае тры складнікі. Падраздзяленне, якое сапраўды займаецца фіксацыяй і візуальным назіраннем за абʼектамі. Падраздзяленне, якое праводзіць аператыўнае высвятленне (апытвае суседзяў пад выглядам якіх-небудзь паштальёнаў, апытвае асяроддзе гэтага чалавека, правярае, хто жыве вакол яго і г. д.). І трэцяе падраздзяленне займаецца тэхнічнымі пытаннямі: забяспечвае два першыя падраздзяленні тэхнічнымі навінкамі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працоўная паездка Уладзіміра Зяленскага ў Харкаўскую і Данецкую вобласці. 6 снежня 2021 года.
Фота: president.gov.ua

– А хто сочыць за сілавікамі?

– Ёсць падраздзяленне ў Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі, як і ў ФСБ, як і ў Службе бяспекі Украіны, якое адсочвае карупцыйныя схемы або займаецца контрвыведкаю. Гэта датычыць вайскоўцаў. Што да сілавых структураў, гэта можа быць падраздзяленне тэрытарыяльнай контрвыведкі або падраздзяленне, якое адказвае за барацьбу з карупцыяй. Бо, як правіла, у сілавых структурах не столькі праблема з перадачай інфармацыі выведным падраздзяленнем праціўніка, колькі праца з карупцыйнымі схемамі і кантакты са злачынным светам. Таму падраздзяленні, якія змагаюцца з карупцыяй, як правіла, і забяспечваюць поўны кантроль за сілавікамі: маецца на ўвазе і праслухоўванне, і дакументаванне перасоўвання. Усё гэта ў межах дакументавання магчымай злачыннай дзейнасці прадстаўніка сілавых структураў.

– Як доўга захоўваюцца звесткі, сабраныя падчас сачэння і праслухоўвання?

– Што датычыць тэлефонных размоваў, нейкіх дакументаў пра перамяшчэнне чалавека, – гэта велізарны абʼём інфармацыі, і ўсё гэта захоўваць на нейкіх серверах вельмі дорага. Звычайна гэта захоўваецца не больш за два ці тры месяцы. Таталітарныя дзяржавы спрабуюць кантраляваць усё. Таму яны аператараў мабільнай сувязі, правайдараў прымушаюць захоўваць інфармацыю паўгода ці год.

Артыкулы
«Люблю прыехаць на плошчу Пераменаў. І там пастаянна бусікі». Стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі пра жыццё пад наглядам
2022.02.17 12:19

АМ belsat.eu

Стужка навінаў